Жыццё і грошы

Фінансавы стан даходаў нашых грамадзян, хаця і не вялізнымі тэмпамі, але пакрысе мяняецца ў лепшы бок. Згодна са звесткамі Нацбанка, назіраецца пазітыўная тэндэнцыя: тэрміновыя дэпазіты насельніцтва за першы квартал бягучага года выраслі на 4,5 працэнта, склаўшы на 1 красавіка 6,67 мільярда рублёў. Тэрміновыя ўклады на гэты ж перыяд атрымаліся ў суме 3,57 мільярда і павялічыліся за першыя тры месяцы 2018-га на 6,7 працэнта (прырост тэрміновых укладаў забяспечаны ў асноўным за кошт ставак па новых дэпазітах).

Банкаўская статыстыка Беларусі сведчыць і аб тым, што зараз аб’ёмы валютных укладаў беларусаў з-за сваёй даволі нізкай даходнасці паступова змяншаюцца: валютныя сродкі фізічных асоб упалі за першы квартал на 0,6 працэнта, да 7,34 мільярда долараў. Адпаведна знізіліся тэрміновыя дэпазіты ў замежнай валюце — на 1 красавіка на 2,4 працэнта (да 6,53 мільярда).

Нагадаю, летась тэрміновыя дэпазіты грамадзян у нацыянальнай валюце ўзраслі на 20,1 працэнта — да 6,38 мільярда рублёў, а ў замежнай, наадварот, зменшыліся на 4,4 працэнта (да 6,7 мільярда долараў). Да таго ж на працягу больш чым двух гадоў беларусы з’яўляюцца рэкардсменамі па чыстым продажы банкам валюты. Напрыклад, толькі за тры месяцы 2018 года ў абменныя пункты здалі 430,3 мільёна долараў (за мінулы год — 2,2 мільярда, у 2016-м — 2,4 мільярда).

Цікавы эканамічны паказчык — пакупніцкая здольнасць. Ён, перш за ўсё, характарызуе ўзровень даходаў насельніцтва і ўплывае на актывізацыю ўнутранага попыту на тавары і паслугі. Сёння гэта вельмі важна для эканомікі краіны.

Сёлета, паводле ацэнак экспертаў пляцоўкі па электронным гандлі deal.by, агульны аб’ём інтэрнэт-гандлю ў Беларусі можа павялічыцца да 1,5 мільярда долараў. Летась было 568 мільёнаў долараў у эквіваленце — 2,8 працэнта ад усяго абароту беларускага рытэйлу. У мінулым годзе 45 працэнтаў насельніцтва краіны — 4,3 мільёна — набылі тавары праз інтэрнэт-крамы. Пасродкам cусветнай сеткі больш за ўсё грамадзяне куплялі бытавую тэхніку і электроніку, адзенне. Менш за ўсё афармлялася здзелак з нерухомасцю, пакупак тавараў для жывёлы, будматэрыялаў.

Аднак, нягледзячы на даволі бадзёрую банкаўскую статыстыку, у фінансавай галіне ўзнікла пэўная негатыўная тэндэнцыя па аб’ёмах і якасці крэдытавання насельніцтва. Яе ўзяўся выпраўляць галоўны фінансавы рэгулятар краіны. Сігналам для актыўных дзеянняў Нацбанка паслужыў зварот Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця. Заклапочанасць арганізацыі выклікала вялікая колькасць спажывецкіх займаў для насельніцтва. ЕФСР прапанаваў фінансавым уладам краіны спыніць рэзкае ўзрастанне аб’ёмаў крэдытавання беларусаў, паколькі гэта стымулюе рост попыту на імпартныя тавары, стварае ціск на абменны курс беларускага рубля, наогул адмоўна ўплывае на эканоміку і фінансы.

Зазначым, запазычанасць грамадзян Беларусі па крэдытах сапраўды дасягнула высокай планкі: толькі ў сакавіку яна ўзрасла з 9142,2 мільёна рублёў да 9279,9 мільёна. Год таму было 7120,3. За гадавы перыяд доўг фізічных асоб перад банкамі вырас амаль на 30 працэнтаў. У агульным аб’ёме выдадзеных сродкаў — 34 працэнты выпала на спажывецкія крэдыты, 66 працэнтаў сродкаў пайшло на набыццё нерухомасці.

Прычыны: рост крэдытавання ў гэтым сегменце рынку адбыўся з-за зніжэння крэдытных ставак для насельніцтва, узрастання рэальных даходаў насельніцтва, з-за спрашчэння з мая 2017 года ўмоў выдачы грашовых рэсурсаў фізічным асобам (без даведак), слабага фінансавага стану буйных карпаратыўных кліентаў.

Такім чынам, з 1 мая ў нашай краіне ўводзіцца адмысловае фільтраванне праблемных крэдытаатрымальнікаў, пры захаванні сярэдніх працэнтных ставак у нацыянальнай валюце для фізічных асоб на тэрмін да года — 9,7 працэнта гадавых, звыш за адзін год — 11,6 працэнта.

Цяпер жыць у доўг змогуць не ўсе, паколькі ўводзіцца каэфіцыент даўгавой нагрузкі. Банкі папярэдне прааналізуюць фінансавы стан кожнай фізічнай асобы, якая звярнулася па крэдыт. Праз пару тыдняў расходы па крэдытах, лізінгу, мікразаймах не змогуць перавышаць 40 працэнтаў ад месячнага даходу чалавека.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...

sav@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter