Белорусы все чаще меняют имена, фамилии, отчества

Змена прозвiшча i ўласнага імя

На пытанні адказвае кансультант упраўлення натарыята і загсаў  Міністэрства юстыцыі  Алена СЕМЯНЮК
Семенюк Елена Минюст.jpgКажуць, што ў апошні час колькасць грамадзян, якія памянялі сваё прозвішча, імя, імя па бацьку, павялічваецца. Ці так гэта? З чым гэта звязана?

Алена ХВАЛЕЙ, г. Рэчыца

АДКАЗ. Артыкулам 18 «Імя грамадзяніна» Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь вызначана, што грамадзянін набывае і ажыццяўляе правы і абавязкі пад сваім імем, якое ўключае прозвішча, уласнае імя і імя па бацьку, калі іншае не вынікае з заканадаўства. Грамадзянін мае права перамяніць сваё імя ў парадку, устаноўленым заканадаўствам.

Імя, атрыманае грамадзянінам пры нараджэнні, а таксама змена імя падлягаюць рэгiстрацыi ў парадку, устаноўленым для рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану.

Змена прозвішча, уласнага імя, імя па бацьку (далей — змена імя) з’яўляецца адной з адміністрацыйных працэдур, што ажыццяўляецца аддзеламі загса рай- або гарвыканкамаў і мясцовых адміністрацый раёнаў у гарадах (далей — органы загса).

Лічбы — рэч упартая, і яны сведчаць пра тое, што з года ў год колькасць запісаў актаў аб змене імя, якія здзяйсняюцца аддзеламі загса, павялічваецца. Напрыклад, у 2011 г. органамі загса Беларусі было здзейснена больш за 5,1 тысячы актаў аб змене імя, у 2012 г. — за 5,3 тыс., у 2013 г. — за 5,4 тыс., у 2014 г . — больш за 5,9 тысячы актаў.

Штогадовае павелічэнне колькасці запісаў актаў аб змене імя звязана, на мой погляд, з адкрытасцю свету, даступнасцю атрымання рознага роду інфармацыі, імкненнем кожнага асобнага чалавека вызначыць сябе як асобу (у навуцы, мастацтве, літаратуры, інтэрнэт-прасторы і г.д.), а таксама з ростам колькасці шлюбаў грамадзян, што бралі іх не толькі ў органах загса Беларусі, але і за яе межамі.

Хто ў адпаведнасці з заканадаўствам можа падаваць заявы аб змене прозвішча, уласнага імя, імя па бацьку? Куды неабходна звяртацца зацікаўленым асобам? Што рабіць, калі месца жыхарства і вучобы не супадаюць?

Іна СВІСТУНОВІЧ, г. Мінск

АДКАЗ. Артыкулам 222 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і ўстаноўлена, што заява аб рэгістрацыі змены прозвiшча, уласнага iмя, iмя па бацьку падаецца грамадзянамі, якія дасягнулі шаснаццаці гадоў, у органы загса па месцы іх жыхарства. Заканадаўствам дакладна вызначаны такія асобы (гэта грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якім споў-нілася шаснаццаць гадоў), а таксама органы, у кампетэнцыю якіх уваходзіць прыём адпаведных заяў (гэта органы загса па месцы жыхарства такiх асоб). Так, грамадзяне, зарэгістраваныя па месцы знаходжання ў сувязі з навучаннем у дзённай форме атрымання адукацыі ва ўстановах адукацыі і арганізацыях, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы паслявузаўскай адукацыі, могуць падаць такую  заяву ў орган загса як па месцы рэгістрацыі па месцы жыхарства, так і па месцы рэгістрацыі па месцы знаходжання. Грамадзяне Беларусі, якія пастаянна не пражываюць на тэрыторыі нашай краіны, падаюць заяву аб рэгiстрацыi змены імя ў замежную ўстанову, якая вызначаецца па месцы пастаноўкі такога грамадзяніна на консульскі ўлік.

Хачу змяніць сваё не вельмі мілагучнае прозвішча на іншае. Якімі актамі заканадаўства рэгулююцца пытанні яго перамены? Якія дакументы неабходна прадстаўляць у орган загса ў такім выпадку?

Аляксандр Б., Ляхавіцкі раён

АДКАЗ. Парадак рэгiстрацыi змены імя рэгулюецца Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і (глава 24), Указам Прэзідэнта ад 26 красавіка 2010 г. № 200 «Аб адміністрацыйных працэдурах, што ажыццяўляюцца дзяржаўнымі органамі і іншымі дзяржаўнымі арганізацыямі, па заявах грамадзян» (пункт 5.8 главы 5 пераліку), Законам ад 28 кастрычніка 2008 года № 433-З «Аб асновах адміністрацыйных працэдур» і іншымі нарматыўнымі прававымі актамі.

Дакументы, якія прадстаўляюцца грамадзянамі пры падачы заявы на рэгістрацыю перамены імя, вызначаны пунктам 5.8 главы 5 пераліку адміністрацыйных працэдур, што ажыццяўляюцца дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі па заявах грамадзян, які зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 краса-віка 2010 г. № 200.

У якім парадку, у якія тэрміны адбываецца разгляд заяў грамадзян аб змене імя, калі я хачу яго памяняць?

Вільгельм К., г. Мiнск

АДКАЗ. Гэтая адміністрацыйная працэдура з’яўляецца шматступеннай. Для яе ажыццяўлення неабходна атрымаць звесткі i (або) дакументы ад іншых дзяржаўных органаў і арганізацый у выглядзе даведак, заключэнняў або iншых дакументаў, што пацвярджаюць факты, якія маюць юрыдычнае значэнне. Так, з органаў загса альбо іх архіваў запытваюцца копіі запісаў актаў грамадзянскага стану або паведамленне аб іх адсутнасці. Затым матэрыял аб змене прозвішча, уласнага імя, імя па бацьку накіроўваецца органам загса ў орган унутраных спраў, вызначаны заканадаўствам. Ён праводзіць адпаведную праверку і выносіць заключэнне аб выніках праверкі асобы грамадзяніна, у якім паведамляе сваё меркаванне пра магчымасць (немагчымасць) змены прозвiшча, уласнага імя, імя па бацьку заяўнікам і вяртае матэрыял у орган загса.

Пасля атрымання заключэння органа ўнутраных спраў аддзел загса выносіць заключэнне аб магчымасці (немагчымасці) змены прозвiшча, уласнага імя, імя па бацьку. Заключэнне аддзела загса і матэрыял аб змене прозвішча, уласнага імя, імя па бацьку накіроўваюцца ў адпаведнае галоўнае ўпраўленне юстыцыі аблвыканкама (Мінгарвыканкама), якое дае дазвол на змену прозвішча, уласнага імя, імя па бацьку або адмаўляе ў дазволе.

Заява аб рэгiстрацыi змены імя павінна быць разгледжана органам загса ў тэрмін, які не перавышае аднаго месяца з дня падачы заявы, за выключэннем выпадкаў, калі для разгляду заяў органам загса неабходна атрымаць звесткі i (або) дакументы ад кампетэнтных органаў іншых дзяржаў. Тады тэрмін устанаўліваецца ў адпаведнасці з заканадаўствам аб адміністрацыйных працэдурах.

У адпаведнасці з артыкулам 223 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і рэгістрацыя перамены імя праводзіцца органам загса па месцы пастаяннага жыхарства заяўніка на падставе дазволу на змену прозвішча, уласнага імя, імя па бацьку, які дае галоўнае ўпраўленне юстыцыі аблвыканкама (Мінскага гарвыканкама). Дазвол на змену імя сапраўдны на працягу аднаго месяца з дня выдачы.

У якіх выпадках можа быць дадзены дазвол на змену імя? У кампетэнцыі якога органа такія дазволы? Пералічыце найбольш частыя прычыны, якія з’яўляюцца падставай да змены імя.

Ніна ПЕТРУКЕВІЧ, Івацэвіцкі раён

АДКАЗ. Дазвол на змену прозвішча, уласнага імя, імя па бацьку можа быць дадзены толькі ў тых выпадках, калі для гэтага маюцца ўважлівыя прычыны. Да іх адносяцца немілагучнасць прозвішча, уласнага імя, імя па бацьку або цяжкасць іх вымаўлення; жаданне насіць агульнае з бацькам ці маці прозвішча або вярнуць сваё дашлюбнае прозвішча, калі пра гэта не было заяўлена пры разводзе; жаданне насіць прозвішча айчыма (мачахі), які выхаваў заяўніка, ці імя па бацьку па імені айчыма, калі ўсынаўленне не можа быць аформлена; жаданне насіць прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку, якія адпавядалі б абранай нацыянальнасці; жаданне вярнуць дашлюбнае прозвішча пасля смерці мужа і іншыя.

Рашэнне аб дачы дазволу або адмове ў такім дазволе прымаецца галоўным упраўленнем юстыцыі аблвыканкама (Мінскага гарвыканкама) на падставе матэ-рыялаў органа загса. Аб прынятым рашэнні галоўнае ўпраўленне юстыцыі паведамляе заяўніку і адпаведнаму органу загса.

Асноўнай прычынай большасці заяў на змену імя з’яўляецца жаданне насіць прозвішча мужа (жонкі), бо пра гэта не было заяўлена пры рэгістрацыі заключэння шлюбу. Далей ідуць такія прычыны, як жаданне вярнуць дашлюбнае прозвішча пасля рэгістрацыі заключэння шлюбу; жаданне насіць дашлюбнае прозвішча, паколькі пра гэта не было заяўлена пры скасаванні шлюбу; жаданне насіць дашлюбнае прозвішча пасля смерці мужа; жаданне насіць дашлюбнае прозвішча маці (бацькі), бо бацька (маці) не прымаў (ла) удзелу ў выхаванні заяўніка; жаданне насіць прозвішча і імя па бацьку па імені айчыма, які фактычна выхаваў заяўніка; жаданне насіць прозвішча дзядулі (бабулі), які фактычна выхаваў

заяўніка; жаданне насіць творчы псеўданім; жаданне насіць прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку, якія адпавядаюць абранай нацыянальнасці, і інш.

Часам зацікаўленым асобам адмаўляюць у змене імя. У якіх выпадках? Прывядзіце, калі ласка, прыклады выпадкаў адмовы грамадзянам у змене імя.

Сямён Пятровіч, Іўеўскі раён

АДКАЗ. Галоўнае ўпраўленне юстыцыі аблвыканкама (Мінскага гарвыканкама) адмаўляе ў дазволе перамены імя незалежна ад матываў, выкладзеных у заяве, у выпадках, калі: на момант падачы заявы аб змене імя заяўнік падазраецца ў здзяйсненні злачынства, у сувязі з чым у дачыненні да яго ўзбуджана крымінальная справа ці вынесена пастанова аб прымяненні меры стрымання да вынясення пастановы аб прыцягненні яго ў якасці абвінавачванага, прызнанні яго падазроным або прыцягненні ў якасці абвінавачванага альбо ў яго маецца непагашаная і нязнятая судзімасць; на захоўванні ў органе загса і (або) архіве органаў загса адсутнічае запіс акта аб нараджэнні заяўніка — пры змене ўласнага імя, імя па бацьку, прозвішча, атрыманага пры нараджэнні; на захоўванні ў органе загса і (або) архіве органаў загса адсутнічае запіс акта аб заключэнні шлюбу — пры змене прозвішча, якое абрана пры рэгістрацыі заключэння шлюбу; на захоўванні ў органе загса і (або) архіве органаў загса адсутнічае запіс акта аб нараджэнні дзіцяці, якое не дасягнула паўналецця на момант падачы заявы аб змене прозвішча, уласнага імя, імя па бацьку, — пры змене прозвішча, уласнага імя, імя па бацьку заяўнікам, які мае непаўналетняе дзіця; у іншых выпадках, калі довады заяўніка неабгрунтаваныя.

Пры адмове ў змене прозвішча, уласнага імя, імя па бацьку заяўніку паведамляецца падстава адмовы і тлумачыцца парадак яе абскарджання. Адмова ў такім дазволе можа быць абскарджана ў судзе.

Напрыклад, часта грамадзяне выказваюць жаданне насіць прозвішчы і ўласныя імёны вядомых і знакамітых асоб у мастацтве (такіх, як Аляксандр Пушкін, Мікалай Някрасаў), у гісторыі (Яраслаў Мудры, Аляксандр Неўскі) і інш. У такіх выпадках абгрунтаванні заяўнікаў непераканаўчыя і нічым не пацверджаны. Таму ўпаўнаважаныя органы адмаўляюць у змене імя, акрамя выпадкаў, калі маюцца пацвярджальныя дакументы, што гэтае прозвішча насілі продкі або сваякі заяўніка.

Цікава, што ў такіх выпадках органы загса, у тым ліку і замежныя, прытрымліваюцца аднолькавай пазіцыі. Напрыклад, адзін з замежных загсаў забараніў 21-гадоваму студэнту, які падзарабляў паштальёнам, узяць імя і прозвішча суперагента Джэймса Бонда. Супрацоўнікі загса вырашылі, што імя выдуманага брытанскага шпіёна можа быць выкарыстана заяўнікам у непрыстойных мэтах.

Чым завяршаецца разгляд заявы грамадзяніна аб змене імя?

Іна КАВАЛЁВА, г. Віцебск

АДКАЗ. Пры рэгістрацыі змены прозвiшча, уласнага імя, імя па бацьку здзяйсняецца запіс акта. Аб рэгістрацыі такога акта грамадзянскага стану заяўніку выдаецца адпаведнае пасведчанне.

На падставе запісу акта аб змене імя ўносяцца неабходныя змены ў запісе адпаведных актаў грамадзянскага стану ў дачыненні да заяўніка і яго дзяцей і выдаюцца новыя пасведчанні.

Пры змене прозвішча абодвума бацькамі ў абавязковым парадку змяняецца прозвішча дзяцей, якія не дасягнулі шаснаццаці гадоў, у запісах актаў аб іх нараджэнні. Калі прозвішча памяняў адзін з бацькоў, то пытанне аб змяненні прозвішча дзяцей, якія не дасягнулі шаснаццаці гадоў, вырашаецца па дамоўленасцi паміж бацькамі, а пры адсутнасці пагаднення — органам апекі і папячыцельства з улікам жадання дзіцяці, якое дасягнула дзесяці гадоў.

Пры змене ўласнага імя бацькам у запісах актаў аб нараджэнні дзяцей, якія не дасягнулі шаснаццаці гадоў, змяняецца іх імя па бацьку. Прозвішча і імя па бацьку дзяцей, якія дасягнулі шаснац-цаці гадоў, змяняюцца толькі па іх хадайніцтве на агульных падставах.

Пры рэгiстрацыi змены імя органы загса ўносяць у пашпарт грамадзяніна адпаведную адзнаку, якая прадугледжана абзацам пятым пункта 22 Палажэння аб дакументах, якія засведчваюць асобу. Палажэнне зацверджана Указам Прэзідэнта ад 3 чэрвеня

2008 г. № 294 «Аб дакументаванні насельніцтва Рэспублікі Беларусь». Таксама орган загса ў сямідзённы тэрмін з дня рэгiстрацыi змены імя накіроўвае паведамленне пра гэта ў орган унутраных спраў па апошнім месцы жыхарства заяўніка, упраўленне па грамадзянстве і міграцыі галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінгарвыканкама (калі заяўнік раней ніколі не пражываў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь), а ў выпадку рэгiстрацыi змены імя прызыўніка, ваеннаабавязанага — і ў ваенны камісарыят (адасобленае падраздзяленне ваеннага камісарыята) па яго месцы жыхарства.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter