Жыцце як яно есць

Берагу, захоўваю гэта пiсьмо: роўны, вабны почырк...

Разумець  кожнага

Берагу, захоўваю гэта пiсьмо: роўны, вабны почырк, льецца бы гаманлiвая ручаiна ўвесну думка. Толькi калi-нiкалi перапыняецца, мяняюцца iнтанацыi, праз якiя ўгадваюцца перажываннi аўтара... Ды колькi мы зналiся... Вось так аднаго разу, калi былi ў звальненнi з маiм армейскiм сябрам, пазнаёмiлiся з дзяўчатамi: ён з Воляй, а я з яе сяброўкай. Дзяўчаты прыязджалi з суседняга гарадка Сучан. Разоў колькi мы сустракалiся, а потым, не ведаю  па якой прычыне, сустрэчы перапынiлiся...

I раптам – пiсьмо ад Волi! Вiдаць, няпроста яно далося ёй: “Якi раз пачынаю... Мая сяброўка шчаслiвая, усiм падабаецца, а я... Так бы хацелася, Мiкалай, мець сябра, каб хоць крыху быў падобны на цябе... Зразумей мяне, мне здаецца, што ты павiнен разумець кожнага”. Я, памятаю, адпiсаў Волi нешта казённае. Маўляў, яна нiколечкi не горшая за сваю сяброўку, а можа, лепшая, багацейшая душой, абавязкова знойдзе сваё каханне i ўсё будзе добра. Адначасова паведамляў, што мая служба заканч-ваецца, я хутка адбываю на радзiму, дзе мяне чакаюць. Нават адраса не пакiнуў...

Цяпер шкадую. Iншым разам мне так хочацца ўзяцца за пяро i напiсаць Волi (цяпер ужо Вользе Iванаўне цi Пятроўне), як некалi яна мне, падзякаваць ёй за гэткае маё жыццёвае блаславенне, пры-знанне, якога я, можа, i не заслугоўваю: “Памятаю цябе, мiлае дзяўчо!”

Толькi з гадамi да мяне дайшло, што гэта такое “зразумець кожнага”.

----------------------------

Усмешка  майго дзяцiнства

Мне ўжо даўно нiхто з землякоў, акрамя Таццяны Мiхайлаўны, не тэлефануе.

Як мы з Таццянай пазнаёмiлiся? Суседзямi аказалiся. Мяне, бы той лiсток ад дрэва, адарвалi ад бабулi i дзядулi i перасадзiлi да бацькi i мачыхi. Яе прывёў у свой двор Iванька.

Напэўна, мне, зусiм яшчэ хлапчаняцi, цяжэй было. На цяперашнi розум: кармiлi цябе, абмывалi – ну i дзякуй на гэтым. А тады не хапала цяпельца... Вось яго i давала Таццяна, нiбы знутры падсвечвала: затужыў – чаму? Запросiць тэлевiзар паглядзець, незаўважна пернiк суне, у кiно з Iванькам зводзяць.

Аднойчы, памятаю, мне за нейкую дробязь так дасталося... Таня сустрэла: “Ну не ўспрымай блiзка. Ты ж мужчына”.

У Таццяны з’явiлiся свае дзецi, а яна ўсё: “Ну як у цябе?” Я ўжо выпырхнуў у самастойнае жыццё, а яна не выпускала мяне з поля зроку. Нават не верыцца, што Таццяна Мiхайлаўна ўжо пенсiянерка, а для мяне яна – маладая, усмешка майго дзяцiнства.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter