Бестэрміновую забарону на вясновае паляванне на вадаплаўную дзіч установяць у 26 паляўнічых угоддзях краіны

Жыццё пад прыцэлам

Здавалася б, за акном зіма, прырода спіць і эколагам рана яшчэ будаваць планы на вясну. Але ёсць тэма, якая хвалюе і паляўнічых, і прыродаахоўныя службы круглы год, — гэта вясновае паляванне, у адносінах да якога і тыя і іншыя не так даўно дасягнулі крохкага міру. Ужо з 1 студзеня 2015 года ў сілу ўступіць адпаведны дакумент Мінпрыроды, па якім бестэрміновую забарону на вясновае паляванне на вадаплаўную дзіч установяць у 26 паляўнічых угоддзях краіны. Навукоўцы-арнітолагі назвалі гэта значным крокам у вялікай справе па захаванні птушак.

sb14_.jpg

Значным, таму што колькасць усіх вада-плаўных не толькі ў Беларусі, але і ў Еўропе з год да году памяншаецца. І прычыны таму самыя розныя. Але самая, мабыць, балючая з іх — гэта паляванне. Здавалася б, што тут такога? Паляваў чалавек тысячагоддзямі, і нічога, а тут праблема на роўным месцы. Ды і, дзякуй богу, колькасць той жа крыжанкі — папулярнага паляўнічага віду — вылічаецца дзясяткамі тысяч. Так, ды не так. Напрыклад, з-за адрозненнеў у прыродным заканадаўстве краін вадаплаўная птушка амаль заўсёды аказваецца ў ружэйным прыцэле. Спачатку да лютага на Захадзе, дзе дазволена паляванне на птушак, якія там зімуюць, затым у нас, куды яны прылятаюць у асноўным да месцаў гнездавання і прадаўжэння роду ў сакавіку.

«Стрэс у такой птушкі бывае горшым, чым у чалавека, — кажа загадчык сектара НПЦ па біярэсурсах Аляксандр Казулін. — Бо на яе ўвесь час палююць». Больш за тое, ёсць віды, якія за шмат гадоў так і не змаглі «падняць галавы». Напрыклад, шэрая гусь, якая так і не стала ахоўным відам. І пачынаючы з 2000 года яе колькасць так і вагаецца ў межах некалькіх соцень асоб. Аказваецца, гэта ў прамым сэнсе ранняя пташка і ў сакавіку—красавіку, у самы разгар палявання, ужо высе-джвае птушанят. Калі гусака патурбавалі паляўнічыя, самец узлятае і з крыкам кружыць над гняздом, становячыся выдатнай мішэнню. Пры гэтым, скажам, на трансгранічнай тэрыторыі суседняй Украіны, дзе ад вясновага палявання адмовіліся, карціна зусім іншая.

Зрэшты, пад прэсам не толькі гусь. Больш за іншых, па словах Аляксандра Казуліна, пакутуюць качыныя — крыжанка і чырок-траскунок, які ўжо абвешчаны пагражальным відам у Еўропе. Вядома, нельга ўзвальваць усю адказнасць за яго лёс толькі на нашага паляўнічага. Чырок гняздуецца ў поймах рэк, якія ў нас у апошні час, паколькі перасталі касіць сухую расліннасць, зарастаюць. І гэта таксама дадае дыскамфорту ў яго няпростае жыццё. Турбуе яго паляўнічы ў Афрыцы ў час зімоўкі. А птушка гэтая, на жаль, не надта асцярожная і лёгка ідзе на чучала і электронныя манкі.

Паляўнічы каля вясновага вадаёма няхай ускосна, але турбуе любую птушку. У выніку тая баіцца чалавека, нават без стрэльбы, i, убачыўшы яго, заўсёды спрабуе схавацца. Але кожны такі ўзлёт для яе, кажа спецыяліст, гэта страта энергіі, а самцы трэба адкласці з дзясятак яек, якія важаць практычна столькі ж, колькі яна сама. Ёй трэба карміцца. У адваротным выпадку ўвесь вывадак можа загінуць. Дзіўна, але ў тым жа Мінску, дзе няма чалавека са стрэльбай, шчыльнасць крыжанкі ў 40 разоў вышэй, чым у самых лепшых прыродных угоддзях. І гэта пры тым, што драпежнік нават у горадзе ёй пагражае — гэта шэрая варона.

Хвалюе навукоўцаў той факт, што ў апошні час колькасць паляўнічых вясной фактычна зраўнавалася з асеннім сезонам. Адсутнічае такое паняцце, як норма здабычы. І што мы ў выніку пакідаем на наступны сезон? Калі, напрыклад, у 1977 годзе агульная колькасць асноўных відаў качыных пасля сезона размнажэння складала каля 700 тысяч, а ў ходзе летне-асенняга палявання адстрэльвалася каля 300 тысяч, то цяпер ужо іх агульная колькасць скарацілася больш чым удвая.

Вядома, новы дакумент унясе некаторы спакой у жыццё вадаплаўных, якія, напрыклад, у час адпачынку на шляху ў тундру будуць нагульваць тлушч у заказніку «Ельня» і іншых важных для відаў, якія мігрыруюць, мясцiнах. Але вось уся тэрыторыя заказніка «Сярэдняя Прыпяць», не менш важнага для іх, бядуе Аляксандр Казулін, у спіс забароненых для палявання так і не ўвайшла. Абмежаваліся толькі невялікім участкам. У выніку птушкі, адчуваючы небяспеку, сталі пралятаць гэта месца транзітам.

Навукоўцы сёння прапануюць не толькі дакладна абазначыць магчымую здабычу паляўнічага, але і ўнесці змены ў пералік дазволеных да адстрэлу відаў птушак, абмежаваўшыся качарам крыжанкі і гусямі белалобай і гуменнікам. А таксама перагледзець метады палявання, бо птушку ў небе адрозніць хіба што спецыяліст. З-за гэтага часцяком у прыцэл паляўнічага трапляла чырванакніжная шылахвостка, здалёк так падобная на звычайную крыжанку.

Паляванне, бясспрэчна, справа прыбытковая. Гэтага ніхто не адмаўляе. Але і да яго разумны падыход патрэбны. Гэта зразумелі, напрыклад, у суседняй Расіі, дзе ўжо каля двух гадоў дазволена вясновае паляванне толькі за межамі водна-балотных угоддзяў.

Вера АРТЭАГА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter