Змiтрок на лецiшчы

Быў дзень святы. Яшчэ ад рання Змiтрок вырашыў зрабiць агледзiны свайго лецiшча i пацiху кiравацца ў горад. Нехта можа ўсмiхнуцца: якiя там клопаты i агледзiны на пяцi сотках... Выйшаў на ганак – i ўсё вiдаць. Э, не скажыце. У Змiтрака была не зусiм звычайная дача...

Сапраўдны рай 

Быў дзень святы. Яшчэ ад рання Змiтрок вырашыў зрабiць агледзiны свайго лецiшча i пацiху кiравацца ў горад. Нехта можа ўсмiхнуцца: якiя там клопаты i агледзiны на пяцi сотках... Выйшаў на ганак – i ўсё вiдаць. Э, не скажыце. У Змiтрака была не зусiм звычайная дача. У далёкiя ўжо дзевяностыя гады, калi ў краiне пачаўся сапраўдны зямельна-дачны бум, ён таксама вырашыў займець за горадам уласны куточак. Больш спрытныя сябры, саслужыўцы ды проста знаёмыя бралi сабе ўчасткi як мага блiжэй да сталiцы. Яно i зразумела. Асабiстых машын тады бракавала, i найлепшым кавалкам зямлi лiчыўся той, у накiрунку якога мелася чыгуначная пуцявiна цi той жа прыгарадны аўтобус. I вось гэтыя, здаецца, прывабныя абставiны заставiлi хлопца задумацца. А навошта яму патрэбны менавiта такiя соткi? Ён не аднойчы дапамагаў сябрам узводзiць будынкi на дачах. Якi ўжо ён будаўнiк – справа iншая, але ж трохi вопыту набраўся. I для сябе вырашыў, што сам так будавацца не бу-дзе. Ну якi, скажыце, людзi добрыя, тут будзе адпачынак, калi з усiх чатырох бакоў тваю ўласнасць акаляюць такiя ж, як i ты, апантаныя суседзi? Прабачце, i па малой патрэбе нямашака як схадзiць, каб не напароцца на чужы погляд. 

I тады рашыў Змiтрок ладзiць сваё лецiшча ў iншым месцы. Хай i не зусiм блiзка ад сталiцы, але ж месца сапраўды царскае. Побач лес, рэчка, возера. Для рыбакоў i грыбнiкоў сапраўдны рай. Побач была i бацькоўская хата. Так што i з сусе-дзямi праблем не будзе. Тым часам людзi, як кажуць, зямлi набралiся па самыя вушы. Дзе ж гэта бачна, што без усялякага знаёмства можна атрымаць надзел па закону ды аж цэлых 25 сотак! I Змiтрок не мару-дзячы стаў афармляць патрэбныя паперы. Праўда, было некалькi акалiчнасцей, якiя перашкаджалi ажыццявiцца мары. Адразу бурчала жонка. Маўляў, пяцьдзесят вёрст ад горада. Далекавата. Але красамоўныя расповяды Змiтрака пра будучае хараство мелi вялiкую вагу. Павагаўшыся, жонка згадзiлася. Куток сапраўды быў прыгожы. Кавалачак зямелькi, якi даўно ўжо не апрацоўваўся, адным бокам прымыкаў да бацькоўскiх сотак, другiм – да лесу. Астатнiя суседзi – бабуля-пенсiянерка i такi ж самы, як Змiтрок, хлопец — ужо ўзаралi свае кавалкi зямлi i чакалi ураджаю. Праблем не было. Засмучала толькi, што нi чыгункi, нi рэгулярнага прыгараднага транспарту ў вёсцы не было. I гэта магло паста-вiць крыж на напалеонаўс-кiх планах Змiтрака. Але i тут знайшлося выйсце. Тады, у дзевяностых, з’явiлася рэальная магчымасць з’ездзiць за мяжу без усякiх дазволаў i рэкамендацый розных iнстан-цый. Што Змiтрок i скарыстаў. На iншаземны транспартны сродак ён не мог нацешыцца. Ну i хай сабе куплены за дзвесце амерыканскiх рублёў на “шроце” ў Нямеччыне, затое праблема з наведваннем лецiшча знiкла. Тым больш што рухавiк у аўтамашыне працаваў на дызельным палiве – рэдкая па тым часе рэч. А саляркi ў любога трактарыста – бочкi стаяць. Была б пляшка. 

Мала-памалу рос будыначак. Не ахцi якой архiтэктуры – так, звычайная сялянская хата. Бо i архiтэктарам, i мастаком, i прарабам, i працоўнай сiлай быў сам Змiтрок. Дзяцей на будоўлю не зацягнуць, у iх, гарадскiх, свае iнтарэсы. Якая памочнiца з жонкi – вядома. Тым не менш з Боскай дапамогай дамок гадоў за пяць—сем збудаваўся. 

Грэх не  працаваць, а  красцi 

Ужо цяпер Змiтрок разумее, што 25 сотак – зашмат. Сiл не хапае апрацоўваць зямлiцу. Усё болей i болей займаюць плошчу засеяныя газоннай траўкай (ну як у Англii) участкi. А тады, у пару ўсеагульнага дэфiцыту, кожны квадратны метр быў скарыстаны пад вырошчванне той цi iншай зелянiны. 

Змiтрок працаваў шчыра i аддана, не лiчачыся з адпачынкам. Бабуля Зiна не аднойчы сварылася на хлопца, што працуе ў святочны дзень: 

— Людзi вунь у царкву едуць, а ён дровы пiлуе. Грэх гэта. 

— Грэх красцi, — бестурботна адказваў Змiтрок. 

Не тое што ён быў перакананым атэiстам, але, цiшком перахрыс-цiўшыся, працягваў уходжвацца па гаспадарцы. Так было да таго часу, калi Змiтрок пасля чарговага папярэджання бабы Зiны ўпотай пайшоў пiлаваць бярвяно, якое ўжо даўно прасiлася ў дровы. I трэба ж было пiле выскачыць з прапiлу... Кроў нiяк не супынялася, i Змiтрок на сваёй iншаземнай машыне хуценька заляцеў да мясцовага лекара. Якiя там у вёсцы лекi – вядома. Аднак рана, прамытая нейкай смярдзючай вадкасцю, перастала кроватачыць. 

— Абавязкова ў горадзе звярнiцеся да хiрурга, — сказаў лекар, кульнуўшы чарку (ганарар за перавязку). – Мо ўколы якiя трэба. 

Якi хiрург, якiя ўколы? Паспрабуй узяць талон да гэтага хiрурга. Тым больш што рана неяк зажыла сама сабой, а маленькi шрам... Ну, ён не перашкаджае i цяпер. Але з таго часу Змiтрок ужо не рызыкаваў i ў рэлiгiйныя святы складаную працу iгнараваў. У Бога дзён многа. Яшчэ паспеецца. 

Дзiк за  плотам 

Дык вось, Змiтрок абышоў увесь падворак. Усё, здаецца, у парадку. Шчоўкнуў аўтаматычны замок. Хата зачынена. Можна крочыць да машыны. Ён нахiлiўся, каб узяць сумку з “зайчыкавым хлебам”, як раптам замёр. Нешта незвычайнае яму здалося. Цiхенька павярнуўшыся, Змiтрок амаль што аслупянеў. У некалькiх кроках ад яго стаяў i глядзеў прама ў вочы агромнiсты дзiк... 

Колькi хвiлiн працягвалася гэта нямая дуэль, невядома. Дзiк быў сапраўды страшны. Туша кiло пад дзвесце, узброеная (як шаблi) клыкамi, моўчкi пазiрала на Змiтрака. Густая чорна-рудая шэрсць стаяла дубка. З рота звiсала бела-чырвоная пена. З маленькiх вочак падалi... слёзы. Так здалося. Змiтрок уважлiва агледзеў кабана. Так i ёсць. Звер быў паранены. Няпрошаны госць ва ўпор глядзеў на яго, бы просячы паратунку. Але як мог кабан аказацца на яго сядзiбе? Кругом жа хаты, людзi, платы. Цяпер не гэта было важным. Галоўнае – знайсцi выйсце са становiшча, у якiм апынуўся. Цiхенька, не адводзячы погляду ад дзiка, Змiтрок зрабiў крок назад, другi, трэцi. “А Божачка, як гэта паклiкаць за сабой гэту свiнню?” – думаў ён. Яго лецiшча было агароджана не проста сеткай, а высечкай ад штампаваных дэталей, якую па вялiкiм знаёмстве дастаў на адным са сталiчных заводаў. З яе ж ён зрабiў i вароты, у напрамку якiх цяпер пакрысе i крочыў задам. 

— Дзю-дзю, — прамармытаў Змiтрок напаўголаса, працягваючы адступаць. Але дзiк не зразумеў запрашэння i iмклiва кiнуўся ў бок уладальнiка лецiшча... 

“А ўсё, капец”, — маланкай пранеслася думка. Але кабан, не звяртаючы ўвагi на здранцвелага Змiтрака, шпарка пабег у бок лесу, якi пачынаўся адразу ж за агароджай з металу. Жывёлiна не бачыла плота. Яе цягнуў да сябе такi жаданы лес... Удар быў страшэннай сiлы. На поўнай хуткасцi дзiк сваiм лычом урэзаўся ў металiчную агароджу. Пруты выгнулiся, але засталiся цэлымi. Кабан дзiка зароў i ўпаў побач з агароджай, на якой засталiся крывавыя плямы. Змiтрок расплюшчыў вочы. Думкi лiхаманкава мiтусiлiся ў галаве. Iмгненне (пазайздросцiў бы алiмпiйскi атлет) — i ён хуценька расчынiў вароты насцеж. “Бяжы, дурань”. Дзiк узняў свае акрываўленыя клыкi, паглядзеў на Змiтрака, ускочыў на ногi i iмклiва кiнуўся на яго. Куды хавацца? Змiтрок ужо i не памятае, як за iмгненне аказаўся сам на гэтых варотах. Дзiк пранёсся мiма яго i, выскачыўшы ў лес, хутка знiк з вачэй. Праз колькi хвiлiн, суняўшы дрыжыкi, Змiтрок злез на зямлю i з палёгкай уздыхнуў. Вось дык прыгоды! Наўмысна не прыдумаеш... 

Ужо праз тыдзень, калi прыехаў зноў на лецiшча, Змiтрок распавядаў гэту гiсторыю суседу. Той толькi кiваў галавою, аглядаючы выгнутую металiчную агароджу. 

— Адно толькi супакойвае, — узрушана дзялiўся ўражаннямi Змiтрок, — што сам застаўся цэлы i дзiка выратаваў. Думаю, што ачуняе i больш не палезе куды не трэба. Але ж як ён тут мог апынуцца? 

— Усё проста, — адказвае сусед. – Да цябе ён забег ужо паранены. Уцякаў ад паляўнiчых. Ты дапамог зверу вярнуцца ў лес. 

— Дык гэта ж добра. 

— Як для каго. Праз гадзiну, як ты паехаў, паляўнiчыя з сабакамi ўзялi след. Я яшчэ думаю: чаго гэта на тваiм участку людзi са стрэльбамi ходзяць? 

— Трасцу яны ўжо яго дагоняць. 

— Г-м... Дагналi. I дабiлi. У гэтым во лесе i дабiлi... 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter