Жывая крэпасць з шаснаццацi дубоў

Калi  трошкi  напружыць  фантазiю,  можна  ўявiць,  аб  чым  гамоняць  дрэвы...

Калi  трошкi  напружыць  фантазiю,  можна  ўявiць,  аб  чым  гамоняць  дрэвы...

Уся зямля беларуская бязмерна палiта крывёю. Партызанскi ж азёрны ушачскi край асаблiва шматпакутны. Па яго тэрыторыi праходзiла сапраўдная лiнiя фронту. Аб гэтым зноў i зноў успамiналi ветэраны на сустрэчы ва Ушачах, у славутым мемарыяльным комплексе “Прарыў”. Тут вясной 1944 года фашысты арганiзавалi карную экспедыцыю. Аб яе маштабах сведчыць такi факт: ворагi знялi з iншых франтоў звыш 60 тысяч салдат i афiцэраў. Амаль месяц партызанскiя атрады i злучэннi вытрымлiвалi нашэсце механiзаванай “эсэсаўскай чумы” ў чорных мундзiрах. Тым самым лясныя героi паспрыялi падрыхтоўцы, а затым iмклiваму правядзенню наступальнай аперацыi “Баграцiён”. 

У мемарыяльным комплексе “Прарыў” у памяць аб тых векапомных днях высаджана i 16 дубкоў, якiя iмклiва абяцаюць стаць магутнымi дрэвамi-волатамi. А чаму менавiта 16, а не 10 цi 20 i г.д.? 

Аказваецца, у тым таксама ёсць свая патрыятычная сiмволiка. У час фашысцкай блакады ў партызанскай зоне памiж Полацкам—Лепелем—Ушачамi дзейнiчалi i прынялi на сябе страшэнны ўдар карнiкаў 16 партызанскiх брыгад. А кiраўнiком адной з аператыўных груп полацка-лепельскай партызанскай зоны з’яўляўся мужны сын беларускага народа Уладзiмiр Лабанок. Яго iмя цяпер носiць музей баявой славы мемарыяльнага комплексу “Прарыў”. 

Адной з брыгад у час фашысцкай блакады камандаваў кадравы афiцэр Уладзiмiр Гiль. Пад Талачыном ён быў цяжка паранены i трапiў у палон. Нейкiм чынам яму ўдалося ўвайсцi ў давер да ворага. Савецкi афiцэр паабяцаў, што будзе дапамагаць рэйху. Таму Уладзiмiру Гiлю даверылi сфармiраваць з ваеннапалонных своеасаблiвую “добраахвотную армiю” для барацьбы з партызанамi i iншымi працiўнiкамi акупацыйнага “новага парадку”. 

Каля трох тысяч былых ваеннапалонных, добра ўзброеных i абмундзiраваных, у жнiўнi 1943 года выступiлi на “барацьбу супраць рускiх”. Так хацелася гiтлераўскiм iнструктарам. А на самай справе “добраахвотнiкi” павярнулi зброю супраць захопнiкаў пад сцягам 1-й антыфашысцкай партызанскай брыгады. Былыя вязнi разграмiлi моцны фашысцкi гарнiзон чыгуначнай станцыi Круляўшчызна. Удала закончыўся рэйд “добраахвотнiкаў” у Вiлейку. Адзiн за другiм байцы 1-й антыфашысцкай брыгады знiшчылi яшчэ некалькi варожых гарнiзонаў. Прафесiянальна дзейнiчалi яны i ў час фашысцкай карнай экспедыцыi. Але пры выхадзе з блакады быў смяротна паранены камбрыг Уладзiмiр Гiль. Пахавалi яго ў Галубiцкай пушчы... 

Гэта гераiчная i журботная старонка мiнулага мае нечаканы i светлы працяг. Нядаўна ва Ушачы прыехаў сын загiнуўшага камбрыга Вадзiм Уладзiмiравiч Гiль. Тут адбылася ягоная сустрэча i знаёмства з ветэранам вайны Iванам Адамавiчам Мандрыкам. Сын паведамiў, што жыве i працуе ў Мiнску, з’яўляецца кандыдатам навук, узначальвае лабараторыю аднаго з iнстытутаў Нацыянальнай акадэмii навук Рэспублiкi Беларусь. I з сумам дадаў, што ягонаму бацьку сёлета спаўняецца сто гадоў з дня нараджэння. Але ў памяцi ўсiх ён застаўся маладым патрыётам, якi здолеў узняць на бiтву за вызваленне роднай зямлi каля трох тысяч ваеннапалонных. 

...Аб нечым таемным шапочуць на сваёй мове шаснаццаць маладых дубкоў. Калi трошкi напружыць фантазiю, зрок i слых, то можна ўявiць, аб чым гамоняць дрэвы. Яны задаволены ўвагай нашчадкаў да гераiчнага мiнулага. Калi сонца свецiць толькi днём, то памяць мае няспынны зарад энергii. Праз дубовы гай яна пранясе эстафету вялiкага подзвiгу да новых пакаленняў. З наказам шанаваць заваяваныя такой дарагой цаной мiр i свабоду. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter