Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Пражыўшы нялёгкае жыццё, вядомы вучоны-гісторык Мікалай Улашчык зямны свой шлях давяршыў нарысам пра родную беларускую вёску Віцкаўшчыну

Жыццёвая сіла селяніна

Вокладка кнігі, прэзентаванай у Маскве
На пачатку года прыйшла вестка: памяць пра земляка маскоўскія беларусы ўшанавалі салідна — у Дзелавым і культурным комплексе Пасольства Беларусі. Там прайшла творчая вечарына — круглы стол “Мікалай Улашчык (1906—1986): Памятаем — Слухаем — Чытаем”. А сабраліся беларусы з нагоды 110-й гадавіны ад нараджэння і 30-х угодкаў памяці гісторыка і літаратара. Як паведаміў на сайце ЗБС “Бацькаўшчына” Віктар Чайчыц, сустрэчу зладзіла Нацыянальна-культурная аўтаномія “Беларусы Масквы” ( у якой спадар Віктар — намеснік старшыні) пры падтрымцы дыпмісіі, з удзелам гістарычнага факультэта Маскоўскага дзяржуніверсітэта імя М. Ламаносава. Больш падрабязна пра тое чытайце ў цікавай публікацыі “З беларускай упартасцю”: Аляксей Каўка пра Мікалая Улашчыка”.

Сярод людзей, хто прыйшоў аддаць даніну павагі вялікаму і мужнаму чалавеку, быў гісторык-геральдыст Станіслаў Думін. Помніцца, я пісаў пра яго, бо пошукі, знаходкі вучонага тычацца і нашых тэрыторый, асабліва родаў татарскіх, якіх яшчэ з часоў Вялікага Княства Літоўскага тут нямала. І тады адкрылася, што паважліваму, удумліваму стаўленню да гісторыі спадар Станіслаў вучыўся якраз у беларуса Мікалая Улашчыка. І яшчэ: сам Станіслаў Уладзіміравіч мае родавыя карані з Беларусі.

Магчыма, нават дзеля таго, каб адшукаць сваю роднасці і блізкасць, варта нам заглядваць у гісторыю. І тут нам узорам можа быць Мікалай Улашчык. Гэта ён упершыню выдаў беларускія летапісы ў серыі “Поўны збор рускіх летапісаў”: 32-і ды 35-ы тамы. На выставе ж у Пасольскім ДКК была прадстаўлена творчая спадчына вучонага. Што важна: да яе ёсць інтарэс! Бо там была і яго найноўшая кніга Даць народу гісторыю”, выдадзеная ў Мінску — яе ўкладваў, прэзентаваў вядомы паэт, журналіст Міхась Скобла. Дэманстраваўся ў Маскве і відэазапіс выступлення вучонага ў тэлестудыі “Ліра” Беларускага тэлебачання ў лютым 1986-га.

Чым цікавы для нас жыццёвы досвед Мікалая Улашчыка? Не толькі тым, што ён з вёскі Віцкаўшчыны, з сялян Койданаўскай воласці (цяпер тэрыторыя Дзяржынскага раёна Міншчыны) выйшаў у вялікі свет: напрыканцы жыцця, да 1986-га, быў навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі АН СССР. Не толькі тым, што вядомым стаў і як доктар навук (гісторык, археограф, этнограф, краязнавец), і як літаратар. Галоўная перамога беларуса ў тым, што ён не здаўся, і застаўся нацыянальна свядомым, сумленным чалавекам, прайшоўшы праз сталінскія лагеры. Прычым — не аднойчы. Першы раз выпускніка педагагічнага факультэта БДУ арыштавалі ў 1930-м, калі прызвалі на вайсковую службу ў Ленінград. Абвінавацілі ў тым, што ён нібыта кіруе маладзёжным цэнтрам не iснуючага “Саюза вызвалення Беларусі”. Саслалі ў Вяцкую вобласць. Там — зноў арыштаваны ў 1932-м, пасля следства паўторна этапаваны ў 1933-м ужо ў Марыінскі лагер (Новасібірская вобласць), а потым і ў Кемераўскую вобласць. Быў вызвалены восенню 1935-га — без права вяртання ў Беларусь. Ён так і працаваў педагогам у розных навучальных установах Расіі, у 1939-м аказаўся ў Ленінградзе — і там на пачатку вайны зноў быў арыштаваны, высланы... Цяжка пераказаць ягоную біяграфію. Звернем увагу: нават пасля вайны, у 1949-м, ужо калі працаваў у Маскоўскім універсітэце, ён быў звольнены з працы, потым — арыштаваны, і яшчэ амаль пяць гадоў быў у лагеры — да 25 сакавіка 1955 года.

І ўявіце сабе: пасля ўсяго гэтага ён змог зрабіць сваё жыццё. Вось дык сіла ў сына беларускага селяніна! Чытаючы, абдумваючы тое,  што напісаў Мікалай Улашчык, можна павучыцца ў яго мудрасці вялікіх беларусаў: аніколі не трэба здавацца!

Голас Радзімы № 8 (3512), чацвер, 23 лютага , 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter