Жыллёвая перазагрузка.

Як аптымізацыя льгот адаб'ецца на вырашэнні кватэрнага пытання?

Як аптымізацыя льгот адаб`ецца на вырашэнні кватэрнага пытання?

Выканкамы ва ўсіх рэгіёнах Беларусі завяршаюць рэвізію спісаў грамадзян, якія прыняты на ўлік як маючыя патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Па папярэдніх падліках, толькі 30—40 працэнтаў чаргавікоў змогуць прэтэндаваць на льготныя крэдыты. Дзяржава па-ранейшаму будзе дапамагаць грамадзянам вырашаць кватэрнае пытанне, толькі ў далейшым гэта падтрымка будзе больш адраснай.

“Чарговыя” прэферэнцыі

Указ № 13 звузіў круг прэтэндэнтаў на атрыманне льготных крэдытаў. Напрыклад, у сталіцы, як прагназуецца, права на такую дзяржпадтрымку страцяць больш як палова чаргавікоў. У Віцебскай вобласці колькасць прэтэндэнтаў можа скараціцца як мінімум на трэць, у абласным цэнтры ды іншых вялікіх гарадах працэнт “адсеву” большы, чым у малых населеных пунктах. У Мінскай вобласці з амаль што 20 тысяч ужо правераных прэтэндэнтаў права на льготы захавалі толькі 5 тысяч. Аналагічная сітуацыя назіраецца і ў іншых рэгіёнах краіны.
“Пасля зверкі выканкамы будуць накіроўваць зацверджаныя спісы ў банк, і мы будзем выдаваць ільготныя крэдыты”, — паведаміў “НГ” дырэктар дэпартамента крэдытавання насельніцтва Беларусбанка Віктар Агееў. Такія крэдыты пры цяперашняй стаўцы рэфінансавання можна атрымаць ад 1 (для шматдзетных) да 22,5 працэнта гадавых.
Як тлумачаць у Беларусбанку, знаходжанне ў ліку чаргавікоў аўтаматычна не дае права на атрыманне льготнага крэдыту. Але людзі, якія не могуць пазычыць у банка танныя грошы, зусім без дзяржпадтрымкі не застануцца. Пры пэўных умовах яны могуць набыць кватэру па “дзяржаўнай”, а гэта значыць, адносна невысокай цане. Сёлета, як разлічваюць у Міністэрстве архітэктуры і будаўніцтва, сярэдняя “дзяржаўная” цана “квадрата” можа быць на ўзроўні 3,6 мільёна рублёў. Да таго ж Беларусбанк, у прыватнасці, цяпер прапануе чаргавікам крэдыт пад 31 працэнт гадавых, што значна менш стаўкі рэфінансавання і танней за звычайныя жыллёвыя крэдыты, якія большасць банкаў краіны прапануюць прыкладна за 50 працэнтаў гадавых.

Не бізнес, а адрасная дапамога

“Галоўны напрамак у будаўніцтве жылля — дапамагчы неабароненым катэгорыям і пабудаваць жыллё маючым патрэбу”, — так сутнасць новых падыходаў акрэсліў віцэ-прэмьер Анатоль Калінін. Карэкціроўка падыходаў  была вымушанай. З аднаго боку, маштаб сацыяльнай падтрымкі трэба было прывесці ў адпаведнасць з магчымасцямі айчыннай эканомікі. З другога боку, прыйшоў час паставіць крыж на кватэрным бізнесе тых, хто з дапамогай ільготных крэдытаў пабудаваў не адну, а некалькі кватэр і зарабляў на іх здачы арандатарам.
Дзякуючы масаваму жыллёваму будаўніцтву і льготнаму крэдытаванню, па падліках Белстата, сярэдні ўзровень забяспечанасці жыллём наблізіўся да 25 квадратных метраў на чалавека, што больш, чым, напрыклад, у Расіі, Украіне і Казахстане. Нягледзячы на гэта, колькасць чаргавікоў не змяншалася і на пачатак бягучага года складала каля 850 тысяч чалавек. І прыкладна чвэрць з іх чакала сваёй чаргі ў Мінску. Між тым, як падлічылі спецыялісты, цяпер па дзве кватэры ў сталіцы маюць каля 55 тысяч грамадзян, а каля 140 — нават па шэсць і больш кватэр.

Рэзервы наваселляў

Аптымізацыя ільгот можа стаць стымулам для актыўнага развіцця новых варыянтаў вырашэння жыллёвай праблемы. Напрыклад, як адзначала старшыня праўлення Нацбанка Надзея Ермакова, разглядаецца пытанне аб магчымасці выкарыстання на дзяржаўным узроўні сістэмы будаўнічых зберажэнняў, у якой з бюджэту будзе кампенсавацца частка працэнтных ставак. Акрамя таго, калі будуць вырашаны пэўныя юрыдычныя пытанні, звязаныя з высяленнем даўжнікоў з кватэр, можа больш эфектыўна запрацаваць іпатэка. Перадумовы для гэтага ёсць. На вясенняй сесіі, як плануецца, парламентарыі разгледзяць у другім чытанні праект новага Жыллёвага кодэкса. Акрамя таго, дэпутаты працуюць над праектам закона аб жыллёвых будаўнічых зберажэннях і праектам змяненняў закона аб іпатэцы.
“Працягласць будаўніцтва ўплывае на кошт квадратнага метра”, — называе міністр архітэктуры і будаўніцтва Анатоль Нічкасаў яшчэ адзін рэзерв павышэння даступнасці жылля. Таму ён заклікае выкарыстоўваць новыя тэхналогіі. На яго думку, вытворчасць элементаў “хуткіх” дамоў можна наладзіць ва ўсіх рэгіёнах краіны. Дапамагчы ў вырашэнні кватэрнага пытання могуць і планы па стварэнні фонду арэнднага жылля.
У далейшым, як лічаць эксперты, колькасць “нельготных” наваселляў у значнай ступені будзе залежаць ад трох фактараў: суадносін сярэдняй зарплаты і кошту квадратнага метра, узроўню працэнтных ставак па крэдытах, якія вагаюцца ў залежнасці ад інтэнсіўнасці інфляцыйных працэсаў у нашай краіне, і, нарэшце, ад псіхалагічнай гатоўнасці грамадзян не чакаць ільгот, а дасягаць мэт уласнымі сіламі.
Па словах кіраўніка групы кампаній “Твая сталіца” Уладзіміра Давідовіча, яшчэ ў кастрычніку мінулага года адбыліся пэўныя псіхалагічныя змены, людзі перасталі чакаць, аб’ём здзелак на другасным рынку жылля вырас.
Сёлета масавае жыллёвае будаўніцтва аднавілася. За год, згодна з пастановай Савета Міністраў, плануецца здаць у эксплуатацыю не менш як 4,2 мільёна квадратных метраў жылля. Ці будзе больш, залежыць ад магчымасцей айчыннай эканомікі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter