Жыццёвыя скрыжалі Васіля Зянько

"Васіль Васільевіч, чаму ў вашага альбома такая велічная, біблейская, можна сказаць, назва — "Скрыжалі"? — першае, што спыталася ў фотамайстра, калі ўзяла ў рукі новую кнігу выдавецтва "Рыфтур". Пытанне тое мела права на існаванне, і пастаянныя чытачы "НГ", якія нярэдка бачаць работы Васіля Зянько, нашага даўняга і адданага сябра, на старонках газеты, несумненна, мяне зразумеюць. На здымках, якія прывозіць у рэдакцыю фотакарэспандэнт стаўбцоўскай раённай газеты "Прамень", заўсёды радуецца, сумуе, гарэзуе або павольна струменіць само Жыццё. Жыццё звычайных, простых людзей... І тут раптам — скрыжалі... Васіль Васільевіч хітравата ўсміхнуўся: "А ты на эпіграф да кніжкі паглядзі..."

"Таемны вы, зямлі скрыжалі! // Чаго ў сабе вы не ўпісалі..." Ну, канешне, як жа стаўбцоўскі фатограф абыдзецца без Якуба Коласа. І скрыжалі (запавет) роднай зямлі сёння, і заўсёды, і на векі вечныя — ці не галоўная тэма ўсіх яго фотаздымкаў.
Кожны з калег, каму хоць аднойчы давялося працаваць з Васілём Зянько, пацвердзіць: з ім надзіва лёгка рыхтаваць матэрыял. Заўсёды жартаўліва-добразычлівы, ён хутка знаходзіць агульную мову з людзьмі. Таму і на фота ў яго ўсе твары — шчырыя, усе паставы — нязмушаныя, нават жывёлы, якіх ён здымае, даверліва глядзяць у аб`ектыў.
Зрэшты, лепш адзін раз убачыць, чым некалькі разоў прачытаць. На жаль, нельга паказаць усё, што запісаў фотакамерай на сваіх "Скрыжалях" майстар. Але трэба спадзявацца, што чытачы "НГ" яшчэ неаднойчы ўбачаць урыўкі з гэтых запісаў на старонках сваёй газеты.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter