Жывiце пад мiрным небам, людзi!

У чэрвенi 1944 года, вызваляючы Глускi раён ад нямецка-фашысцкiх захопнiкаў, загiнуў экiпаж савецкага бамбардзiроўшчыка...

Расце  ў  Клетным  рабiна...

У чэрвенi 1944 года, вызваляючы Глускi раён ад нямецка-фашысцкiх захопнiкаў, загiнуў экiпаж савецкага бамбардзiроўшчыка. Прозвiшча камандзiра экiпажа капiтана Шустава ўстанавiў настаўнiк мясцовай школы Аляксандр Трыфанаў —  ветэран вайны, узнагароджаны трыма ордэнамi Чырвонай Зоркi. Пасля гэтага родзiчы Шустава не раз прыязджалi на магiлу героя ў вёску Клетнае.

У той брацкай магiле пахаваны таксама радавы 130-й стралковай дывiзii Панцялей Трыгуб, жыццё якога абарвала варожая куля ў суседняй вёсцы Баянава. Устанавiць месца яго нараджэння доўгi час не ўдавалася. Нарэшце Аляксандр Мiхайлавiч адшукаў адрас: сяло Малая Аляксандраўка на Херсоншчыне i напiсаў пiсьмо родным былога салдата...

Трое дзяцей Трыгуба прыехалi ў Клетнае з саджанцам маладой рабiны, якую пасадзiлi каля брацкай магiлы.

“Аўтографы”  земляка

Юрый Левiн – ураджэнец Глускага раёна. Пасля заканчэння школы працаваў у раённай газеце, перад iм адкрывалiся заманлiвыя перспектывы, але грымнула вайна...

На фронце ваеннаму карэспандэнту давялося не раз сустракацца з Канстанцiнам Сiманавым, пiсаць пра гераiзм савецкiх воiнаў. Пасля ранення ён зноў папрасiўся на перадавую...

Пасля вайны Левiн працаваў у разнастайных саюзных выданнях, амаль два дзесяткi гадоў быў уласным карэспандэнтам “Лiтаратурнай газеты” па Уральскаму рэгiёну. Шмат цiкавых артыкулаў i журналiсцкiх  даследаванняў выйшла з-пад яго пяра. Некаторыя з iх ён потым змесцiць у кнiзе публiцыстыкi i зоймецца лiтаратурнай працай як член Саюза пiсьменнiкаў СССР. На свет з’явяцца новыя кнiгi пра вайну i далёкую малую радзiму – Глушчыну.

Адна з апошнiх  —“Аўтографы” – якраз пра дарагiя сэрцу мясцiны. Глушчане любяць чытаць творы свайго земляка, часта тэлефануюць Левiну, цiкавяцца творчымi планамi i здароўем — як-нiяк Юрый Абрамавiч перайшоў дзевяностагадовы рубеж...

Вулiца  iмя  героя

Iду вулiцай Ульяна Рыбака. Бачу новы, са свежых бярвенняў дом. “А цi ведаеце, — пытаюся ў маладых гаспадароў, — на якой вулiцы жывяце?” “А як жа, — адказваюць, — iмя нашага земляка, Героя Савецкага Саюза. Мы iм ганарымся!”

Сапраўды, Ульян Аляксандравiч такога гонару заслугоўвае! У гады Вялiкай Айчыннай вайны ён быў вялiкiм майстрам вайсковай разведкi. Сябры жартавалi: “Ульян заўсёды прыйдзе з уловам. У Рыбака заўжды клюе...”

У 1941 годзе на Карэльскiм перашыйку распачаўся баявы шлях героя. Потым былi Варонежскi, Цэнтральны, Украiнскi франты. Каля шасцi дзесяткаў здабытых “языкоў”, 10 падбiтых варожых танкаў, 200 знiшчаных фашысцкiх салдат i афiцэраў, Парад Перамогi ў Маскве...

Пасля вайны вярнуўся Ульян Рыбак на радзiму ў Глускi раён. Абзавёўся сям’ёй i большую частку працоўнага жыцця аддаў мясцовай вытворчасцi – заводу ў вёсцы Завалочыцы.

Ульяну Аляксандравiчу ўжо пад дзевяноста падбiраецца, але ён не губляе аптымiзму i цiкавасцi да жыцця. Калi наведваецца ў райцэнтр, абавязкова завiтае на вулiцу, якая носiць яго iмя, i пажадае яе жыхарам: “Жывiце пад мiрным небам, людзi!”

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter