Жывуць па свеце яго песні

Новыя экспазіцыі, выставы, кнігі, знаходкі ў архівах і нават стварэнне новых музеяў... Юбілейны для Песняра год багаты на розныя імпрэзы не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Нацыянальнае свята ў Вязынцы 7 ліпеня, калі адзначалася 130-годдзе з дня нараджэння Янкі Купалы, сабрала сотні прыхільнікаў яго творчасці, стала знакавай падзеяй года. А супрацоўнікі Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы жывуць ужо новымі клопатамі, прычым многія іх справы прасціраюцца далёка за межы Беларусі. “Цікавасць у свеце да жыцця, творчасці беларускага класіка велізарная, — расказвае дырэктар музея Алена Лашкевіч. — Дарэчы, ствараючы новыя экспазіцыі ў залах адрамантаванага, адноўленага музея мы таксама спрабуем паказаць, як Пясняр і сёння спрыяе наладжванню культурных стасункаў паміж рознымі народамі”. Між тым першая зала адноўленай музейныя экспазіцыі адкрылася ўжо на мінулым тыдні, і да канца года запрацуюць яшчэ тры — пра тое мы раскажам нашым чытачам пазней. А сёння згадаем пра значныя міжнародныя праекты, кантакты музея.
Здымак Янкі Купалы з аўтографамНовыя экспазіцыі, выставы, кнігі, знаходкі ў архівах і нават стварэнне новых музеяў... Юбілейны для Песняра год багаты на розныя імпрэзы не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.
Нацыянальнае свята ў Вязынцы 7 ліпеня, калі адзначалася 130-годдзе з дня нараджэння Янкі Купалы, сабрала сотні прыхільнікаў яго творчасці, стала знакавай падзеяй года. А супрацоўнікі Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы жывуць ужо новымі клопатамі, прычым многія іх справы прасціраюцца далёка за межы Беларусі. “Цікавасць у свеце да жыцця, творчасці беларускага класіка велізарная, — расказвае дырэктар музея Алена Лашкевіч. — Дарэчы, ствараючы новыя экспазіцыі ў залах адрамантаванага, адноўленага музея мы таксама спрабуем паказаць, як Пясняр і сёння спрыяе наладжванню культурных стасункаў паміж рознымі народамі”. Між тым першая зала адноўленай музейныя экспазіцыі адкрылася ўжо на мінулым тыдні, і да канца года запрацуюць яшчэ тры — пра тое мы раскажам нашым чытачам пазней. А сёння згадаем пра значныя міжнародныя праекты, кантакты музея.
Алена Лашкевіч парадавалася таму, як творча і ў той жа час вельмі па-дзелавому развіваецца супрацоўніцтва Купалаўскага музея з Рыжскай асноўнай беларускай школай імя Янкі Купалы, яе дырэктарам Ганнай Іванэ. Дарэчы, імя Песняра прысвоена школе ў 2010 годзе. Сёлета ў маі там адкрылася выстава “Янка Купала ў дыялогу культур”, прычым дапамагалі яе зладзіць і нашы суайчыннікі з Саюза беларусаў Латвіі. Варта нагадаць, што летась у кастрычніку настаўнікі і вучні школы пяты ўжо раз наведвалі Беларусь. І тады ў адным з інтэрв’ю Ганна Іванэ прызналася, што хоць і пабачылі госці на Міншчыне розныя славутыя месцы, ды больш за ўсё дзецям спадабалася менавіта на радзіме Янкі Купалы, у вёсцы Вязынка. Яна ж нагадала, што на пачатку 1990-х у Рызе была вуліца Янкі Купалы, ды, на жаль, яе пазней перайменавалі.
Нашы суайчыннікі ў Латвіі, вядома ж, зацікаўлены ў тым, каб праз Купалу, яго творчасць і дзеці, і дарослыя далучаліся да беларускага слова, адметнай культуры бацькоў і продкаў. “У рыжскай школе ўжо ствараецца музей Янкі Купалы, — паведаміла Алена Лашкевіч. — Яго навуковую канцэпцыю распрацоўвалі, стваралі нашы супрацоўнікі. А цікавае мастацкае рашэнне прапанаваў мінскі скульптар Павел Вайніцкі. Мяркуецца, што сёлета на школе будзе адкрыта і мемарыяльная дошка”. У 30-я гады, дарэчы, на тэрыторыі Латвіі дзейнічала больш за 30 беларускіх гімназій. І, безумоўна, новы музей будзе спрыяць адраджэнню беларускай мовы ў Латвіі. У рыжскую экспазіцыю Купалаўскі музей з Мінска перадасць шэраг копій дакументаў, фотаздымкаў, будуць зроблены і некаторыя так званыя копійныя музейныя прадметы. Вядома ж, будуць адлюстраваны і “латышскія кантакты” Янкі Купалы, які з 1926 года быў знаёмы са знакамітым латышскім паэтам Янам Райнісам. Сёлета, дарэчы, знойдзены кнігі і здымкі з яго аўтографамі ў сховах Мемарыяльнага музея-дачы Яна Райніса і Аспазіі ў Юрмале. І вайна заспела Песняра ў дарозе, калі ён вяртаўся са з’езда пісьменнікаў Латвіі.
Алена Лашкевіч нагадала, што сёлета імем Янкі Купалы названа адна з плошчаў у ізраільскім горадзе Ашдод, там будзе ўстаноўлены з часам мемарыяльны знак ці стэла ў гонар Купалы. Яшчэ адна краіна на карце свету, дзе памятаюць пра беларускага класіка, — Балгарыя. Сёлета ва ўніверсітэце Плоўдзіва ладзілася фотавыстава “Паэзія Купалаўскіх мясцін”. Фотамайстры, якія вандавалі па тых жа сцежках, дзе хадзіў некалі сёлетні юбіляр, прадставілі на выставу свае лепшыя работы. Пазней прайшла мультымедыйная прэзентацыя выставы і ва ўніверсітэце Беластока (Польшча). І ў Расіі, у Маскве, з якой таксама звязаны важныя падзеі ў жыцці Песняра, нашы суайчыннікі плануюць устанавіць мемарыяльную дошку ў гонар Янкі Купалы.
Нядаўна адноўлена яшчэ адна цікавая старонка біяграфіі класіка — пра яго знаходжанне ў Славакіі ў кастрычніку 1935 года. Тое адбылося дзякуючы старанням даследчыка, загадчыка кафедры беларускай філалогіі Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Міколы Труса. Ён, дарэчы, з’яўляецца і намеснікам старшыні Таварыства дружбы “Беларусь — Славакія”. На мінулым тыдні ў Купалаўскім музеі прэзентавалася яго кніга “Янка Купала ў Славакіі”. Грунтуючыся найперш на матэрыялах перыядычнага друку, аўтар упершыню данёс беларускім чытачам дэталі таго візіту, расказаў, у якіх мясцінах быў, дзе спыняўся і выступаў Купала. Стала вядома, дарэчы, што і не надта любіў паэт трымаць публічныя прамовы, так што часам яго, як сцвярджалі славацкія журналісты, арганізатарам сустрэч і даводзілася на тое ўгаворваць. Народнага паэта Беларусі — а такім званнем ён быў ушанаваны яшчэ ў 1925 годзе — размясцілі 15 кастрычніка ў Браціславе, у шыкоўным пяцізоркавым атэлі “Карлтан”. Потым было знаёмства з самім горадам, экскурсіі ў мястэчка Святы Юр, гарадок Модра, вядомы і цяпер сваёй адметнай керамікай. Выязджала дэлегацыя пісьменнікаў і журналістаў з Савецкага Саюза ў Піешцяны, Высокія Татры, на курорт Новы Смокавец і ў іншыя месцы. Цяпер яны сталі больш блізкімі і для нас.

Іван Ждановіч
Здымак Янкі Купалы з аўтографам
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter