Жыць iнтарэсамi грамадства...

Бабруйская арганізацыя «Белай Русі» усё болей заяўляе аб сабе

Бабруйская гарадская арганізацыя рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь» усё болей заяўляе аб сабе

Гарадская арганізацыя «Белая Русь» — адна з самых шматлікіх і дзеяздольных на Магілёўшчыне. Сёння яна налічвае 2740 чалавек. Узяўшы на ўзбраенне сучасныя формы і метады работы, яна дасягнула істотных зрухаў у сваёй дзейнасці, узраслі яе ўплыў і аўтарытэт.

Зрэшты, болей падрабязна аб сваіх справах расказваюць кіраўнікі гарадской арганізацыі.

Кладзі ў «вазок» што паболей

Уладзімір ВЯТКІН, старшыня гарадской арганізацыі «Белая Русь»:

— З моманту стварэння, а гэта пяць гадоў, мы імкнуліся павышаць імідж сваёй арганізацыі. Праведзены сацыяльныя акцыі «Белая Русь — за здаровую нацыю», «З любоўю да дзяцей», «Дзеці Беларусі» і іншыя. Дапамагаем ветэранам вайны і працы, займаемся добраўпарадкаваннем мемарыяльных комплексаў, помнікаў.

Першамайская раённая арганізацыя нашага горада выходзіла пераможцай абласнога спаборніцтва, вопыт яе работы неаднаразова абагульняўся. У нас створаны адзіныя ў вобласці арганізацыі па тэрытарыяльна-вытворчым прынцыпе — на «Белшыне» і ў аддзеле адукацыі Першамайскага раёна.

Не стаім у баку ад праблем роднага горада, імкнёмся па меры магчымасці іх вырашаць. Так, звярнуліся з просьбай да старшыні Беларускай федэрацыі футбола Сяргея Румаса аб аказанні дапамогі ў будаўніцтве футбольнага поля са штучным пакрыццём, што палепшыць падрыхтоўку гарадской каманды «Белшына».

У сувязі з 200-годдзем Айчыннай вайны 1812 года даслалі пісьмо-зварот прэм’ер-міністру рэспублікі Міхаілу Мясніковічу аб аказанні дапамогі ў справе рэстаўрацыі крэпасці, якая адыграла значную ролю ў той перыяд.

За гэты час прынялі самы актыўны ўдзел у правядзенні розных выбарчых кампаній. На выбарах у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі ва ўсіх 110 участковых камісіях былі нашы прадстаўнікі, у якасці назіральнікаў працавалі 120 чалавек. Больш за палову дэпутатаў гарадскога Савета — члены «Белай Русі».

Каб шырэй быў крок

Аляксандр ПУХАЎ, старшыня Першамайскай раённай арганізацыі:

— За пяць гадоў, якія прайшлі з часу нашага заснавання, мы выраслі перш за ўсё арганізацыйна: у 54 пярвічных арганізацыях налічваецца каля 1900 чалавек. Гэта людзі з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, работнікі прамысловасці, адукацыі, моладзь. Мы сваім кадравым патэнцыялам задаволены, з намі лічацца. Напэўна, гэта звязана яшчэ і з тым, што ў памочнікі ўзялі актыўнасць: праводзім сацыяльныя акцыі, ажыццяўляем праекты, звязаныя з захаваннем гістарычных, культурных каштоўнасцей, выхаваннем маладога пакалення, прапагандай здаровага ладу жыцця.

На ўсё нас хапае, імкнёмся быць навідавоку. Прадстаўнікі нашай арганізацыі былы дырэктар школы Жанна Мішур выбрана дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу рэспублікі, а дырэктар гарадскога мастацкага каледжа Ніна Касцян з’яўляецца членам Савета Рэспублікі. Абедзве яны — самыя зацікаўленыя асобы, даносяць голас народа да вышэйшых заканадаўчых і выканаўчых органаў.

Не магу не адзначыць дзейнасць нашых пярвічак на «Белшыне», пры аддзеле адукацыі раёна, створаных па тэрытарыяльна-вытворчым прынцыпе. Яны — у пастаянным пошуку, узрастаюць колькасна і якасна.

Мы ўжо нечага вартыя

Мікалай ТРАФІМОВІЧ, сакратар пярвічнай арганізацыі ААТ «Белшына»:

— У пачатку станаўлення нашай пярвічкі ў яе складзе было некалькі дзясяткаў чалавек, а цяпер мы дасягнулі лічбы ў восем соцень. Гэта кіруючыя работнікі прадпрыемства, начальнікі цэхаў, зменныя майстры, рабочыя. Людзі ідуць да нас не па прымусе, а па жаданні. Ведаюць: тут знойдуць аднадумцаў, тую справу, якой будуць з задавальненнем займацца. І ў кіраўніцтве нашага фарміравання, лічу, тыя людзі, якія могуць павесці за сабой. Работу праводзім па намечанай праграме. Дзясяткі мерапрыемстваў запісалі на свой рахунак за апошні час. Сярод іх — суботнікі на тэрыторыях, прылягаючых да прадпрыемства, Бабруйскай крэпасці, жаночага манастыра. Былі арганізаваны паездкі ў Брэсцкую крэпасць, Нацыянальную бібліятэку, на Буйніцкае поле і ў іншыя памятныя мясціны Беларусі.

Важнае звяно дзейнасці — грамадскія прыёмныя. Людзі да нас ідуць. Значыць, мы ім патрэбны, і гэта радуе больш за ўсё. У сваёй рабоце абапіраемся на правераныя кадры. Гэта Аляксандр Каштоленка, Васіль Падута, Уладзімір Нявейка, Міхаіл Пашкоўскі і іншыя, тыя, хто паднімае ролю і аўтарытэт грамадскага аб’яднання.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter