Жыццё з багатым і разнастайным зместам

Як справы, дыяспара?Паводле публікацый у беластоцкай “Ніве”.
Кожны месяц на маім рабочым стале з’яўляецца тоўстая бандэроль з Беластока, у якую ўкладзены чатыры-пяць нумароў газеты “Ніва” — адзінага ў свеце беларускага штотыднёвіка за межамі нашай краіны. Змест газеты — багаты, разнастайны. У “Ніве” адлюстроўваецца жыццё беларускай дыяспары ў Польшчы. Аднак найперш яна адрасавана чытачам Падляскага ваяводства (мяжуе з Гродзеншчынай і Брэстчынай), дзе жыве нямала беларусаў. Згадаю некаторыя адметныя публікацыі “Нівы” канца мінулага года. А прысвечаны яны важным падзеям у беларуска-польскіх узаемадачыненнях.

Супрацоўніца “Нівы” Міра Лукша ў вялікім, багата аздобленым фатаграфіямі рэпартажы “Другі вечар беларускай культуры” расказвае пра імпрэзу, арганізаваную ў Цэнтры праваслаўнай культуры ў Беластоку.

Ініцыятарамі вечара сталі таксама Пасольства Беларусі ў Польшчы, Генеральнае консульства ў Беластоку (консул Міхаіл Аляксейчык, падкрэслівае аўтар, найбольш спрычыніўся да арганізацыі сустрэчы) і Беларускае грамадска-культурнае таварыства. У праграме вечара, вельмі багатай, знайшлося месца нават тэатру: Беларускі паэтычны тэатр аднаго акцёра паказаў фрагмент спектакля “Пачакай, сонца!”, створанага паводле рамана ўкраінскай пісьменніцы Ліны Кастэнкі “Маруся Чурай” у перакладзе Ніны Мацяш. Дырэктар мінскага выдавецтва “Чатыры чвэрці” Ліліяна Анцух прэзентавала пераклад кніжкі вядомага польскага пісьменніка Рышарда Курэйчыка “Славян-скі світанак”. Ладзілася і выстава “Лінія формы” мінскіх мастакоў Уладзіміра і Тамары Васюкоў, у якіх ужо ёсць вучні і на Беласточчыне. Як піша Міра Лукша, вечар, “поўны шчырых прамоў пра супрацоўніцтва і блізкасць народаў”, завяршыўся агністым канцэртам пастаўскага ансамбля “Паазер’е”.

* * *

“Ніва” паведаміла, што ў канцы мінулага года ў Варшаве адбыўся ІV кангрэс Аб’яднання “Польшча – Беларусь”, створанага 15 год назад.

Цяпер у гэтай арганізацыі каля дзвюх тысяч сяброў, аб’яднаных у некалькіх аддзяленнях. Пасля даклада і дыскусіі ўдзельнікі кангрэса зацвердзілі галоўныя напрамкі работы на 2007–2012 гады. Плануецца супрацоўніцтва ў сферы навукі, адукацыі, культуры, а таксама работа з моладдзю. У прыватнасці, мяркуецца і надалей праводзіць у Польшчы Алімпіяды беларускай мовы, конкурсы. Старшынёй аб’яднання перавыбраны прафесар Баляслаў Хмялінскі.

* * *

У 2008-м годзе будзе адзна-чаць паўвекавую гадавіну Беларускае літаратурнае аб’яднанне “Белавежа”, яго цяпер узначальвае паэт і вучоны Ян Чыквін.

Да юбілею выйшаў калектыўны зборнік “Шлях па прамой часу. 1958–2008” (Беласток, 2007), адрэцэнзаваны на старонках “Нівы” Раінай Стэфанчук. Беластоцкія, мінскія і нават лонданскія (прафесар Арнольд Макмілін) аўтары аналізуюць у кнізе творчасць Яна Чыквіна, Уладзіміра Гайдука, Галіны Тварановіч, Сакрата Яновіча, Алеся Барскага і іншых “белавежаўцаў”. Аб’яднанне здолела даць чытачу 150 (!) кніжак прыгожага пісьменства і выдаваць штогоднік “Тэрмапілы”. Значэнне “Белавежы” добра паказала Галіна Тычка з Мінска. Па яе меркаванні, беларуская літаратура Беласточчыны другой паловы ХХ ст. мае вельмі шырокі, агульнаеўрапейскі кантэкст.

Адам Мальдзіс
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter