Змагацца і сілай, і сэрцам. Удзельнік сусветнага фіналу па баях без правілаў гаворыць толькі па-беларуску.

Беларус упершыню прабіўся ў сусветны фінал самага ганаровага турніру па баях без правілаў па версіі К-1 World Max. У лік 16 мацнейшых, якія выйдуць на японскі рынг у канцы мая—пачатку чэрвеня, каб вызначыць лепшага барца планеты ў вагавай катэгорыі да 70 кілаграмаў, трапіў Віталь Гуркоў. Перамога ў кваліфікацыі (яна праходзіла ў сталічным Палацы спорту) далася мінчаніну нялёгка. За адзін вечар яму давялося правесці тры напружаныя баі, прычым у другім паядынку будучы трыумфатар ледзь не выбыў з барацьбы, трапіўшы ў накдаун.

— Віталь з тых байцоў, якія змагаюцца сэрцам. Пэўна, таму ён, апынуўшыся на падлозе, знайшоў сілы падняцца, — кажа трэнер мінчаніна Дзмітрый Пясецкі.
Паводле слоў настаўніка, Гуркоў быў гатовы на большае, чым здолеў паказаць у Палацы спорту. Віной таму — адсутнасць багатага вопыту ўдзелу ў такіх баях.
— Віталь з’яўляецца васьміразовым чэмпіёнам свету сярод аматараў, але сярод прафесіянальных байцоў ён — навічок, вось і перахваляваўся крыху з-за вялікай адказнасці, — гаворыць Дзмітрый Пясецкі. — Наогул дэбютантам цяжка ўваходзіць у баі без правілаў: спачатку яны адчуваюць сябе, як чалавек у цёмным незнаёмым пакоі, дзе можна зачапіцца за ўсё што заўгодна.
Цікава, што на перамогу Віталя Гуркова натхніла беларуская музыка. Ён упершыню выйшаў на рынг пад спевы гурта “Тройца”. Акрамя таго, баец вырашыў: калі выйграе, то, каб выказаць удзячнасць балельшчыкам і родным сценам за выдатную падтрымку, стане папулярызаваць родную мову — ён сам даўно размаўляе па-беларуску.
Зараз, як паведаміў трэнер, яго падапечны знаходзіцца ў так званай чорнай дзірцы: пасля такіх напружаных паядынкаў пераможца адсыпаецца, каб аднавіцца да наступнага бою. Праўда, доўга адпачываць не давядзецца: неўзабаве Гуркоў адправіцца ў Тайланд, дзе возьме ўдзел у спарынгу перад сусветным фіналам.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter