Жыццяпiс Малаковiча

Жыхар Глускага раёна шэсцьдзесят гадоў вядзе асабiстыя дзённiкi

Шэсцьдзесят гадоў жыхар Глускага раёна вядзе асабiстыя дзённiкi

Пятро Сiльвестравiч выкладвае свае дзённiкi на стол – шэсцьдзесят тоўстых агульных сшыткаў – на кожны год па аднаму.

У адным з першых запiсаў Малаковiч з горыччу заўважае: «Да вайны наша вёска была такая паўнаводная, а цяпер нiбыта абмялела: таго няма, другога… Гэта цяжка ўсведамляць, бо з многiмi хадзiлi ў школу, бегалi купацца на Пцiч, пасвiлi хатнюю жывёлу. Ды i я на Нямеччыне колькi разоў мог загiнуць… Цудам уцалеў! Значыць, трэба жыць, ствараць сям’ю, узрастаць маладым пакаленнем».

Цiкавы запiс зроблены 5 сакавiка 1953 года. У гэты дзень, як вядома, памёр Iосiф Сталiн. А Малаковiч ажанiўся на Марыi, маладой дзяўчыне з суседняга Падлужжа. Сабралiся родныя, блiзкiя i з таго, i з другога боку: вяселле не адрознiвалася ад iншых. Але на наступны дзень да маладых з’явiлiся людзi ў пагонах: маўляў, бацька народаў памёр, а ў вас вяселле – мо знарок? Загадалi пiсаць тлумачэнне, турмой пагражалi… «Дзякуй Богу, — з уздыхам аблягчэння пiша Малаковiч, — абышлося, i пачалi мы сваё гняздзечка ладзiць». Неўзабаве нарадзiлася дачка Соня. Вось малады тата i даў волю пачуццям: «Хочацца пець, гукаць, на ўвесь свет усклiкнуць: я – тата, у мяне – працяг!»

Безумоўна, шмат месца ў сваiх дзённiках аўтар адводзiць роднаму калгасу iмя Калiнiна, тым справам, якiя вершаць ягоныя аднавяскоўцы. Вунь у гаспадарку прыгналi новы «Беларус», аўтамашыну ЗIЛ, камбайн «СК-4». Ураджаi падскочылi да дваццацi i больш цэнтнераў з гектара. Пачалi ўзводзiць школу, iншыя аб’екты сацкультбыту.

Сямiдзесятыя гады мiнулага стагоддзя. Малаковiч працуе механiзатарам, а ўлетку перасаджваецца на камбайн. Сезон звычайна складваецца ўдала. Па-першае, як пiша, зямелька добрым ураджаем аддзячыла, па-другое — новая «жнея». Ну i намалацiў столькi, што аж пазайздросцiць можна: лепшы ў раёне, другi ў вобласцi.

У 2008 годзе ў Бярозаўцы ўзводзiцца аграгарадок, малочна-таварны комплекс на 800 галоў, абнаўляюцца Дом культуры, школа, iншыя аб’екты. Неўзабаве населены пункт уваходзiць у склад больш буйнога СВК «Зара». «Значыць, жыць нашай вёсцы, — адзначае ў сваiх дзённiках Малаковiч. – Гэта прыемна ўсведамляць мне, ветэрану сельгасвытворчасцi, – усё ж нездарма мы рабiлi сялянскую справу. Тым больш у нас такая прырода: лес, рака. Чаму тут не жыць i не працаваць?!»

Акрамя тэкставых запiсаў у дзённiку лiчбы. Колькi дала кармiцелька-карова, заважыў парсюк, якiм ураджаем парадавалi поле, агарод. Той нарадзiўся, гэты памёр, адны дзяцей накiравалi на вучобу, другiя, наадварот, прынялi iх высокаадукаванымi спецыялiстамi. Аўтар скрупулёзна фiксуе падзеi, факты – гэткую прозу жыцця, ад якой нiкуды не падзенешся.

I раптам эмацыянальны ўсплеск — «На небасхiле ўспыхнуў … месячыка, усё выглядае не па-зямному казачна. Цi «Вясковае абуджэнне. Пасвiў кароў i любаваўся хваёвым лесам. Ён неяк зелянейшым, свяжэйшым стаў».

Натыкнуўся я i на запiс, якi быў зроблены ў пачатку шасцiдзесятых гадоў мiнулага стагоддзя: «Прадалi карову i купiлi старэйшай дачцы акардэон, хай асвойвае гэты музычны iнструмент, калi такая цяга ёсць. А на жывёлу мы яшчэ разжывёмся, былi б самi!» Што казаць, цяжка жылося вясковым жыхарам у пасляваенны, ды i больш познi, час, але ў Малаковiча нi намёку на складанасцi, жыццё бачыць у радасным, прыемным колеры. I яно яму адказвае тым жа!

Чым больш учытваешся ў дзённiкi, тым больш разумееш, што Пятро Сiльвестравiч — неардынарны чалавек. Не кожны возьмецца весцi дыялог з жыццём.

Малаковiч цiкавы ва ўсiм. Узяць хаця б той факт, што каля ягонага дома па перыметру выкладзены вялiзныя каменнi – цэлы сад валуноў, якiя гаспадар некалi нагледзеў у полi i прыцягнуў сюды. «Гэта не толькi ўпрыгожванне, — гаворыць ён, — але i сiмвал нашай еднасцi з матуляй-прыродай».

У свае восемдзесят чатыры Пятро Сiльвестравiч яшчэ раскатвае на веласiпедзе, прымае «ванны» ў Пцiчы, уважлiва сочыць за падзеямi ў роднай вёсцы, i сам – падзея для яе. Ну а калi што якое, дык малодшая дачка Ларыса пражывае непадалёк.

Вось такi цiкавы чалавек ёсць у аддаленай вёсцы, якi глыбокiмi вачыма ўзiраецца ў сусвет, нас з вамi. Вось нядаўна запiсаў: «I яшчэ адзiн год падыходзiць да завяршэння. Дзякуй Богу, я жыву, бачу, адчуваю. Спадзяюся, Гасподзь адвядзе мне яшчэ хоць крыху зямнога быцця. Буду прасiць у яго ды i сам здароўем не паддавацца!»

Цiкавыя дзённiкi, адметны iх аўтар… Ён быццам даказвае, што ў абмежаванай вясковай прасторы чалавеку можа адкрыцца сапраўды велiчны жыццёвы свет. I хай у гэтым свеце Малаковiчу яшчэ доўга знойдзецца месца!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter