Жыватворны агонь пісьменства

Зацверджаны план па рэканструкцыі і аднаўленнi Быхава

У наступным годзе ён заззяе ў старажытным Быхаве

У час пасяджэння Нацыянальнага аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзеннi Дня беларускага пісьменства ў Быхаве, якое правёў намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Анатоль Тозік, было адзначана, што невялікі гарадок на Дняпры ў гісторыі нашай краіны — знакавы. У ім нямала помнікаў даўніны, якія сведчаць аб высокім культурным узроўні і адукаванасці насельніцтва краю. На жаль, толькі адзінкі з багатай спадчыны захаваліся да нашага часу ў выглядзе руін.

Як распавёў карэспандэнту «Р» намеснік старшыні Быхаўскага райвыканкама Аляксандр Папкоў, у час наведвання райцэнтра віцэ-прэм’ерам Анатолем Тозікам быў зацверджаны план мерапрыемстваў па рэканструкцыі і аднаўленнi сацыяльна значных аб’ектаў горада. У прыватнасці, будуць мадэрнізаваны гарадскі кінатэатр і культурны цэнтр, гасцініца і Палац спорту, а таксама праведзена кансервацыя і аднаўленне ахоўных вежаў старадаўняга замка.

Апрача таго, 1 верасня наступнага года ў 20-ы Дзень беларускага пісьменства будзе завершана рэспубліканская навукова-творчая экспедыцыя «Дарога да святыняў» з прыбыццём Жыватворнага агню ад Гроба Гасподняга. Па згодзе з Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі шлях экспедыцыі праляжа па святых мясцінах — манастырах і храмах, а таксама ўстановах адукацыі — школах і ўніверсітэтах, дамах сацыяльнага прытулку, у тым ліку і дамах для ветэранаў Мінскай і Магілёўскай абласцей.

Па ініцыятыве Міністэрства інфармацыі праграма правядзення Дня беларускага пісьменства будзе ўключаць пасяджэнні круглых сталоў з удзелам беларускіх і замежных пісьменнікаў, будзе праведзена навукова-практычная канферэнцыя на беларускай мове «Быхаўскія чытанні». Таксама запланавана ўзнагароджванне пераможцаў рэспубліканскага конкурсу за лепшыя творы ў галіне паэзіі, прозы, драматургіі, які заснаваны Саюзам пісьменнікаў Беларусі. Пераможцам конкурсу ўручаць спецыяльныя дыпломы і статуэткі «Залаты Купідон». Акрамя таго, у рамках Дня беларускага пісьменства пройдзе фестываль кнігі і прэсы, а таксама вялікі святочны канцэрт майстроў мастацтваў Беларусі.

У час работы Нацыянальнага аргкамітэта па правядзенні Дня пісьменства ў Быхаве міністр інфармацыі краіны Алег Праляскоўскі заўважыў: «Дзень беларускага пісьменства — гэта па-сапраўднаму нацыянальнае свята. Святочныя мерапрыемствы праходзяць не толькі ў горадзе-сталіцы, але і па ўсёй рэспубліцы. Вялікая работа праводзіцца па рэканструкцыі і рамонту помнікаў гісторыі і культуры, добраўпарадкаванні вуліц і плошчаў у гарадах — сталіцах свята. Гэтае мерапрыемства збірае тысячы гасцей з усёй Беларусі і з-за мяжы. За час свайго існавання Дзень беларускага пісьменства стаў найважнейшым ідэалагічным мерапрыемствам, значнай падзеяй у культурным жыцці краіны».

Фота: www.bykhov.net

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter