Напрыканцы мінулага года ў Беларусі пачалася акцыя “Падары “Бярозку” дзіцячаму дому!” Яна дагэтуль не закончылася. А таму — падключайцеся!

Зімою распускаюцца лісточкі дабрыні

Выхаванцы дзіцячага дома ў Радашковічах

У краіне становіцца ўсё больш падпісчыкаў на “Бярозку” — часопіс для дзяцей і падлеткаў. У тым ліку і калектыўных: класы, школы, творчыя гурткі. Цяпер часопіс чытаюць і ў дзіцячых дамах. Пашыраецца сетка пазаштатных аўтараў, юных карэспандэнтаў. А летась пад час падпісной кампаніі спадарыня Ірына Клышэўская, аўтарка рубрыкі “Лісты да хрэсніка” (выходзіць у часопісным блоку “Зярняткі веры”), прапанавала правесці дабрачынную акцыю “Падары “Бярозку” дзіцячаму дому!”. І пачала — з сябе. “Была ўчора ў дзіцячым доме ў Радашковічах, — напісала яна ў рэдакцыю “Бярозкі”. — Захапіла з сабой некалькі нумароў часопіса, пірожныя, цукеркі, арганізавалі ў бібліятэцы гарбату… Расказала пра пастаянныя рубрыкі ды ад імя рэдакцыі падарыла падпіску на І паўгоддзе 2017-га”. Пра тое нам паведаміла Святлана Воцінава: яна галоўны рэдактар часопіса “Маладосць”, вельмі паспрыяла аднаўленню “Бярозкі” ў новым фармаце ды й цяпер выконвае ў ім абавязкі галоўрэда. Святлана прапануе падхапіць ініцыятыву: “Афармляйце падпіску на часопіс “Бярозка”не толькі для сябе і родных, але і для тых, каму жадаеце святла і шчасця”. Пашыраная па розных каналах інфармацыя пайшла па свеце. Ініцыятыву падтрымалі добрыя людзі.

У рэдакцыю часопіса “Бярозка”, у прыватнасці, прыйшлі паведамленні-“справаздачы” ад чытачоў і аўтараў, членаў рэдкалегіі ды іншых нераўнадушных людзей, якія пачулі заклік: падарыць падпіску на выданне любому дзіцячаму дому краіны. Вось некаторыя з адрасоў дабрачыннасці. Сярэдняя школа №12 Гродна вырашыла дапамагчы з падпіскай дзіцячаму дому ў пасёлку Панямунь і Гродзенскаму дзіцячаму хоспісу. Калумніст часопіса «Маладосць» Канстанцін Касяк аформіў падпіску на адрас дзіцячага дома № 7 “Сем Я” на вуліцы Кіжаватава ў Мінску. Галоўрэд часопіса Святлана Воцінава выбрала сталічны Дзіцячы дом №5 на Адзінцова. На той жа адрас аформіў падпіску і ўрач-артапед Андрэй Людчык. А Віцебскаму дзіцячаму дому падорана падпіска ад члена рэдкалегіі “Бярозкі” Вольгі Русілкі. Да акцыі далучыўся часопіс “Вясёлка”, мастацтвазнаўца Галіна Багданава, празаік і паэт Андрэй Захарэўскі…

Святлана Воцінава разважае: “Нехта выпісаў “Бярозку” сваім пляменнікам, унукам, суседскім дзецям-школьнікам, хрэснікам, сынам або дочкам сяброў. Нехта ж — на абсалютна чужы яму паштовы адрас. Так шчырая сумленная інтэлігенцыя краіны стварае яе будучыню”. І нагадвае, што інтэлігенцыя — гэта найперш тыя, хто, кажучы простымі словамі, ахвяруе нечым дзеля некага: “Нечым абсалютна сваім дзеля некага абсалютна чужога, канстатуючы, што чужых увогуле не існуе. Хваляванне за лёс суайчынніка і фактычны ўдзел у ім — вось прыкмета інтэлігентнасці як грамадскай з’явы. Нішто іншае і ніяк іначай. Таму афармляйце падпіску на часопіс “Бярозка”, сябры. Не толькі для сябе і родных, але і для тых, каму жадаеце будучыні — інтэлігентнай, прыгожай, інтэлектуальнай”.

А між тым нам часам даводзіцца чуць: падкажыце, якой бы справай паяднаць супляменнікаў у беларускай суполцы замежжа? Ну вось і яна! Падаецца нам: калі беларуская суполка з замежжа возьме невялічкае шэфства, хай сабе і пачаўшы з падпіскі, хоць над адным дзіцячым домам, то намнога больш стане ў свеце душэўнасці, спагады, дабрыні.

Дарэчы, дзіцячых дамоў, школ-інтэрнатаў і прытулкаў у Беларусі — дзясяткі, яны ёсць па ўсіх абласцях. А хто жадае падключыцца да акцыі — зрабіць тое ніколі не позна. Бо часопіс “Бярозка”, у адрозненне ад звычайных бяроз, і на зіму не ўпадае ў спячку. Пішыце на эмэйл ці то ў нашу рэдакцыю golas_radzimy@источник , ці то адразу на “Бярозку” vdsd@источник — там абавязкова падкажуць адрасы, па якіх з удзячнасцю прымуць вашу дапамогу. А таксама льготныя індэксы для падпіскі: як індывідуальнай, так і ведамаснай.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter