Жывы тэатр. “Частка парку ў сядзібе Сорына.

Шырокая алея, што вядзе ад гледачоў у глыбіню парку да возера, загароджана эстрадай, спехам збітай для хатняга спектакля. Так што возера зусім не відаць. Налева і направа ад эстрады — хмызняк. Некалькі крэслаў, столік.
Толькі што зайшло сонца. На эстрадзе за апушчанай заслонай Якаў і іншыя работнікі; чуецца кашаль і стук”.
Аматары Чэхава, вядома, пазналі: гэта апісанне месца першай дзеі знакамітай “Чайкі”, праўда, у маім не вельмі дасканалым перакладзе. Толькі справа ў тым, што ўсё апісанае я бачыла не на тэатральнай сцэне і тым больш не ў кіно. На свае вочы, колькі тыдняў таму і зусім непадалёку ад Мінска.
Перанесці дзейства на натуру вырашыў мастацкі кіраўнік і галоўны рэжысёр Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Валерый Анісенка. І для гэтага ахвяраваў увесь свой дачны ўчастак, які старанна перакапалі, нарабілі канаваў і мосцікаў, тую сцэну-эстраду і нават возера маленькае налілі. Да жаху суседзяў, што, як павялося ў нас апошнім часам, ехалі на свае ўчасткі толькі пакорпацца ў градах...
А потым пачалі наязджаць сюды акцёры, рэпеціраваць. Дом рэжысёра паступова ператварыўся ў грымёркі, касцюмерную...
Урывак з гэтага незвычайнага спектакля першымі давялося паглядзець шматлікім гасцям юбілейнай вечарыны маэстра Анісенкі. А вось прэм’еру для публікі сарвала чэрвеньская непагадзь. І адбылася яна толькі напачатку новага тэатральнага сезона, калі Гасподзь злітаваўся, не праліў дажджу над усімі, хто, не звяртаючы ўвагі на прахалоду, дабраўся ўсё ж да сядзібы Сорына, прабачце, Анісенкі.
Дарэчы, менавіта Сорына і іграў сам гаспадар. Толькі чаму іграў? Ён жыў на сваёй дачы ў прапанаваных абставінах — немалады, адзінокі чалавек, які вельмі радуецца гасцям...
Няўдзячная справа расказваць пра спектакль — заўсёды ў гэтым кантэксце шкадую крытыкаў. А “Чайку”, мне здаецца, і наогул усе на памяць ведаюць. Ну калі не ўсю п’есу, дык хаця б самы смешны маналог Ніны Зарэчнай: “Людзі, львы, арлы і курапаткі, рагатыя алені...”   Так, так, смешны, бо, дзякуй богу, Анісенка паставіў тое, што Чэхаў напісаў — камедыю. А не трагедыю, як нас вучылі ў школе і як мы ігралі “Чайку” ў школьным тэатры. І, уцяпліўшыся пледамі, мы з асалодай удыхалі халаднаватае паветра, пах дымку ад вогнішчаў на суседніх участках, грукат цягнікоў на недалёкай чыгунцы. І смяяліся з таго, як таленавітыя акцёры гэтага яшчэ зусім недаследаванага тэатра кпілі з нас жа: на што трацім жыццё, якія дробязі нас хвалююць, як ні любіць, ні ненавідзець не ўмеем!..
...Стомлены гаспадар усё ж асабіста праводзіў усіх гледачоў, а на пытанне пра дату наступнага спектакля разводзіў рукамі — зіма хутка... Што ж, сваю задачу-мінімум на гэту восень Анісенка выканаў: вярнуў Чэхаву статус, нам — традыцыю дачных спектакляў канца XIX — пачатку XX стагоддзя, сабе — здзейсненую мару ажывіць тэатр. І трэба сказаць, што на фоне вельмі вялага пачатку тэатральнага сезона ў драматычных тэатрах краіны гэта жывасць РТБД абнадзейвае.
Дарэчы, “Народная газета” прысвоіла Валерыю Анісенку званне “Сапраўды народны артыст”. У першую чаргу, за незаспакоенасць.
А вы даўно былі ў тэатры?
Сустракаемся па суботах.
Пагаворым!
E-mail:Lidia@ng.by
Тел. 287-16-76

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter