Жытнёвае поле, i ў небе жаўрук

Яны, такiя простыя i звыклыя, дораць нам непаўторныя хвiлiны шчасця

Яны, такiя простыя i звыклыя, дораць нам непаўторныя хвiлiны шчасця

У выдатнага расiйскага пiсьменнiка, апантанага аматара прыроды Уладзiмiра Салаухiна ёсць цiкавы ўспамiн пра тое, як нашы Янка Брыль i Пiмен Панчанка паказвалi яму Беларусь. Аднойчы, праязджаючы сярод палёў i лугоў, захопленыя цудоўнымi краявiдамi, яны захацелi… паляжаць у жыце. Вось як перадае той незвычайны момант Салаухiн:

«Машина остановилась. Трое взрослых, более того, пожилых людей, пошли в тихую зеленую рожь, расходясь веером, чтобы отдалиться на несколько шагов друг от друга. Потом я опрокинулся на спину, и в мире не осталось ничего: ни друзей, ни машины, ни Белоруссии, ни Москвы. Высоко в небе, почти не склоняясь надо мной, стояли колосья.

Рожь доказала нам свою власть и силу. Вечером, подъезжая к Минску, стали вспоминать весь проделанный путь – замки, озера, реки, города, деревни, костелы, склепы, рестораны…

— Объявляется конкурс. Давайте оценим по нашей шкале не километры, а отдельные эпизоды путешествия. Что поставим на первое место?

— Рожь! – воскликнули мои друзья. – Рожь, лежание во ржи и песню жаворонка над нами».

Добра разумею захапленне знакамiтых пiсьменнiкаў. I сам кожнае лета ў нашай вёсцы адчуваю незвычайнае хараство, сiлу, нейкую чароўную неадольную ўладу жыта, да якога мы так прывыклi i ўспрымаем як абавязковасць быцця, роднай зямлi. На сваiм агародзе мы кожную восень сеем на зiму жыта, i яно робiць глебу надзвычай пульхнай, мяккай. Вясною жыта скосiм i садзiм бульбу. Але ж з краю агарода палоску жыта не кранаем, яна застаецца на ўсё лета, i мы з жонкай любуемся iм.

Не, я не дазваляю сабе паляжаць у нашым жыце, шкада яго. А вось прылегчы часам на краi палоскi, на сакавiтай мяккай траве — цяжка ўтрымацца ад такой спакусы. Тым больш калi няма гарачай работы, калi дзень цёплы i ласкавы – хоць на гадзiну-другую атрымаць гэтае задавальненне. I вось гляджу ў неба i, зусiм як Салаухiн, забываю пра ўсё. Бачу толькi бяздонны чысты блакiт i ў iм каласы. Яны налiваюцца зернем, iх песцяць цёплыя промнi сонца, злёгку калыша ласкавы вецярок. I мне здаецца, дый сам таго хачу: зараз для мяне гэтае жыта ў цэнтры ўсяго сусвету. У iм жыве незвычайная сiла i вечнасць, я так рэальна адчуваю гэта ўсёй сваёй iстотай. Сiла, безумоўна, у тым, што няма на свеце больш нiчога магутнага, чым хлеб, якi дае нам жыта. I на вузенькай жытнёвай палосцы, у кожным каласку трымаецца цэлы свет, незвычайна багаты, шматгранны, хвалюючы i дарагi…

Колькi ж разоў з самага свайго вясковага маленства я з нейкiм асаблiвым трапяткiм хваляваннем глядзеў на жытнёвае поле. Можа, гэта наканавана лёсам, цi сам Бог вызначае: чалавек, якi нарадзiўся ў вёсцы, нiколi не павiнен быць абыякавым да жытнёвага коласа i роднай зямелькi, дзе гэты колас расце i прыносiць хлеб. Хай жа будзе заўсёды ў вялiкай людской пашане сейбiт, якi застаецца верным i роднай вёсцы, i полю. Якi ўлюбёны ў вясеннiя днi, калi свежая ралля так лагодна прымае насенне; у тую пару, калi жыта пачынае красаваць. «Красуе жыта — будзе ў полi здабытак», – гаварылi колiсь мае вяскоўцы.

Мне вельмi шанцуе: на маiм доўгiм журналiсцкiм шляху часта сустракаюся i сябрую менавiта з такiмi людзьмi — разумнымi, дбайнымi i ўмелымi гаспадарамi на роднай зямлi. Раней, калi працаваў уласным карэспандэнтам саюзнай газеты «Известия» па Беларусi, часта ездзiў у Баранавiцкi раён, многа пiсаў пра яго. Там меў сяброў, у якiх знайшоў i бачыў такiх жа ўлюбёных у жытнёвае поле людзей, як i сам. Найбольш жаданыя i цiкавыя сустрэчы былi з Мiкалаем Даменiканам, першым сакратаром райкома партыi, Героем Сацыялiстычнай Працы, дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. I з Леанiдам Кавалёвым, старшынёй мясцовага калгаса «Зара». Даменiкан з ранняй вясны да позняй восенi ў сваiм кабiнеце сядзеў толькi пры крайняй неабходнасцi. А так усё па вёсках, гаспадарках, палях, сенажацях, фермах. Усё сярод людзей – iх паслухаць i чаму-небудзь навучыцца, iм, калi трэба, нешта падказаць, параiць.

Гаспадарка ж Кавалёва складалася ўсяго з трох вёсак, якiя ўтульна месцiлiся сярод густых лясоў. Зямля – адны пяскi, тым не менш калгас браў добрыя ўраджаi, «хадзiў» у перадавiках. Сваiх вяскоўцаў Кавалёў называў «людцы мае добрыя», родную зямлю – «наша шчасцейка», жыта ў полi – «радасць i надзея». Вось так.

Калi я прыязджаў да Кавалёва летам, ён абавязкова вазiў мяне ў поле, паказваў збажыну. Аднойчы ўсе трое – Даменiкан, я i Кавалёў выйшлi з машыны, сталi на ўскраi поля – i проста захлынулiся ад гарачага пачуцця: перад намi прывольна разляглося густое жыта. Ад ветрыку па iм прабягалi лёгкiя хвалi, сонца не скупiлася на цяпло i ласку, цяжкiя каласы хiлiлiся долу (зроблены тады фотаздымак берагу як хвалюючую памяць).

— Вось наша радасць i надзея, — прамовiў Леанiд Фядонавiч. – I цяпер памятаю, як мая мацi казала: цяжкiя каласы ў полi – у хаце лёгкая доля. Яшчэ яна была вельмi задаволена, што я шчаслiвы чалавек.

— У чым менавiта шчаслiвы? – перапытаў я.

— У тым, што працую на зямлi i вельмi люблю жытнёвае поле. Усе гады, як старшыня ў «Зары», пераконваюся: мацi не памылiлася, а я, дзякуй Богу, не падвёў яе, значыць, сапраўды шчаслiвы…

Так хвалююча ўспрымае жытнёвае поле сапраўдны сейбiт. Чаму цяпер некаторыя нашы маладыя людзi не хочуць разумець, што жыта – гэта святое? Аднойчы я i мой сусед па дачы сталi сведкамi абуральнага ўчынку. З аўтобуса выйшла вясёлая кампанiя хлапчукоў i прама праз жыта пад дзiкую музыку пашыбавала ў блiжэйшы лес. «Хлопцы! – крыкнулi мы. – Як вам не сорамна? Вы топчаце жыта». «А, рожь, — прамовiў, павярнуўшы галаву, адзiн з iх. – Так ее же здесь много, что с ней станется?»

I спакойна пайшоў далей, ламаючы сцяблiны i збiваючы каласы.

…Напiсаў гэтыя нататкi i пазванiў Мiкалаю Дземiдовiчу, старшынi СВК «Боркаўскi» Бярозаўскага раёна. Ён ужо 24 гады запар сумленна, разумна, дбайна i надзвычай адказна вядзе гэтую гаспадарку, у складзе якой i мая родная вёска Пешкi.

— Мiкалай Iосiфавiч? – пытаюся. – Як сёлета ў вас збажына, дажджы не пашкодзяць?

— Ураджай фармiруецца добры, бо зямля атрымлiвае ўсё, што ёй трэба, — адказвае. — Дый людзi – сапраўдныя гаспадары. Хаця нашы сельгасугоддзi маюць бальнасць толькi 30, але ж атрымлiваем з гектара больш як 40 цэнтнераў…

Вось якiя пачуццi ахоплiваюць маё сэрца i розум, калi стаю ля жытнёвага поля або гляджу на тую самую вузенькую палоску жыта на нашым агародзе. I я добра разумею хваляванне расiйскага пiсьменнiка Салаухiна ад «лежания во ржи», яго шчырыя лiрычныя словы пра беларускае жыта. Гэты ж мой роздум – пра наша жыта на нашай роднай зямлi, якой мы сёлета прысвячаем увесь год…

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter