Былы кіраўнік шаркаўшчынскай гаспадаркі Павел Пальчэх дапамог узвесці ў аграгарадку царкву

Жыві, Жвіранка!

Калі ў Шаркаўшчынскім раёне спытаць: «Ці ведаеце вы Паўла Пальчэха?», то пачуеце амаль адзін і той жа адказ: «Гэта той старшыня калгаса «17 Верасня» (цяпер ААТ «Жвіранка»), што цвікі лічыў?!» А гісторыя наступная.

Павел Пальчэх з сынам Андрэем.
Фота аўтара

Даручыў Пальчэх цесляру паправіць падлогу на ферме. Выдаў кілаграм гэтых самых цвікоў. Той выканаў работу і далажыў старшыні.

— Дзе астатнія цвікі? — цікавіцца ён.

— Дык у дошкі ж загнаў! — сцвярджае цясляр.

— На падлогу ты зрасходаваў, я палічыў, 20. А ў кілаграм «соткі» лезе 82 штукі. Дзе яшчэ 62?

Тут работніку і дрэнна стала. Вымушаны быў вярнуць лішак.

Як потым гаварыў Пальчэх, не ў цвіках справа, а ў тым, што павінен быць парадак. Той самы цвік — капейка, а капейка рубель беражэ.

Менавіта дзякуючы гаспа­дар­лівасці Павел Пальчэх узводзіў у аграгарадку Більдзюгі для вяскоўцаў не пяць катэджаў у год, як было заданне зверху, а дзесяць. Пабудаваў тры даільныя залы на 1800 кароў. Цэлы жывёлагадоўчы гарадок. У суткі сельгаскааператыў прадаваў

30 тон малака, ці не трэць ад ўсяго раёна. У гаспадарцы неаднаразова праводзіліся абласныя і рэспубліканскія семінары па ўкараненні перадавога вопыту. Узнагаро­джаны дырэктар медалём «За працоўную доблесць».

Амаль паўвека, 47 гадоў, Павел Пальчэх аддаў сельскай гаспадарцы, сваёй малой радзіме. Пачынаў працоўную біяграфію з трактарыста, брыгадзіра ў паляводстве, будаўніка... Дайшоў да кіраўніка сельгаскааператыва, дзе найбольш раскрыўся яго талент.

Пяць гадоў таму Павел Пальчэх пайшоў на заслужаны адпачынак, аднак не ў яго характары сядзець склаўшы рукі. Па просьбе жыхароў аграгарадка і суседніх вёсак ён узяўся за ўзвядзенне ў Більдзюгах царквы: даставаў, як некалі, матэрыялы, знаходзіў спонсараў. І летась храм быў адчынены. Упершыню сёлета тут вяскоўцы святкавалі Вялікдзень і дзячылі галоўнаму віноўніку наваселля.

У гэтыя дні Пальчэх спраўляе 70-годдзе. Са знамянальнай падзеяй Паўла Фёдаравіча прыйшла павіншаваць дэлегацыя пярвічкі Беларускага саюза жанчын: яе старшыня Зінта Валюшкіна, галоўны эканаміст Валянціна Цыркіна, начальнік аддзела кадраў Ганна Без­дзель, бухгалтар Наталля Курачонак. З імі Пальчэх у свой час працаваў. Яны актыўна падтрымалі і пры ўзвядзенні той самай царквы. Амаль дзве гадзіны ў доме юбіляра працягвалася сардэчная сустрэча. Успомнілі былое, пагаварылі аб сённяшнім і будучым акцыянернага таварыства.

Павел Фёдаравіч звярнуў увагу на тое, што патрэбна пастаянна весці дыялог з людзьмі, за што пахваліў Зінту Валюшкіну, якая спраўляецца на асноўнай рабоце як дыспетчар, а таксама як старшыня пярвічкі БСЖ паспявае пабываць і на фермах, і ў полі. Арганізуе культурныя мерапрыемствы, каб вяскоўцы не сумавалі. Уся «Жвіранка» ўдзельнічала ў конкурсе снежных скульптур на пачатку года і заняла першае месца, вый­шла ў прызёры і па лыжным спорце. Ну а сама Зінта Валюшкіна да таго ж стала чэмпіёнкай раёна па стральбе!

— Гэта мой характар! — радуецца за яе Пальчэх. — Адданыя зямлі людзі працуюць у нас. Перацярпелі, выстаялі ў цяжкія часы. І «Жвіранка» будзе жыць і развівацца далей!

Калектыў «Сельской газеты», з якой Павел Пальчэх сябруе амаль паўвека, віншуе юбіляра!

saulich@bk.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter