Жыццё вучыла не па кнігах.

Лепшым старастам Асіповіцкага раёна прызнана Наталля Барадаўка с вёскі Замошша Вяззеўскага сельсавета.

“У дэпутата мясцовага Савета ёсць улада і дзяржаўнае мысленне, — кажа старшыня Асіповіцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Пузік. — Але не стае часу дайсці да кожнага стыхійнага сметніка, а часам і бракуе ўмення працаваць з людзьмі. Таму мы зрабілі стаўку на нефармальных вясковых лідараў”.

Многія з паўтары сотні вёсак Асіповіцкага раёна выміраюць: у некаторых няма нават магазіна. Іх жыхарам патрэбна дапамога ў вырашэнні матэрыяльных пытанняў, але найперш чалавечая ўвага і спагада. Каб быць бліжэй да такіх вёсак, улады Асіповіцкага раёна пайшлі шляхам арганізацыі дамоў сацыяльных паслуг — зараз іх больш за 40. Гэта звычайныя вясковыя хаты, у якія адпаведна з раскладам прыязджаюць старшыні сельсаветаў, медыкі ды сацыяльныя работнікі. На агульных сходах жыхары абралі вясковых стараст — найчасцей імі становяцца актыўныя гаспадыні дамоў сацыяльных паслуг. 
Наталля Барадаўка ведае ў Замошшы і наваколлі ўсё і ўсіх — ад бабулькі Еўдакіі Шылец, якая ў сакавіку адзначыла векавы юбілей, да немаўляці Аляксандры Хлус. Сама нарадзілася ў Замошшы, бацька працяглы час працаваў старшынёй сельсавета. У горад выязджала толькі “па адукацыю”, потым вярнулася на малую радзіму, каб працаваць загадчыцай бібліятэкі.
— Толькі на стогадовым юбілеі суседкі даведалася, якая ў яе малая пенсія, — спяшаецца выкарыстаць наш візіт на карысць замашанцаў Наталля Сцяпанаўна. — У калгасе бабуля працавала, якія там былі заробкі! Можа, за шаноўны ўзрост нейкія надбаўкі існуюць? Сто гадоў чалавеку — гэта ж сама гісторыя жыве побач!
У Замошшы засталося 88 гаспадарак, дзве сотні жыхароў і... толькі 12 кароў ды два конікі. Заняпала вёска: тры гады таму зачыніліся сярэдняя школа і ФАП, цяпер пад пагрозай пошта. Мусіць, пасля лета і яна пачне працаваць па прынцыпе аўталаўкі. Яшчэ на пачатку мінулага дзесяцігоддзя цэнтр гаспадаркі і сельсавет перамясціліся ў Вяззе. Вяззе і Замошша хоць і адносяцца да аднаго сельсавета, але знаходзяцца за два дзесяткі кіламетраў, па розныя бакі Асіповіч. Без калгаснай базы замашанцам кепска:
— У нас жа свінаферма была, бычкі і коні, першы на раёне сямейны падрад на ферме, — кажа Наталля Барадаўка. — Гаспадары на падворках трымалі сотню кароў. Вясной гора не ведалі — пайшоў, выпісаў гной і саджай. А цяпер у пустую зямлю хто саджаць будзе? А з Вяззя везці дорага, прасцей купіць тыя самыя тры мяхі бульбы.
Добрая палова замашанскіх гаспадароў вясной пазычае ў Сцяпанаўны каня. Яна не адмаўляе, бо горш за ўсё гаспадыні глядзець на пустую зямлю і мёртвыя вокны пакінутых хат.
— Мяне хвалюе пытанне з сенам, — падчас экскурсіі па Замошшы Наталля Сцяпанаўна вырашае бягучыя праблемы са старшынёй Вяззеўскага сельсавета Іванам Вярыгам. — Хацелася б, каб сена можна было не толькі атрымаць за здадзенае цяля, але і купіць у калгасе. Бо людзі сталага веку, касіць няма чым, прывезці няма на чым...
— Гэта магчыма толькі пры добрым ураджаі, — тлумачыць Вярыга. — Гаспадарцы ж найперш трэба пра свой статак дбаць. Лішкі прадасць, калі яны будуць.
Такіх, як Сцяпанаўна, карэнных замашанцаў, у вёсцы засталося няшмат: хто ў Асіповічах, хто ў Мінску. Навічкі часам зусім далёкія ад вясковых традыцый.
— У нас жа 101-ы кіламетр, — кажа жанчына. — Усе, каго выкідвае сталіца, асядаюць у такіх вёсачках. Сталічныя рыэлтары добра папрацавалі з абменам іх гарадскіх кватэр на разбітыя хаты. І п’яныя былі, і нарката. Неяк “сцерліся” самі — хто памёр, каго пасадзілі. Ёсць, што і выправіліся, адну дзяўчынку вярнулі з прыюта бацькам.
Своечасова заўважыць пітушчую сям’ю і не пабаяцца прыйсці да бацькоў з участковым ці інспектарам па ахове дзяцінства — яшчэ адна задача вясковага старасты.
— Апошнім часам нашы вяскоўцы, што раней прадалі бацькоўскія хаты і падаліся ў горад, цікавяцца, ці можна прыдбаць тут дачу, — кажа Сцяпанаўна. — Эканамічная сітуацыя паказвае, што трэба быць бліжэй да зямлі: гады два таму дачнікі рабілі газоны ды вешалі гамакі, а сённа аруць зямлю. А я кажу, не трэба было прадаваць сваю хату. Гэта тое, што засталося нам ад бацькоў...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter