Жыве бабулiна песня

Радзіма беларускага песняра Якуба Коласа — Стаўбцоўшчына багатая на культурныя традыцыі. Адна з іх – збор старадаўніх песень, паданняў. Аддзел культуры райвыканкома падрыхтаваў і выпусціў з дапамогай Мінскага паліграфкамбіната ім. Я.Коласа ўжо 4 кнігі, у якія ўвайшло амаль усё, што змаглі зрабіць у гэтай справе бібліятэчныя работнікі раёна. Складальнікам гэтых зборнікаў з’яўляецца Людміла Камароўская, якая доўгі час працавала ў музеі Якуба Коласа. Да чарговых “Каласавін” мяркуецца выпусціць пятую кніжку народнай песні. Запланавана ў далейшым выдаць зборнік разам з нотамі.
Такога шчыравання вакол песеннай творчасці мінуўшчыны не сустрэнеш ні ў адным з іншых раёнаў краіны. Расказаць пра гэтую падзвіжніцкую справу мы папрасілі загадчыка аддзела культуры райвыканкома Анатоля Грэкава. — Пачаўшы з кніжак, мы цяпер пайшлі далей: з дапамогай Першага Нацыянальнага канала БТ зрабілі некалькі перадач пад назвай “Шануйце песні свае”. Ёсць у нас таленавітая спявачка народных песень На-дзея Казацкая. Мы часта сустракаемся з ёю, яна выступае перад моладдзю, была дэлегатам з’езда фалькларыстаў Беларусі. Тэлеперадачы з яе ўдзелам вельмі цікавыя, бо сілкуюцца яны з народных глыбінь. Песенную і фальклорную спадчыну мы чэрпаем і з творчасці нашага славутага земляка Якуба Коласа. Праводзім шмат цікавых мерапрыемстваў. Нядаўна прайшло дзіцячае свята, якое так і называлася — “Ся-дзіба новазямельцаў”. Юныя стаўбчане дэманстравалі тое, што атрымалі ў спадчыну ад дзядуляў, бабуль і матуль: ткацтва, кераміку, разьбу па дрэве. Мы стварылі на базе нашай дзіцячай бібліятэкі краязнаўчы аддзел, якога няма, напэўна, у іншых раёнах і які разам з аддзелам адукацыі ініцыіруе розныя мерапрыемствы. Сёлета ў 16-ы раз прайшло свята “Альбуцкая крынічка”. На ім адбываецца своеасаблівая повязь часоў – разам са сталымі жанчынамі да народнай песні далучаюцца дзеці. Дарэчы, маладымі талентамі нядаўна папоўніўся і фальклорны ансамбль з вёскі Мікалаеўшчыны “Коласавы землякі”. Цяпер у ім і настаўнікі, і дзятва, і вясковыя бабулі. На такіх жа прынцыпах будуе сваю работу фальклорны гурт “Гарэзы”, створаны на базе Шашкоўскага адукацыйна-культурнага цэнтра. Ім кіруе заслужаны работнік культуры Дзіна Уладзіміраўна Кухарава, за плячыма якой ужо 78 гадоў. Яна з задавальненнем перадае спадчыну юным прадаўжальнікам. — Анатоль Васільевіч, гэта ж цудоўна, што не страчваюцца энтузіязм, збіральніцкі імпэт. Чым можна растлумачыць, што ў кожны ваш зборнік народных песень знаходзяцца ўсё новыя тэксты, новыя словы, тады як мы, здавалася б, аддаляемся па часе ад першакрыніц? — Тут імпульс ідзе ад нашых работнікаў культуры. Самае галоўнае было пачаць, а цяпер гэтая справа працягваецца. Яна нават ахінута своеасаблівым духам саперніцтва, спаборніцтва. Ага, вось гэтая песня ёсць у тым зборніку, а такой няма. І прапануецца новы цікавы тэкст. Успамінаюцца куплеты, якія, думалася, ужо назаўжды адышлі ў нябыт. Тут спрацоўвае калектыўная памяць: нехта памятае адны радкі, другі—іншыя... Кропля за кропляй – і аднаўляюцца старадаўнія тэксты, мелодыі, якія гучаць для большасці зусім па-новаму. — Анатоль Васільевіч, тое, аб чым вы тут распавядалі, тычыцца практыкі збірання і захавання народнай спадчыны. А якім чынам вы папулярызуеце гэтыя набыткі? — Пачынаючы з 1985 года ў нас ва ўрочышчы Бервянец праводзілася традыцыйнае свята народнай творчасці “Красуй, Беларусь!”. Цяпер, праўда, у сувязі с вялікімі транспартнымі выдаткамі мы яго перанеслі ў Стоўбцы, на стадыён “Юнацтва”. Пры дапамозе яго паказваем землякам нашы дасягненні ў гэтым напрамку. Таксама традыцыйна, а сёлета ў 20-ы раз, праводзім фестываль народных і ўзорных калектываў “З музыкай да Коласа”. Частка іх праграм абавязкова павінна складацца з фальклорных твораў. Рэпертуар рыхтуецца толькі на беларускай мове. Ці ўзяць фестываль юных музыкантаў “Сымон-музыка”. Тут таксама гучаць толькi беларускія мелодыі. А запрошаныя калектывы з замежжа паказваюць свае фальклорныя знаходкі. Тое ж можна сказаць і пра штогадовы агляд дзіцячых тэатраў “Казкі жыцця”. У іх аснове творчасць беларускіх пісьменнікаў Кандрата Крапівы, Якуба Коласа. У гэтым напрамку добра працуе заслужаны дзеяч культуры Марыя Канстанцінаўна Грэсь. Разам з аддзелам адукацыі райвыканкома мы стварылі ў раёне 7 адукацыйна-культурных цэнтраў. Бо лічым, што культустановы павінны працаваць разам са школамі, а кіраваць цэнтрамі мэтазгодна дырэктарам школ. У нас нядрэннай атрымалася такая “змычка” ў Дзераўным, бо там ёсць яшчэ і школа мастацтваў. А ўвогуле ў раёне музычным выхаваннем ахоплена 750 навучэнцаў 1—9-х класаў. Паказчык даволі высокі. І гэта дае нам магчымасць наладжваць нашы праграмы на багатым, каларытным беларускім матэрыяле. — Пэўна, ёсць на Стаўбцоўшчыне калектывы, можа з ліку народных ці ўзорных, якія пабывалі і на міжнародных конкурсах, прывезлі адтуль узнагароды? — Так, у нас склалася добрая практыка выездаў артыстаў за межы рэспублікі. Дапамагаюць гэтаму і асабі-стыя кантакты. Напрыклад, з Калі-нінградскай вобласцю Расіі мы сябруем з 1985 года. Там пабывалі за гэты час 34 калектывы, ва Уладзімірскай вобласці — 19. У Падмаскоўі выступілі зноў жа 34 гурты. З Жашкоўскім раёнам Чаркаскай вобласці Украіны таксама ўсталяваны сяброўскія адносіны. Туды з’ез-дзіла больш за 20 калектываў. Не кажу пра больш блізкую геаграфічна Польшчу, дзе мы дэманстравалі сваю творчасць за гэты час звыш 50 разоў. Нашы спевакі і музыканты пабывалі ў Германіі, Францыі, Італіі. Вось і зараз атрымана запрашэнне Ласінаастроўскага раёна расійскай сталіцы прыняць удзел у днях Масквы. Развіваем і гастрольную дзейнасць. З мастацтвам нашых сама-дзейных артыстаў добра знаёмы глядач і слухач з розных гарадоў Міншчыны, а таксама Гродзеншчыны, Віцебшчыны, у свой час выступалі нават на “Славянскім базары”. — На Міншчыне цяпер штогод праводзіцца песенны фестываль “Напеў зямлі маёй”... — Стаўбцоўскія песеннікі — пастаянныя яго ўдзельнікі. За два апошнія гады маем чатырох лаўрэатаў і дыпламантаў гэтага фестывалю. А сёлета ў рамках конкурсу музычных школ стаў лаўрэатам гурт “Святлана” Коласаўскай школы мастацтваў. Я сам некалі працаваў выкладчыкам музыкі і спеваў і лічу, што прафесіяналізм гэтай катэгорыі інтэлігенцыі павінен працаваць на культуру. З удзелам педагогаў створаны і падтрымліваюць высокі мастацкі ўзровень “Святлана” і “Славяначка” з Коласава, “Берагіня” і “Кругліца” са Стоўбцаў. А цудоўныя духавыя аркестры “Віціны”, “Васількі” з гарадскога Дома культуры сталі лаўрэатамі абласнога свята духавой музыкі “Майскі вальс”. — І як, паводле вашых меркаванняў, успрымаецца старадаўняя беларуская песня за мяжой? — Скажу шчыра, пэўна, не было такога фестывалю, дзе б песні ў выкананні нашых самадзейных артыстаў не ішлі на біс. Ва Уладзімірскай вобласці мы прымалі ўдзел у “Баўленскіх вечарах” у Кальчугінскім раёне, а ў пасёлку Стаўрова ў міжнародным свяце “Сярэбраныя трубы”. Нашы выступленні завяршыліся там сапраўдным трыумфам. І гэта, паверце, самая лепшая ўзнагарода і майстэрству нашых выканаўцаў, і наогул беларускаму мастацтву, і яго багатай культурна-асветніцкай спадчыне. — Гэтыя традыцыі будзе каму працягваць надалей? — Абавязкова. У нас вельмі таленавітая моладзь. Я ганаруся тым, што Беларусь тут перасягае, можа, іншыя краіны. І калі на авансцэне з’яўляецца такая змена, нашым лепшым культурным традыцыям наканавана жыць. І тое, што засталося нам у спадчыну ад дзядоў і бабуль, будзе беражліва захоўвацца і развівацца.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter