Жывая малітва слоў

Для таго, каб у праваслаўных храмах Бацькаўшчыны часцей гучала беларуская мова, патрэбен адпаведны настрой душаў вернікаўУ прыходскім доме Свята-Петра-Паўлаўскага сабора Мінска нядаўна гаварылі: як пашырыць быццё роднай мовы ў праваслаўных храмах Беларусі. Прэзентаваліся і новыя праваслаўныя выданні па-беларуску. На імпрэзу, якую ладзілі супрацоўнікі выдавецтва сабора, былі запрошаны члены Біблейскай камісіі па перакладзе Свяшчэннага Пісання на беларускую мову, святары, журналісты.
Для таго, каб у праваслаўных храмах Бацькаўшчыны часцей гучала беларуская мова, патрэбен адпаведны настрой душаў вернікаў

У кожнага — свой шлях да храмаУ прыходскім доме Свята-Петра-Паўлаўскага сабора Мінска нядаўна гаварылі: як пашырыць быццё роднай мовы ў праваслаўных храмах Беларусі. Прэзентаваліся і новыя праваслаўныя выданні па-беларуску. На імпрэзу, якую ладзілі супрацоўнікі выдавецтва сабора, былі запрошаны члены Біблейскай камісіі па перакладзе Свяшчэннага Пісання на беларускую мову, святары, журналісты.
Сёння мова беларуская — не чужая ў шэрагу храмаў, але “рабочай мовай” святароў пад час пропаведзяў, богаслужэнняў, а таксама таінстваў яе не назавеш. Яно і зразумела: раней звярталіся ў храмах да Бога пераважна на царкоўнаславянскай. Доўгі “мараторый” на развіццё царкоўнай лексікі быў у савецкі час, і за мяжой храмаў з набажэнствамі па-беларуску няшмат. Ды ўжо больш за дваццаць гадоў царква і мова, як гаваралася на імпрэзе, узаемапрыстасоўваюцца. Выдаецца адпаведная літаратура.
Настаяцель сабора протаіерэй Георгій Латушка, які і намеснік старшыні Біблейскай камісіі ды галоўны рэдактара выдавецтва, паведаміў: цяпер богаслужэнні па-беларуску праходзяць як у гэтым саборы, так і ў іншых храмах Мінска, Гродна, Івянца... Родная мова стала больш актыўна выкарыстоўвацца ў пропаведзях, узрастае попыт на рэлігійныя выданні па-беларуску. Шэраг з іх выйшлі ў свет у выдавецтве сабора пры ўдзеле Брацтва ў гонар Віленскіх мучанікаў. У іх ліку “Праваслаўны малітваслоў” для прыхаджанаў і святароў, а таксама богаслужбовае “Свяшчэннае Евангелле”, якое выкарыстоўваецца ў храмах.
З цікавым паведамленнем выступіў протаіерэй Сергій Гардун, які расказаў пра асаблівасці працы над “Малітвасловам”. А як родная мова выкарыстоўваецца ў храмах Гродзеншчыны, расказаў іерэй Ігар Данільчык, ён служыць у знакамітай Барыса-Глебскай Каложскай царкве ў Гродне. Сам Ігар — выпускнік Гродзенскага ўніверсітэта.
Увагуле, як адзначалася пад час размовы, многія праваслаўныя святары гатовы весці службы па-беларуску, аднак для гэтага патрэбен і адпаведны настрой душаў вернікаў. І калі нават у двух з іх будзе такое жаданне — святары пойдуць насустрач. Вядома ж, у выбары мовы для набажэнстваў не павінна быць прымусу. А тое, што беларуская мова ў грамадстве запатрабаваная, айцец Сергій пацвердзіў, расказаўшы выпадак з уласнага жыцця. Адзін з вернікаў, згадаў, папрасіў яго памаліцца па-беларуску і так вытлумачыў сваё жаданне: “Мы ўсе карыстаемся рускаю моваю — яна побытавая. А беларускай карыстаюцца нямногія. Так яна і становіцца элітнай, бо гэта — велічная і прыгожая мова. Мы, старэйшае пакаленне, цяпер не вывучаем яе, амаль не карыстаемся ёю — але ж любім!”

Іван Іванаў

На здымку:
У кожнага — свой шлях да храма
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter