Вядомы мінскі гурт “Дударыкі” заваяваў Гран-пры на фэсце “Звіняць цымбалы і гармонік”

Жывая музыка Паставаў

Пра музычную славу прыгожага горада-райцэнтра з Віцебшчыны далёка па свеце пайшла слава. У прыватнасці, і на майскім з’ездзе Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Расіі” ў Маскве пра Паставы згадвалі. Адна з зямлячак, спадарыня Людміла, з гонарам казала: “Я з Паставаў, дзе праходзіць фэст “Звіняць цымбалы і гармонік”. А мая мама — паэтка Ніна Маркаўна Захарэвіч — не былі знаёмыя? Няма ўжо яе… Фэсту яна прыгожыя вершы пісала-пасвячала, ёй належыць і радок: “свята душы народнае”…

Таленавітыя “Дударыкі” пакарылі і журы, і гледачоў фэсту “Звіняць цымбалы і гармонік”
Таленавітыя “Дударыкі” пакарылі і журы, і гледачоў фэсту “Звіняць цымбалы і гармонік”

Адметнасць сёлетняга фэсту і ў тым, што праходзіў ён у Паставах у 18-ы раз, аднак быў юбілейным: прыхільнікі народнай музыкі адзначалі яго 25-я ўгодкі. Бо пачынаўся фэст, з ініцыятывы Тадэвуша Стружэцкага ды яго аднадумцаў, у чэрвені 1989-га святам “Іграй, гармонік!” у Віцебску (дарэчы, на год раней за “Славянскі базар”!), аднак, пабываўшы і ў Магілёве, з 1992-га звініць ды грае ў Паставах. Цяпер гэта свята і горада, і ўсіх, хто ўлюбёны ў родныя мелодыі, адраджае традыцыі народнай музыкі, пашырае аўтэнтычнае мастацтва, зберагае музычную спадчыну продкаў. Фэст ужо ўмацаваўся ў міжнародным статусе. Сёлета, напрыклад, выступала каля сотні гасцей-музыкаў з замежжа: Польшча, Украіна, Расія, Літва, Латвія, Эстонія. Ды і наша зямля па-ранейшаму багатая на цымбалістаў ды гарманістаў — прыехала на свята з дзясятак гуртоў. Найбліжэй было дабірацца мясцовым: з Пастаўшчыны родам унікальныя “Груздаўскiя музыкi” ды і “Паазер’е”. Былі яшчэ ансамбль народных інструментаў “ArtGame-квінтэт” з Урыцкай дзіцячай школы мастацтваў Гомельскага раёна (ім кіруе цымбалістка Таццяна Сыравежкіна), ансамбль гарманістаў “Аношкаўскiя музыкi” з Нясвіжскага раёна (кіраўнік Аляксей Андросік, прызнаваўся, грае на акардэоне, гармоніку, дудзе, сапілцы, жалейцы, басэтлі)... Бярыце іх на заметку, паважаныя актывісты беларускіх суполак замежжа, ды наладжвайце творчае супрацоўніцтва.

А вось пра поспехі, пра ўдалыя, у тым ліку і замежныя выступленні-гастролі гурта “Дударыкі” з 14-й мінскай гімназіі, якім кіруе Дзмітрый Ровенскі, мы не раз расказвалі. І ў чарговы раз ёсць нагода, як бачна з падзагалоўка. “У Паставах нашы “Дударыкі” ўзялі Гран-пры! — падзялілася прыемнай навіною скрыпачка Ліна Ровенская. — Высокая ўзнагарода — вынік працы не толькі кіраўніка Дзмітрыя Ровенскага, але і ўсяго калектыву ансамбля. І кожнага з гімназістаў-артыстаў! У прыватнасці, над танцамі старанна працавала Вера Варашылава, па класе скрыпкі — Ірына Чаюкова. Была з калектывам і хормайстар Таццяна Юхновіч. І хоць песень на гэты раз у праграме не было, яна сама грала на гармоніку, а яшчэ прыглядала за малодшымі дзецьмі. Вы бачылі б іх вочы, у іх столькі радасці, захаплення! Іхнія творчыя перамогі толькі пачынаюцца. Ну а сёлетнія выпускнікі “Дударыкаў” не мелі магчымасці паехаць у Паставы: пачаліся ўступныя іспыты. Самыя старэйшыя ўдзельнікі былі — вучні 8 класа. На конкурсе мы паказвалі наш каронны нумар — Крупіцкую польку”.

Сам сталічны гурт “Дударыкі”, якому больш за 40 гадоў, — яскравы прыклад таго, што і ў горадзе, і ў дзіцячым асяродку вечна маладая і сучасная народная музыка можа быць у вялікай пашане. “Хоць зернейкі засохшымі былі,/ Усё ж такі жыццёвая іх сіла/ Збудзілася і буйна ўскаласіла/ Парой вясенняй збожжа на раллі” — гэтыя знакамітыя радкі Максіма Багдановіча можна аднесці і да народнай музыкі. Яна таксама ў любы момант гатовая быць жывою музыкаю ў нашых душах — толькі прыадчыніце іх трошкі. Дайце месца ёй там, дзе гучыць часам нешта зусім чужое, негарманічнае, нават разбуральнае.

Па спасылках у інтэрнэце мы знайшлі цудоўныя здымкі, зробленыя бацькамі юных артыстаў-“дударыкаў”. Калі б фармат газеты дазваляў — далібог, можна даць на разварот: і як ідуць артысты ў святочных строях па вуліцах Паставаў, і як хвалююцца, чакаючы выхаду на сцэну, і як здымаюцца на памяць усім гуртом... Выбралі здымак — з узнагародамі. Момант шчасця! Гран-пры! “Безумоўна, дзеці разумелі ўсю адказнасць мерапрыемства, вельмі хваляваліся, — паведамляе Ліна Ровенская. — І трэба было бачыць іх твары, калі аб’явілі: у нас Гран-пры! А яшчэ на свяце мы бачылі цікавыя выступленні гуртоў з Эстоніі, Латвіі, Літвы, Расіі, Украіны. Было так цікава! Паставы прынялі вельмі хлебасольна, горад усіх уразіў сваёй прыгажосцю. Марым яшчэ прыняць удзел у гэтым цудоўным свяце!”

Што ж, паважаныя “дударыкаў­цы”, у вас усё наперадзе! Бо, як казаў журналістам старшыня журы фэсту, народны артыст Міхаіл Казінец, народная музыка жывая, пакуль жыве душа чалавека.

Іван Ждановіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter