Жывыя галасы памяці

У кнігах, прэзентаваных у Мінску, сабраны гiсторыi, якія расказаны праз слёзы i цяжкiя ўспаміны
У кнігах, прэзентаваных у Мінску, сабраны гiсторыi, якія расказаны праз слёзы i цяжкiя ўспаміны.

Як вядома, Асвенцым быў самым буйным лагерам з усiх створаных фашыстамi. На 175 гектараў прыходзiлася больш за 300 баракаў i пяць крэматорыяў. Аляксандра Барысава трапiла ў Аўшвiц шасцiгадовай, але і дагэтуль яскрава помніць вышкi з салдатамi, калючы дрот пад высокiм напружаннем, якiм у два рады была абнесена тэрыторыя лагера. Яна кажа, што кнiгi «Лагер смерцi Асвенцым: жывыя сведчаннi Беларусi» i «Вайна i ўкрадзеныя гады: сведчаннi остэрбайтараў Беларусi» прысвечаны ўсiм ахвярам вайны, блiзкiм i родным аўтараў успамiнаў. А таксама маладому пакаленню, якое павiнна ведаць гiсторыю, каб прадухiлiць паўтарэнне страшных падзей.

Зборнiкi падрыхтаваны ў Гiстарычнай майстэрнi Мiнскага мiжнароднага адукацыйнага цэнтра iмя Йаханеса Рау. Майстэрня знаходзiцца на месцы былога мiнскага гета ў адным з нямногiх будынкаў, што ацалелі. Вокны тут завешаны чорнай тканiнай з фотаздымкамi закатаваных у гета. На сценах выбiты iмёны загiнулых у канцлагеры Малы Трасцянец. Гэта своесаблiвая каплiца, у якой можна памiнуць памерлых. А яшчэ гэта месца для сустрэч.

За гады iснавання Гістарычнай майстэрнi яе наведалi каля 50 тысяч чалавек з 32 краiн. Тут праводзяцца самыя розныя мерапрыемствы, скiраваныя на фармiраванне сумеснай еўрапейскай культуры памяцi, а таксама на канчатковае прымiрэнне памiж народамi. У майстэрнi працуюць некалькi клубаў, створаных студэнтамi i школьнiкамi. Напрыклад, клуб маладых гiсторыкаў распрацоўвае сёлета “тэму паўсядзённасцi вайны”, а клуб гiсторыкаў-германiстаў даследуе феномены германскага нацыянал-сацыялiзму i савецкага сталiнiзму з мэтай раскрыць, прадухiлiць фармiраванне той логiкi, што вядзе да стварэння шырокай сiстэмы насiлля.

Хутка ў майстэрнi адкрыецца выстаўка фотаздымкаў з гісторыі Магiлёўскага гета. Фашысцкiя салдаты i афiцэры рабiлi iх, каб пахвалiцца саслужыўцам цi напалохаць непакорных. Трыццаць арыгiнальных фотаздымкаў, за якiмi лёсы сотняў людзей, гавораць нашмат больш, чым лiчбы i факты ў падручнiках.

“Трэба памятаць, што першыя крокi па iнтэграцыi ў межах еўрапейскай супольнасці былi зроблены менавiта тымi, хто прайшоў канцэнтрацыйныя лагеры i гета, — нагадвае пасол Германii ў Беларусi Гебхардт Вайс. — Гэтыя людзi сустрэлiся пасля вайны, i сама сабой з’явiлася думка разам адшукаць прычыну ўсяго, што iм давялося перажыць. Прымiрыцца з жахам вайны немагчыма. Але магчыма адкрыць сэрцы для прымiрэння народа з народам i чалавека з чалавекам”.

Нiна Шпакоўская
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter