Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Жыхарка Слоніма Леанарда Рэўкоўская, заснавальніца вядомага нават за межамі Беларусі фестывалю “Паланэз”, здольная сфармуляваць у розныя моманты жыцця “надзённыя лозунгі”

Жыццёвае крэда пані Леанарды


Тое, што нас не забівае, робіць нас мацнейшымі


Пані Леанарда нарадзілася ў польскай сям’і, шляхецкім родзе ў Заходняй Беларусі непадалёку ад Слоніма: на той час то была тэрыторыя Польшчы. Яе бацьку рэпрэсавалі ў 1950-м, а крыху пазней прыйшлі за астатнімі членамі сям’і. “Гэта было ў красавіку 52-га, — згадвае, глыбока ўздыхаючы, Леанарда Іосіфаўна. — Ноччу нас разбудзіў моцны стук у дзверы. Мама адчыніла, пабачыла ўзброеных людзей з Народнага камісарыята ўнутраных спраў. Перапуджаныя і ў слязах, мы чакалі, што будзе далей. Госці правяралі ўсё, што было ў доме. А раніцай, нічога не знайшоўшы, маме і нам з сястрой загадалі: “Збірайцеся, выходзьце з рэчамі. Вы, як нядобранадзейныя, падлягаеце перасяленню ў аддаленыя раёны Савецкага Саюза”. Вось так яшчэ адна сям’я стала “сибиранцами”: так у тыя часы называлі ўсіх рэпрэсаваных і сасланых”.

Цэлы месяц, расказвае мая суразмоўца, яны ехалі ў таварным вагоне ў Паўднёвы Казахстан. Холад, голад, смага, поўная антысанітарыя, пастаянны плач дзяцей... Калі ж прыбылі на канцавую станцыю, кіраўнікі мясцовых калгасаў і проста жыхары пачалі выбіраць сабе людзей для працы: “Нас не выбраў ніхто, бо каму ж мы былі патрэбныя: схуднелая жанчына і двое такіх жа дзяўчынак 12 і 10 гадоў? Нас проста высадзілі з вагона і пакінулі пасярод поля. Два дні сядзелі на санцапёку, і толькі на трэці па нас прыехаў старшыня калгаса імя Кірава Пахтааральскага раёна ды забраў нас з сабой”.

Там вырошчвалі бавоўну. Але працаўнікі з перасяленцаў атрымаліся дрэнныя: ніхто не мог вытрымаць спёкі, таму й зарабіць сабе на пражытак не маглі. Выжыць у тых умовах дапамагала мясцовае насельніцтва. Па гэты дзень яна памятае твары казахаў, тых незвычайных, знешне зусім не падобных на перасяленцаў людзей, якія не размаўлялі па-руску — і захапляецца іх добрымі сэрцамі. Дзякуючы ім прыезджыя не памерлі з голаду, выжылі.   ➔ Стар. 3

Не адступаць і не здавацца

Жыццёвыя цяжкасці-нягоды не зламалі яе, а толькі загартавалі. Чым больш пані Леанарда сустракала перашкод, тым настойлівей станавілася. Перажыўшы вайну, высылку, распачала барацьбу з бюракратыяй — і дамаглася рэабілітацыі, хоць на тое спатрэбілася амаль 40 гадоў. У 56-м яны ўтрох вярнуліся на Радзіму, ды іх тут ніхто не чакаў. Бацькоўскі дом перавезлі ў іншую вёску, зрабілі ў ім фельчарска-акушэрскі пункт, а гаспадарку сям’і размеркавалі па калгасах. Прытуліла ўсіх у Слоніме старэйшая сястра Леанарды: яе сям’ю рэпрэсіі абмінулі, бо муж быў у партызанах.

“Мы жылі ізгоямі сярод сваіх, — працягвае пані Леанарда. — Нам нічога не было “положено”, бо мы — дзеці ворага народа”. Таму і дамагалася рэабілітацыі. Былі напісаны дзясяткі лістоў, зваротаў, просьбаў аб пераглядзе справы бацькі. І ўрэшце яна дамаглася новага расследавання. У 1991-м былі падняты з архіваў усе дакументы, апытаны людзі, якія ведалі бацьку Леанарды. А ў 92-м яе бацька і маці былі пасмяротна рэабілітаваныя. Крыху пазней рэабілітавалі й усіх астатніх членаў сям’і: сямёра іх дачок. Як кажа Леанарда Іосіфаўна, гэта была яе самая вялікая перамога.

Міжнародны культурны фестываль “Паланэз” упрыгожвае старажытны горад Слонім

Любі Радзіму. Бязродныя доўга не жывуць

У польскай мове ёсць прыгожыя словы “любе”, “кохам” і “міле” — блізкія да беларускіх “кахаць”, “любіць”. Як лічыць пані Леанарда, “люблю” — гэта адзінае слова, якое можа тварыць цуды і нават “перавярнуць свет”: “Я люблю сваю Радзіму. Гэта мае карані, мая мова, мая вера і жаданне пакінуць пасля сябе добрую спадчыну”. Дзякуючы яе намаганням і настойлівасці польская мова ў Слоніме атрымала нібы другое дыханне: упершыню, пачынаючы з 1939 года, ёй удалося дамагчыся афіцыйнага дазволу Міністэрства адукацыі Беларусі на адкрыццё ў 1992 годзе ў школе №1 класа па вывучэнні польскай мовы. Яе жаданне захаваць сваю родную мову і культуру праз песенны і танцавальны фальклор натхніла гэтую вельмі моцную і актыўную жанчыну на стварэнне ў горадзе ў 1989 годзе народнага хору і танцавальнага калектыву “Лыскавічка”.

Ёсць яшчэ справа, якую Леанарда Іосіфаўна лічыць самай важнай для яе на гэтай зямлі: аднаўленне закінутых з 1939 года могілак воінам Войска Польскага. “Там пахаваныя салдаты, якія загінулі на Слонімшчыне ў 1918 годзе, у Першую сусветную, — удакладняе пані Леанарда. — За 60 гадоў туды, як кажуць, не ступалі нагой. Калі ў 93-м мяне абралі кіраўніцай Слонімскага аддзялення Саюза палякаў на Беларусі, то ўдалося сабраць валанцёраў, якія на працягу трох гадоў кожную суботу прыходзілі працаваць на закінутыя могілкі”. У 2001-м па праекце польскіх спецыялістаў тыя могілкі былі нанова адбудаваныя.

Шмат артыкулаў напісала пані Леанарда на гістарычную тэматыку, у абарону польскай мовы. У Польшчы выйшлі дзве яе кнігі: “Непераможная любоў” і “Быць полькаю на крэсах” — пра тое, як жывецца людзям удалечыні ад гістарычнай радзімы, пра любоў да роднай мовы і культуры, да людзей. “Вы не падумайце, нас тут ніхто не крыўдзіць, — заўважае. — У Беларусі няма розніцы: беларус ты па нацыянальнасці, рускі, паляк ці яўрэй. Мы ўсе працуем, нам усім плацяць зарплату, пенсію, у нас ва ўсіх аднолькавыя сацыяльныя льготы. Але ж нам, прадстаўнікам нацменшасцяў, жывецца цяжэй. Бо туга па радзіме — гэта як душэўная хвароба. Яна прымусіла нас у 56-м вярнуцца. Яна прымушае мяне пісаць, адраджаць польскую культуру, мову. І хоць я выдатна гавару на беларускай, рускай і польскай мовах , аднак думаю толькі па-польску”.

Жыццё — як бумеранг...

Пані Леанарда прысвяціла жыццё захаванню і развіццю на беларускай зямлі культурнай спадчыны польскага народа — таму і мае шмат урадавых узнагарод Польшчы. “Іх, пэўна, больш, чым у любога іншага грамадзяніна Беларусі! — смяецца, пачуўшы маё чарговае пытанне. — Напрыклад, у 2005-м атрымала нагрудны знак “За заслугі перад польскай культурай”. У 2006-м Прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі ўзнагародзіў мяне Крыжам “Засланцам Сібіры”. Атрымала дыплом і прэмію ад польскага таварыства знаўцаў прэсы Stopka: за артыкулы ў польскіх газетах. Гэта быў першы выпадак, калі адзначылі аўтара з Беларусі”.

Для мяне ж у тым анічога нечаканага няма. Мудрацы кажуць: “Жыццё — гэта бумеранг, і ўсё тое, што мы ў Сусвет дасылаем, да нас жа й вяртаецца”. Жыццё Леанарды Рэўкоўскай і ёсць таму пацверджанне.

Голас Радзімы № 14 (3518), чацвер, 6 красавіка, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter