Жыццё як яно ёсць

Еўропа? Наша, савецкая!
Многiя, прыязджаючы з-за мяжы, асаблiва са Швецыi цi Фiнляндыi, расказваюць пра розныя дзiвы дзiўныя. Адно з iх: там на вулiцах стаяць веласiпеды. Нiчыйныя, агульныя! Для патрэбы тых, каму неабходна некуды дабрацца хутка i з карысцю для здароўя. Узяў чалавек на стаянцы ровар, праехаў да магазiна цi да бальнiцы два-тры кварталы — зноў пакiнуў на стаянцы, каб мог пакарыстацца нехта iншы. Зручна! Экалагiчна чыста! Для здароўя карысна! I што для нашых людзей самае неверагоднае, амаль што фантастычнае — нiхто iх там не крадзе!
Расказваюць, што такую ж сiстэму паспрабавалi ўкаранiць у сталiцы Эстонii Талiне. Там жа таксама Еўропа — Еўрасаюз i ўсё такое. I менталiтэт не расiйскi, усё ж блiжэй да таго ж шведскага цi фiнскага...
Экалагiчныя арганiзацыi Еўропы пад гэтую, здавалася б, карысную для ўсiх справу выдзелiлi значныя фiнансавыя сродкi. Гарадская адмiнiстрацыя закупiла вялiкую партыю самых сучасных веласiпедаў. Была арганiзавана рэкламна-прапагандысцкая акцыя ў сродках масавай iнфармацыi, пабудаваны спецыяльныя стаянкi.
Веласiпеды купiлi i паставiлi ў найбольш людных месцах. Людзi бралi сабе i ехалi па патрэбе.
Але... Праз некалькi дзён нiчыйных ровараў стала меней. Праз некалькi тыдняў — яшчэ менш. А потым i ўвогуле стаянкi бясплатных веласiпедаў апусцелi.
Усё ж, як паказала гэтая акцыя, хоць яны i Еўропа — але ж наша, савецкая. I хай сабе робяць выгляд, што рускую мову забылiся начыста, але сэнс салодкага слова “халява” разумеюць без перакладу.
Хоць станоўчы вынiк у гэтай акцыi быў: усё ж пэўная частка гараджан стала весцi здаровы лад жыцця, раскатваючы на “прыхватызаваных” веласiпедах. I экалагiчна чыстага транспарту ў горадзе пабольшала. Праўда, толькi ў асобна ўзятых грамадзян...
“Дзярэўня”
Хвароба звяла iх у бальнiчнай палаце адной са сталiчных клiнiк, такiх розных i такiх падобных. Абедзвюм — крыху больш за дваццаць, абедзве — поўныя прагi жыцця. Адна — студэнтка унiверсiтэта, другая — касiр чыгуначнай станцыi ў невялiкiм гарадку. У адной — каханнi-заляцаннi-спатканнi, у другой — муж, двухгадовы сын i мара пра другое дзiця, якой урачы пакуль што не дазваляюць збыцца. У адной турботы пра пачаўшуюся — без яе!!! — сесiю i не здадзеную ў час курсавую, у другой — пра няполатыя грады i каб “падшыты” з паўгода таму муж “не сарваўся”.
Да першай цугам iдуць наведвальнiкi з гасцiнцамi, якiмi яна шчодра дзелiцца з суседкай па палаце, спачуваючы, што тую нiхто не праведвае: далёка, час гарачы. I ў знак удзячнасцi за тое, што, калi ляжала слабая, нямоглая, тая глядзела за ёй, як за малым дзiцем.
Мабiльныя тэлефоны — неад’емная выгода цывiлiзацыi i незаменная крынiца зносiн, асаблiва ў бальнiцы — не змаўкаюць нi ў адной, нi ў другой.
Студэнтцы неяк патэлефанаваў былы аднакласнiк. Карэнны мiнчанiн, iнтэлiгент мо ў пятым пакаленнi, студэнт гiстарычнага факультэта, ён прынцыпова размаўляе толькi на беларускай мове. Ну i яна з iм — адпаведна.
— Ты як гэта гаворыш? — ускiнулася на ложку, як пачула чыстую, не “ператрэсеную” русiзмамi i дыялектызмамi, беларускую мову, суседка. — Гавары нармальна!
Не зважаючы на яе, дзяўчына працягвае размову.
Маладая мацi, слухаючы яе, i пырскала смехам, i моршчылася незадаволена, i перакрыўлiвала... Урэшце, калi сябры развiталiся, пайшла ў наступ:
— Ты што, нармальна, па-руску, гаварыць не можаш?
— Я ўсяляк магу, — спрабавала перавесцi размову ў жарт студэнтка. — Нават па-англiйску i па-нямецку. Як са мной чалавек гаворыць, так i я з iм.
— I што, гэты твой хлопец гаворыць толькi па-беларуску?
— Так.
— Але ж гэта дзярэўня!
Сорамна чужым сорамам
Гэтую павучальную гiсторыю пачула ад калегi, рэдактара адной з “раёнак”.
Запрасiлi яго неяк, як пераможцу адпаведнага конкурсу, на вельмi прадстаўнiчы рэспублiканскi, з удзелам шматлiкiх мiжнародных дэлегацый, экалагiчны форум.
 Падзея была i сапраўды адметная, i раённы гарадок, у якiм ён праводзiўся, да яе падрыхтаваўся як мае быць: вулiцы вымецены-вымыты, клумбы стракацяць усiмi колерамi вясёлкi i вабяць разнастайнымi водарамi — нават самыя адмысловыя кветкаводы мелi тут на што падзiвiцца. Газоны шчацiняцца аксамiтнай зелянiнай свежаскошанай траўкi, дрэўцы i кусты нiбы выйшлi з цырульнi ад самага экстравагантнага майстра, кожны са сваёй прычоскай — адна мудрагелiсцей другой. Словам, прыгажосць — вачэй не адвесцi.
I трэба было ўдзельнiкам гэтага форуму па задумцы сцэнарыстаў прайсцi ўрачыстым шэсцем з адной гарадской плошчы на другую.
— Iдзём мы, а я гляджу: мiж нашымi радамi не-не, ды i мiльганецца нехта ў да болю знаёмых аранжавых камiзэльках, — расказваў затым калега. — То тут, то там. Што ўжо, думаю, робяць у такi святочны момант дворнiкi, няўжо раней нельга было навесцi парадак? Ды i прыбрана ўсё, здаецца — лепш, чым у хаце якой гаспадынi. Прыгледзеўся: а яны паперкi падбiраюць цi яшчэ якое смецце, якое раптам “выпадае” з рук каторага дэлегата-эколага: у каго абгортка ад цукеркi, у каго — пачак з-пад цыгарэт цi насоўка папяровая. Каб, значыць, за нашым шэсцем было гэтак жа чыста, як i перад iм. I людзям, гараджанам, не давялося чырванець за эколагаў...
Гэта называецца: сорамна чужым сорамам...
Скажы мне, што ты збiраеш...
Калекцыянеры розныя бываюць. Хто маркi збiрае, хто паштоўкi, хто пачкi з-пад запалак. Ёсць i такiя, хто калекцыянiруе бутэлькi з рознымi напоямi: каньякамi, вiнамi дарагiмi. Цi самай звычайнай гарэлкай, але памятным датам  прысвечанай. Да прыкладу, гэтую пляшку на палiцу паставiлi пасля сынавага 18-годдзя, гэтую — як ён у войска iшоў, гэтую — калi вярнуўся...
Iван таксама бутэлькi збiраў. Але пустыя — поўныя ў яго чамусьцi не трымалiся. “Збiраў” не ў сэнсе, каб здаць затым i капейку на пахмелку зарабiць — такiх i пад платамi хапае. А Iван памятныя калекцыянiраваў.
— Вось гэтая бутэлька, — паказваў ён з гонарам, — з-пад маёй “шлюбнай” гарэлкi, у сваты некалi з гэтай пляшкай ездзiлi. З гэтай — дыплом мой iнжынерны абмывалi. А з гэтай — звальненне з работы — ох, i пагудзелi ж тады!
— А вось гэтая — самая памятная i дарагая, — пяшчотна, як жывую, пагладжваў ён самую звычайную паўлiтроўку з-пад “Рускай”. — Яе я “раздавiў” сам, у адзiночку — пасля суда, як з жонкай развёўся...
Вось i не вер пасля гэтага, што часам калекцыя можа расказаць пра жыццё чалавека куды больш, чым аўтабiяграфiя.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter