Зманлівая ідылія, ангольскія мышы і кампот з сухафруктаў...

Ганне Врэмеш не раз прыходзілася рызыкаваць жыццём

Нягледзячы на сваю мірную прафесію, Ганне Врэмеш не раз прыходзілася рызыкаваць жыццём

Хто ў Афрыцы не бываў, той не бачыў экзотыкі. А вось Ганна Врэмеш, якая апошнія тры гады працуе ў Фрунзенскім сталічным аддзеле Дэпартамента аховы, не толькі там была, але і працавала ў васьмідзясятых гадах у афрыканскай Анголе. Два дзясяткі гадоў Ганна Дзімітрыеўна служыла ў Савецкай арміі і амаль столькі ж ад-працавала ў народнай гаспадарцы Беларусі.

...Калі прыехалі ў Афрыку, на новае месца службы яе мужа, савецкага лётчыка Міхаіла Курыча, камандзір часці палкоўнік Бараноўскі папрасіў Ганну на нейкі час памяняць спецыяльнасць і папрацаваць у сталовай, бо папярэдняя змена адпраўлена ў СССР, а карміць людзей трэба.

Прыступіўшы да абавязкаў загадчыцы сталовай, спачатку разгубілася.

Антысанітарыя бушавала. У памяшканні сталовай знайшлі прытулак полчышчы велізарных тараканаў. Калі людзі ішлі па калідоры, пад нагамі раздаваўся хруст. Чым толькі ні спрабавала знішчыць насякомых новая загадчыца, нічога на іх не дзейнічала...

Узяўшы сябе ў рукі, Ганна Врэмеш пачала правяраць прадукты, што за-сталіся ад папярэдняй змены. Убачыла дзве скрыні, у якiх па дваццаць кіло сухафруктаў: сушаныя яблыкі, чарнасліў, грушы, персікі. «Добры кампот атрымаецца», — вырашыла яна. Кампот са свежых ананасаў і бананаў ужо надакучыў...

Сухафрукты Ганна высыпала на балкон прасушыць. І тут у сталоўку зайшоў палкоўнік Мікалай Іванавіч Бараноўскі. Ледзь ступіўшы на балкон, ён змяніўся ў твары:

— Анна, что вы собираетесь делать с… этим?

Загадчыца паспяшалася на балкон. У сухафруктах капашыўся вывадак мышэй, якія толькі што нарадзіліся.

Прыкрыўшы рот рукой, палкоўнік пабег у туалет. Пасля ўбачанага ён ніколі не піў кампот з сухафруктаў.

Нягледзячы на сваю мірную прафесію загадчыцы сталовай, Ганне Врэмеш не раз прыходзілася рызыкаваць жыццём. Недалёка ад іх ваеннага лагера ў Анголе знаходзіўся аэрадром, на якім з дапамогай перакладчыкаў нашы лётчыкі, тапографы і сувязісты вучылі ангольцаў кіраваць баявой тэхнікай.

Кіраўніцтва савецкай ваеннай місіяй знаходзілася ў сталіцы — Луандзе. Да Луанды, куды Ганна адпраўлялася па прадукты, на верталёце трэба было ляцець паўтары гадзіны. Унізе прасці-раўся прыгожы зялёны дыван джунгляў. Ідылія. Але ўсе ведалі: гэта ідылія зманлівая. Верталёт маглі ў любы момант збіць унітаўцы. Іх правадыр — лоўкі палітычны авантурыст Жонас Савімбi — рваўся захапіць уладу ў краіне, каб стварыць асабістую імперыю і эксплуатаваць прыродныя багацці.

Было нямала выпадкаў, калі так званыя партызаны-ўнітаўцы над джунглямі збівалі савецкія ваенныя верталёты. З дапамогай расісцкай ЮАР і Радэзіі Савімбi захапіў поўдзень краіны, багаты алмазамі.

Ганна Врэмеш успамінае, як лятала атрымліваць прадукты на верталёце ў Луанду, дзе знаходзілася наша база. Здавалася, што ўнізе рассцілаецца роўны зялёны дыван. І раптам — прорва, як у прыгодніцкіх фільмах. А ўнізе, у лясах, унітаўцы з зенітнымі ракетамі… 

Усяго за 15 кіламетраў ад савецкага ваеннага лагера ў Негажы ўнітаўцы з асобай жорсткасцю выразалі цэлую вёску. У ваенны шпіталь ва Уіжэ, дзе працавалі ваенныя ўрачы з Беларусі, Украіны, Расіі, цэлы дзень везлі акрываўленых жыхароў. Няшчасныя былі перавязаны бананавымі лістамі, бо тканіны ў ангольцаў не было.

Упершыню сутыкнуўшыся з такім кашмарам, Ганна страцiлась прытомнасць. Нашы медыкі ўвялі ёй укол і распарадзіліся адправіць назад…

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter