Злучэнне інтарэсаў

У Слуцку будзе пабудаваны дражджавы завод за 35 млн. еўра

У Слуцку будзе пабудаваны дражджавы завод

Днямі падпісаны адпаведны чатырохбаковы дагавор. Зрабілі гэта будаўнічая кампанія СТАА «Магнус Груп», ААТ «Слуцкі цукроварафінадны камбінат», нямецкая кампанія «Uniferm» і СТАА «Інтэрферм» — сумеснае германска-беларускае прадпрыемства, якое з’яўляецца беларускім рэзідэнтам і створана для рэалізацыі праекта.

У новы завод плануецца ўкласці 35 млн. еўра, вызначаны тэрмін будаўніцтва — 16 месяцаў. Яго магутнасці дазволяць выпускаць 20 тысяч тон дражджэй у год. Адметна, што падмурак гэтага праекта быў закладзены яшчэ ў 2010 годзе на Беларускім інвестыцыйным форуме ў Франкфурце-на-Майне, тады было вырашана рэалізаваць яго з нямецкай кампаніяй «Uniferm».

У час падпісання дагавора віцэ-прэм’ер Беларусі Міхаіл Русы адзначыў важнасць гэтага праекта для краіны. Там мяркуецца выпускаць канкурэнтаздольную прадукцыю з высокай дабаўленай вартасцю. Яна будзе запатрабавана на ўнутраным рынку і пастаўляцца на экспарт.

Нямецкі бок таксама зацікаўлены ў будаўніцтве прадпрыемства — у Беларусі добрая сыравінная база і выгаднае геаграфічнае становішча. Праект вельмі грунтоўна пралічваўся, бакі даволі працяглы час вялі перамовы, і вось зараз дамоўленасці афіцыйна занатаваны і пачнуць набываць практычную рэалізацыю.

Асноўная вытворчая пляцоўка дражджавога завода ў Слуцку зойме плошчу ў 4 гектары. Там размесціцца вытворчы корпус, рэзервуарны парк для мелесу (прадукт перапрацоўкі цукровых буракоў, неабходны для вытворчасці дражджэй), помпавыя станцыі і іншыя аб’екты. Будуць выкарыстаны тэхналогіі і ноу-хау нямецкіх партнёраў, якія дазволяць знізіць спажыванне энергарэсурсаў пры вытворчасці прадукцыі на 15—20 %. Плануецца, што на новым заводзе будуць працаваць 87 чалавек.

На здымку: дырэктар ААТ «Слуцкi сахарарафiнадны камбiнат» Мiкалай ПРУДНIК i дырэктар кампанii «Uniferm» Ян МООРМАНН у час падпiсання дагавора.

Фота: БЕЛТА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter