Жывi, «Бусел Сычкава»

Дэбютны сезон фермера-пчаляра Мікалая Буслаева абнадзейвае

Дэбютны сезон фермера-пчаляра Мікалая Буслаева абнадзейвае

Мікалай чатыры дзесяткі гадоў пчалярыць, з таго часу, як скончыў курсы, а пасля завочна і Смілавіцкі тэхнікум адпаведнага профілю.

Чаму пайшоў у пчаляры, расказвае:

— Жаданне было купіць аўтамашыну “Волгу”, такую, як у пчаляра з суседніх Вербак. Пчалярыў у Кісялевічах, Ламбава, у аграфірме “Бярэзіна” свой пчальнік трымаў.

Адным словам, на “Масквіч” разжыўся. А ў мінулым годзе вырашыў пайсці ў пчаляры-фермеры. Назву сваёй фермерска-пчалярскай гаспадарцы ў Бабруйскім раёне даў “Бусел Сычкава”.

З нецярпеннем чакаў гаспадар пачатку сезона. Аснову яго закладваў з восені: падкормліваў пчол цукровым сіропам, апрацоўваў ад вараатозу (кляшча), уцяпляў вуллі. Усё рабіў, як мае быць.

Увесну пчолы ўвайшлі быццам бы добра. Першы ўзятак быў, а потым... як што абарвала. Мала квецені, няма дзе пыльцу браць. А тут яшчэ апрацоўку рапсу, які па-суседству з пчальніком, правялі, па сутнасці, адбілі лётную пчалу... Тым не менш паўтоны мёду ўзяў, яшчэ тое-сёе засталося ў сотах. Хоць гэта і не той вынік, на які разлічваў...

— Але што зробіш, — працягвае пчаляр, — пчол давялося падкормліваць, 700 кілаграмаў цукру выдаткаваў на крылатых працаўніц.

Ва ўсякім разе, сезон пчаляр заканчвае з невялікім прыбыткам, хоць і разумее: без грашовых укладанняў не абысціся. Трэба высяваць меданосныя травы, закупляць ці самому майстраваць новыя домікі, заводзіць меданосных пчол. Свой невялікі пчальнік — гэта адно, а цэлая пчалярская гаспадарка зусім іншае!

Пчаляр у роздуме. Саступаць са сваёй фермерскай сцежкі не збіраецца. А вопыт, які набыў у час сёлетняга дэбютнага сезона, пастараецца выкарыстаць спаўна.

Зімой можна, як кажуць, перавесці дух. А вясной, ледзь толькі пачнецца абуджэнне прыроды і задзынкаюць пчолкі, бярыся за справу: ачышчай вуллі, падкормлівай крылатых працаўніц, падстаўляй рамкі...

У тэму:

Каментарый спецыяліста па пчалярстве Бабруйскага раёна Марыі Карабанавай:

— “Бусел Сычкава” — чацвёртая фермерска-пчалярская гаспадарка ў нашым раёне. Радуе, што Буслаеў перайшоў на такое актыўнае поле дзейнасці. Праўда, ён не да канца зарыентаваўся ў абстаноўцы: каб хутчэй абнаўляцца, можна было ўзяць крэдыты, субсідыі... А ў адзіночку амаль сотню вулляў не пацягнуць. Буслаеў яшчэ толькі ўваходзіць у новую ролю. Спадзяёмся, у яго ўсё атрымаецца!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter