У адной з галерэй Мінска дэманструюцца карціны, якія выклікаюць настальгічныя ўспаміны

Жывапісны летапіс эпохі

Карціны, пісаныя нават сто гадоў таму, зберагаюць у сабе фарбы даўно мінулых дзён. А настальгія па тым, што адышло, узнікае значна раней. Цяпер, прынамсі, узрастае цікавасць да творчасці мастакоў савецкага часу. І цалкам лагічна, што ў такой плыні часу ўзнікаюць выставачныя рэтра-праекты. Адзін з іх — выстава з калекцыі Мастацкай галерэі “ЛаСандр-арт” пад назвай “Адлюстраванне мінулай эпохі”.

Гэта жывапіс савецкіх мастакоў, імёны і творы якіх памятаюць прыхільнікі мастацтва: Беніямін Басаў, Іосіф Белановіч, Генрых Бржазоўскі, Віктар Варламаў, Яўген Красоўскі, Мікалай Куйчык, Віталь Цвірко, Алена Шастоўская… Прадстаўленыя працы — унікальныя. І майстэрства мастакоў, і узрост прац надаюць ім цану, і тое, што жывапісных карцін савецкага перыяду ад сапраўдных майстроў у Беларусі застаецца ўсё менш. З пачатку 90-х галерысты Захаду праяўляюць вялікую цікавасць да жывапісу савецкай эпохі. Шмат выдатных работ было вывезена за мяжу. Цяпер да мастацкіх каштоўнасцяў, што засталіся, і ў Беларусі ставяцца з вялікай пашанай. А карціны ж можна цаніць і як мастацкія дакументы эпохі, на іх “закансерваваны” настроі, думкі і пошукі пэўнага часу.

На карцінах у мастацкай галерэі цікава разглядаць рэальных людзей, рэальныя сюжэты: на іх адлюстравана жыццё ў розных праявах. Рэальнасць падсвечваецца марамі творцаў, а штодзённасць суседзіць з палётам фантазіі. І светлы настрой для наведнікаў галерэі — гарантаваны.

Іван Іванаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter