Жывая праўда аб вайне

Каб зрабiць нарыс, Аляксей Бабкоў знайшоў чалавека, якога лiчылi загiнуўшым

Каб зрабiць нарыс, Аляксей Бабкоў знайшоў чалавека, якога лiчылi загiнуўшым

Бабруйчанiн Аляксей Бабкоў размяняў дзевяты дзесятак, але па-ранейшаму ён баявы i напорысты, энергiя б’е цераз край. Гэта, мабыць, у Аляксея Сяргеевiча з нараджэння, але шмат дала i армейская загартоўка. Апрануў ён армейскую форму ў юным узросце: дакументы згарэлi ў вайну, таму прыбавiў пару гадоў, каб трапiць на фронт. Хлопца аберагалi больш вопытныя байцы, тым не менш яму не аднойчы давялося пабываць пад абстрэламi, у розных складаных сiтуацыях, выпрабаваць сябе на мужнасць i адвагу.

Шэсць з паловай кадравай, а потым яшчэ тры дзесяткi гадоў звыштэрмiновай службы. Быццам бы званне невысокае – прапаршчык, але Бабкоў быў генералам сваёй справы, майстрам ваджэння цяжкiх танкаў, трапнага агню. Пра яго пiсалi ў брашурах, лiстоўках, вядомы беларускi паэт-франтавiк Пятро Прыходзька прысвяцiў яму свой верш «Ганяўся вецер, ды адстаў». Не дзiва, што Бабкоў стаў важаком моладзi, сталеў як майстар-прафесiянал i як адметная асоба. Займаў афiцэрскiя пасады: ардынарац, старшы ардынарац адразу ў пяцi камандуючых пятай танкавай армii, у тым лiку генерал-лейтэнантаў Салтана Магаметава i Мiхаiла Зайцава.

Аляксея заўжды вабiла журналiсцкая справа. Яго няўрымслiвай натуры хацелася занатоўваць нялёгкiя армейскiя буднi, глыбока i прадметна расказваць пра тых, хто ў адзiным ратным страi. Яго матэрыялы з задавальненнем друкавалi ў дывiзiённай i акруговай газеце «Во славу Родины». Мог бы i па журналiсцкай сцяжынцы пайсцi, але так i застаўся пры сваiх непасрэдных абавязках.

Аднак пiсаць працягваў. Толькi пашырыў тэматыку сваiх выступленняў, зрабiў акцэнт на расказы пра ўдзельнiкаў Вялiкай Айчыннай вайны, сваiх баявых таварышаў. I ў гэтым сэнсе паказальным стаў нарыс пра танкiста Героя Савецкага Саюза Дзмiтрыя Тараскава, якi лiчыўся загiнуўшым. У мар’iнагорскай часцi, дзе некалi служыў герой публiкацыi, вiсеў яго партрэт у чорнай рамцы. Бабкоў пачаў шукаць iнфармацыю пра Тараскава: пiсаў у архiвы, родным, блiзкiм. Аказалася, той жывы! У баi за Чаркасы танк Тараскава прарваўся ў цэнтр горада, дзе быў падбiты... Тараскаў быў цяжка паранены, яго потым падабралi свае... Доўга ляжаў у шпiталi, а пасля, як акрыяў, яго накiравалi ў iншую вайсковую часць. Бабкоў запрасiў Тараскава ў мар’iнагорскую часць, ён выступаў перад афiцэрскiм саставам, маладымi воiнамi. Канешне, сустрэча пакiнула незабыўнае ўражанне. I вось з’явiўся нарыс «Чалавек з легенды», пiсаць, як кажуць, было з чаго!

Потым быў твор «Ля сваёй магiлы», кнiга нарысаў «Iх подзвiгi золатам гараць». А потым «выстралiў» аўтабiяграфiчнай аповесцю «Усё жыццё навiдавоку», якую «разбавiў» расказамi пра сваiх вядомых землякоў — ураджэнцаў Сенненшчыны: генерала Даватара, лётчыка Гараўца... Кнiга атрымалася ў многiх адносiнах павучальная, бо праз яе аўтар паказаў цэлы перыяд ваеннага i пасляваеннага жыцця.

Ну а пасля дэмабiлiзацыi Аляксей Сяргеевiч больш прадметна заняўся журналiстыкай. З-пад яго пяра выйшла кнiжка пра гiсторыю 5-й гвардзейскай танкавай армii, у якой служыў, пра герояў-танкiстаў, тых, хто вызначыўся на палях бiтваў. Гэта больш за сто публiкацый, каля дзвюх соцень фотаiлюстрацый. Аўтару давялося шмат сустракацца з людзьмi, узняць архiўныя матэрыялы.

Своеасаблiвы працяг гэтай кнiгi – «Горад на Бярэзiне памятае аб вайне», выдадзеная да 65-годдзя вызвалення горада i краiны ад нямецка-фашысцкiх захопнiкаў. У ёй успамiны тых, хто прыняў самы непасрэдны ўдзел у аперацыi «Баграцiён». Гэта танкiст Саламон Гарэлiк, партызан Сяргей Сiкорскi, партызанская сувязная Вера Харужая. Кнiга – жывая праўда аб вайне, помнiк тым падзеям i, вядома ж, будзе добрай падтрымкай у ваенна-патрыятычным выхаваннi.

Колькасць кнiг, выдадзеных Бабковым, дасягнула дзесяцi. У планах напiсанне новых – пра Азарыцкi лагер смерцi, хоча занатаваць расказы падлеткаў пра ваенны час.

— Я сам прайшоў праз вайну i хачу ўражаннi аб ёй данесцi да чытача, — кажа Аляксей Сяргеевiч. — Каб такое нiколi не паўтаралася.

Адзначым яшчэ, што Аляксей Бабкоў вызначыўся на нiве грамадскай дзейнасцi: адказны сакратар савета ветэранаў ЖЭУ-7, уваходзiць у склад кiруючага органа гарадской арганiзацыi Беларускага саюза афiцэраў.

Аляксею Сяргеевiчу пiшуць, да яго звяртаюцца, хочуць падтрымлiваць сувязь. Шчыра кажучы, сам, рыхтуючы гэты матэрыял, болей адчуў глыбiню i значнасць гэтага чалавека, прасякнуўся да яго павагай. I няхай гэткая яго патрэбная людзям праца не канчаецца!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter