Жыццёвыя унiверсiтэты

Яшчэ раз пра вернасць свайму прызванню

Яшчэ раз пра вернасць свайму прызванню

Зуфар

Аднойчы ён завiтаў у карпункт «Р»:

«Я з вёскi Чырвоны Бераг Жлобiнскага раёна. Вырошчваю лекавыя раслiны…»

Кадзiкаў скончыў Казанскi унiверсiтэт. Працаваў у Пскоўскай вобласцi. «Мы някепска ўладкавалiся, але спынiлi свой выбар на Беларусi. Тут адметная прырода, добразычлiвыя людзi. У Чырвоным Беразе ў ляснiцтве працаваў, узвёў дом, разводзiў свае раслiны, праводзiў доследы…»

З ранняй вясны да позняй восенi на сядзiбе Кадзiкава незвычайная гама колераў. Зуфар Сабiрзянавiч расказваў:

— Вось тут брыёнiя, а тут – кiзiл, аралiя, элеўтэракок… Звычайна актынiдыя дае ўраджай па 5 кiлаграмаў з куста, а ў мяне ўсе 20 выходзiць… Я вывучаў гэту раслiну ў НДI Хабараўска, дзе праходзiў практыку.

— А колькi ў вас раслiн на ўчастку?

— Больш за дзве сотнi. Завозiў iх з розных месцаў, знаёмыя па пошце дасылалi... Мы, аматары такой справы, хутка сабе аднадумцаў знаходзiм.

Ён назваў свой участак Садам здароўя. Многiя пра яго чулi, заказваюць сушаныя зёлкi. У часопiсе «Хозяин» Зуфар на працягу некалькiх год вёў адпаведную рубрыку. Нядаўна кнiгу выпусцiў, збiрае матэрыял на новую.

Нядаўна я тэлефанаваў яму: «Як справы?» – «Нiчога, — адказваў, — рыхтуюся да чарговага сезона. Працую з ахвотай i задавальненнем. Ужо надзейна асеў на беларускай зямлi, разрастаюцца мае каранi: дачка выкладае ў мясцовым аграрным каледжы, сын працуе на БМЗ, падрастаюць унукi. I ўсё ладзiцца».

Дзве Ганны

Пра гэтых самадзейных артыстаў не раз расказвалi ў мясцовай прэсе i па тэлебачаннi. Як зацягнуць «Рушнiкi» i «Цячэ вада ў ярок», здаецца, так i слухаў бы: у Анi Зубрыкавай голас звонкi, аж трымцiць, у яе цёзкi Анi Балыка – больш нiзкi, мякчэйшы. Адна пачынае, другая гарманiчна працягвае.

Самадзейныя артысты з Вялiкiх Бортнiкаў, што ў Бабруйскiм раёне, выступалi на розных сцэнах i ўсюды мелi поспех, заслужаныя апладысменты. Аня першая i Аня другая маглi б выступаць i на прафесiйнай сцэне. Прапановы былi. Аднак яны засталiся вернымi роднай зямлi.

Ганна Зубрыкава амаль чатыры дзесяткi гадоў загадвала Домам культуры (цяпер працуе мастацкiм кiраўнiком). Скончыла толькi курсы, затое якiя жыццёвыя унiверсiтэты прайшла!..

А Балыка паўстагоддзя на чале Вялiкабортнiкаўскай бiблiятэкi. Лiтаратуру яна заўсёды любiла, байкi Крапiвы чытала са сцэны так, што зал — покатам: «Вось дык Барысаўна, вось дык малайчына!» На мой погляд, землякi яшчэ не да канца ўсвядомiлi ролю i значэнне гэтых энтузiястаў культуры ў мясцовым маштабе.

Яўгенiя

Яўгенiя працавала на бабруйс-кiм заводзе «Беларусьгума-тэхнiка». Мела сям’ю, дзяцей. Усё як ва ўсiх. I раптам загарэлася дапамагаць узводзiць храм у роднай Прошчы пад Асiповiчамi. Раней ён там быў, побач з цудадзейнай крынiчкай. Дык вось, за свае пенсiйныя грошы Яўгенiя купiла невялiкi дамок, з дапамогай добрых людзей перавезла яго ў Прошчу. Там i жыла. Адна i ўлетку, i ўзiмку. Прыехаў аднойчы бацюшка: «Хто тут гаспадар?» — «Я, — адказвае, — напэўна, Гасподзь мяне паслаў». Так Яўгенiя стала i за вартаўнiка, i за будаўнiка… Дачакалася новага храма i стала дапамагаць весцi царкоўныя справы.

Бацюшка Генадзiй расказваў, што зараз пры храме створана сястрынства. У лiку яго энтузiястаў – Яўгенiя.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter