Travel-блогер Леонид Пашковский: снимать документальные фильмы сложнее, чем художественные

Жыццё без макіяжу

Што прынята жадаць на Новы год? Новых паездак, яркіх эмоцый, цікавых знаёмстваў... Для мінчаніна Леаніда Пашкоўскага гэта пажаданне як нельга дарэчы. Ужо два гады, як падарожжа для яго — і лад жыцця, і праца. Восенню яго адзначылі нават міжнароднай прэміяй National Geogrpaphic Traveler Awards. Леаніда прызналі лепшым travel-блогерам.

Фота з асабістага архіва.

“Рэальнасць без макіяжу і другіх дубляў, жыццё, ад якога смокча пад лыжачкай”, — так блогер прэзентуе свой відэаблог “Хачу дадому” на YouTube. Пашкоўскі выбраў досыць незвычайны кірунак працы — ён апісвае жыццё ў кутках свету, дзе не зусім камфортна і бяспечна. Блогер ужо пабываў на Кубе, у Венесуэле, Гаіці, Індыі, Пакістане, Іране і іншых, як ён кажа, “няўтульных месцах планеты”. Яго відэа пра рэальнае жыццё ў трушчобах, чорны рынак алкаголю, вёску растаманаў, рытуалы вуду і іншыя падобныя рэчы неверагодна папулярныя ў інтэрнэце. Агулам іх паглядзелі больш за 17 мільёнаў разоў!

Сёння ва ўсіх, хто жадае здымаць, ёсць доступ да недарагой тэхнікі і магчымасць ствараць якасную карцінку. Аднак адзінкі дакументалістаў дамагаюцца поспехаў, як Пашкоўскі.

— За карцінкай павінна стаяць нешта большае, а менавіта — добра прадуманы сцэнарый, — падзяліўся сакрэтамі поспеху Леанід Пашкоўскі на майстар-класе ў межах міжнароднага фестывалю мабільнага кіно Smartfilm. — Многія думаюць, што калі ты здымаеш travel-праект, не трэба ні пра што думаць і клапаціцца. Бо падарожнічаць заўсёды крута і цікава — прыгоды, новыя людзі... Нічога падобнага! Зняць кароткі дакументальны метр — больш складана, чым нараджаць нешта з фантазіі.

Блогер прызнаецца, што перад паездкамі яму даводзіцца ўсё прадумваць да дробязяў — тэму, герояў, фармат гутаркі:

— Важна ўмець схіляць да сябе суразмоўцаў — уваходзіць у давер, дапамагаць і дэманстраваць зацікаўленасць.

Разам з тым, папярэджвае Пашкоўскі, трэба быць гатовым да таго, што ў апошні момант усе планы могуць раптам праваліцца. У такім выпадку сцэнарый і герояў неабходна прыдумляць на месцы.

— Найбольш складана, калі замест планаў падчас здымак не адбываецца нічога. Калі я быў у Грузіі, вырашыў наведаць адну вёску і трэба было ісці праз горы, — успамінае блогер. — Са мной наогул нічога не адбывалася. Але пашанцавала — прывязаўся сабака, і я стаў з ім размаўляць. Я называў яго Брат, і мая размова з ім і зрабіла гісторыю. Калі падчас здымак нічога не адбываецца, трэба знайсці нейкую дэталь з наваколля і зразумець, як за яе можна зачапіцца.

Леанід Пашкоўскі ўпэўнены, што ў бліжэйшыя гады інтэрнэт-дакументалісты будуць усё больш набліжацца да тэлевізійнай якасці і гісторыі selfmade-самавучкаў з аматарскай камерай у руках папросту знікнуць. Тым не менш ён раіць пачаткоўцам-дакументалістам не баяцца эксперыментаваць, шукаць свой асаблівы фармат і спрабаваць зарабляць на любімай справе.

— Сёння блог для мяне — гэта праца, але першапачатковая цікаўнасць, якую я адчуваў, калі пачынаў усю гэтую гісторыю з YouTube-каналам, нікуды не дзелася, — прызнаецца Пашкоўскі. — Як толькі яна знікне, з гэтай гісторыяй можна будзе заканчваць.

mila@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter