Па голасе можна высветліць пол, узрост, сацыяльны статус, узровень адукацыі і прафесію чалавека

Злодзей быў у голасе

Змяніць свой голас, сказіўшы яго танальнасць і дадаўшы спецыяльных эфектаў, можна дзякуючы розным пра­грамам. З іх дапамогай кары­стальнік размаўляе, напрыклад, голасам свайго сябра. Карэспандэнт «Рэспублікі» даведалася, наколькі бездакорныя такія падробкі і што наогул голас можа сказаць пра ўладальніка.

Пол, узрост, нацыянальнасць, узровень адукацыі, прафесія, адхіленні ў фізічным і псіхічным стане… Усё гэта спецыялісты ДКСЭ могуць сказаць па голасе на аўдыязапісе. Фанаграму даследуюць двое: спецыяліст у галіне акустыкі і спецыяліст у галіне лінгвістыкі. Першы вывучае тэхнічныя характарыстыкі аўдыязапісу — гэта частата, дынамічны дыяпазон, працягласць гуку. Другі — лінгвістычныя індывідуалізуючыя прыкметы вуснай мовы. Гэта асаблівасці вымаўлення, прынцып пабудовы сказаў, выкарыстаная лексіка...

Пэўная доля працы спецыялістаў звя зана з аналізам ананімных паведамленняў аб мініраванні будынкаў
Фота аўтара

Наогул, экспертам прыходзіцца працаваць з рознымі носьбітамі гуку. Няхай гэта будзе аўтаадказчык ці запіс з камеры відэаназірання. Але ў запале сваркі апаненты часцей хапаюцца за дыктафоны на мабільных тэлефонах. Мы таксама запісалі на дыктафон фрагмент гутаркі. Паглядзім, што эксперты змогуць сказаць пра дыктара.

Атрымаўшы ўзор запісу, спе­цыялісты бяруцца за працу. Праз пару хвілін на экране камп’ютара бачу свой голас. У выглядзе асцылаграмы, вядома. З дапамогай спецыяльных праграм эксперты прыбіраюць з фанаграмы пабочныя шумы, каб высветліць даслоўны змест размовы. Дарэчы, ёсць цэлая электронная база шумаў. Прагнаўшы праз яе фанаграму, можна вызначыць тып шуму на заднім фоне. У базе ёсць гук стрэлу з глушыцелем і без, гук рухавіка аўтамабіля, самалёта, які ўзлятае, і нават пральнай машыны.

— Гаворыць дакладна жанчына, — слухае запіс у навушніках намеснік начальніка ўпраўлення фанаскапічных экспертыз цэнтральнага апарата ДКСЭ Аляксандр Быкоўскі. — Палавую прыналежнасць вызначаем па вышыні асноўнага тону і тэмбру. Адрозненні абумоўлены развіццём брушной і грудной мускулатуры, аб’ёмам лёгкіх, даўжынёй і эластычнасцю галасавых звязак...


Кожны голас унікальны дзякуючы біялагічным фактарам — будове цела, сіметрычнасці галасавога апарату, працы залоз унутранай сакрэцыі і ўзросту. Усё гэта ўплывае на вышыню, сілу і тэмбр голасу. Заўважана, што людзі з нізкім голасам звычайна высокага росту і маюць большы аб’ём грудной клеткі. Рост уладальнікаў тэнару складае каля 166 см, барытону — каля 174 см, а басу — амаль 180 см.

— У размове жанчыны больш эмацыянальныя, — да працы над запісам падключаецца эксперт аддзела фанаскапіі Арцём Кананенка. — Вы часцей ужываеце, напрыклад, экспрэсіўна афарбаваныя словы.

— На працягу жыцця голас чалавека можа мяняцца? — цікаўлюся.

— Можа, — Аляксандр Быкоўскі сцвярджальна ківае. — Гэта прыкметна ў перыяд сталення. Будова гартані мяняецца, ператвараючы хлапечы дыскант ці альт у голас мужчыны — барытон ці нават бас. У сталым узросце, калі завяршаецца працэс акасцянення гартані, голас зноў мяняецца. З-за памяншэння ёмістасці лёгкіх, паніжэння іх эластычнасці і звужэння грудной клеткі ён становіцца слабым, брынклівым, сухім. Ды і наогул голас варыятыўны. Двойчы аднолькава вымавіць адну і тую ж фразу вы не зможаце. Нават падобныя на слых галасы двайнят адрозніваюцца.

Пэўная доля працы спецыялістаў звязана з аналізам ананімных паведамленняў аб мініраванні будынкаў. Індывідуальная інфармацыя, якая адлюстравалася ў голасе зламысніка, дапамагае яго хутчэй знайсці. Гэта фізічны стан таго, хто гаворыць, узровень яго інтэлектуальнага і маральнага развіцця, кругагляд, сфера інтарэсаў, прафесія. Нярэдка зламыснікі спрабуюць сказіць голас: гугнявяць, картавяць, паніжаюць вышыню голасу. Калі падлеткі «мініруюць» школу, то спрабуюць зрабіць голас больш сталым. Але экспертыза расставіць кропкі над «і».

— З 2002 года вядзецца ўлік фанаграм. У базе захоўваюцца запісы галасоў некалькіх дзясяткаў тысяч чалавек, — падлічыў начальнік аддзела фанаскапічнага ўліку і дыягностыкі Яўген Ігнаценя. — Гэта ўсе тыя, хто прыцягваўся за паведамленні аб мініраванні, дачу хабару, вымагальніцтва, махлярства...

«...Мама, гэта я! Перавядзі грошы на гэты рахунак. Я збіў чалавека». Такія званкі атрымліваюць ахвяры тэлефонных махляроў. Зрабіць голас больш падобным на патрэбны ім дапамагаюць спецыяльныя праграмы змены голасу. Арцём Кананенка напрыканцы пракаменціраваў сітуацыю з папулярнымі сёння дадаткамі:

— Голас, як і адбіткі пальцаў, падрабіць немагчыма. Нават самым таленавітым парадыстам не ўдаецца ашукаць эксперта. І ў змененым запісе асобасныя прыкметы даюць аб сабе знаць.

gorbatenko_inna@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter