Жывы барометр. У той год зіма не запазнілася.

Ужо ў сярэдзіне лістапада скавалі зямлю маразы. Закружылася белым кіпенем, затанцавала ў шалёным танцы мяцеліца. Цэлымі днямі са змрочнага неба, як з дзіравага меха, сыпаўся густы іскрысты снег...
Праз нейкі час, калі ўлагодзілася мяцеліца, я стаў на лыжы і падаўся да ракі. Ля берага, стараючыся вырвацца з лядовага палону, шалясцеў сухімі мяцёлачкамі чарот. Крыху воддаль ад ракі, на лужку, прыбраныя ў бялюткі вэлюм, у бэзавай імгле ўперамешку з маладзенькімі цыбатымі ліпамі нерухома стаялі каржакаватыя дубы-асілкі.
То там, то сям на лёдзе сядзелі рыбакі. Я паціху сунуўся берагам — і раптам мяне паклікалі. Аглянуўся назад і ўбачыў, што рыбак, які быў бліжэй да мяне, махае рукой, кліча да сябе. Павярнуў да яго. У латаным кажушку і шапцы-аблавушцы з сівой бародкай дзядок, яшчэ камлюкаваты і дужы, папрасіў у мяне запалак. Хуценька сунуў яму запалкі, а ў мяне самога ажно дых ад здзіўлення заняло. Непадалёку ад лункі валтузіліся на лёдзе, білі хвастамі два шэра-зеленаватыя шчупакі. Дзядок прыкурыў беламорыну, усміхнуўся бяззубым ротам і сказаў: “На жыўца лавіў, на печкура. Папаліся драпежнікі...”
Рыбак крактануў, паказаў на неба: “Вунь як хмары пацямнелі, ажно за лес чапляюцца, і вецер падняўся. Зараз снег пойдзе. На сёння хопіць”. Сказаў так, прыкленчыў, развязаў пляцак і пачаў класці ў яго шчупакоў. Але ў гэты момант зусім непадалёку ад нас плюхнуўся на купіну бакас. Спінка ў птушкі карычневата-бурая з вохрыстымі стракацінкамі, брушка белае, а хвосцік рыжы з папярочнымі палоскамі і белымі кончыкамі пер’яў. Дзюба доўгая, прамая.
Я пачаў шкадаваць бакаса, маўляў, яго сародзічы на зімоўку яшчэ ў жніўні адляцелі. Замерзне, дый годзе. А дзядок падняўся, бародку пагладзіў і кажа: “Не бядуй. Праз дзень-другі і гэты снег вадой сыдзе. Бакас — жывы барометр, не памыліцца. Ведае, што робіць”.
Так яно і сапраўды атрымалася. У хуткім часе адліга пачалася, а потым дождж пайшоў. Дзе той і снег падзеўся! Адно бялёсы туманок над палямі слаўся.
Як у ваду глядзеў дзядок-рыбак, калі гаварыў мне, што бакас — жывы барометр прыроды.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter