Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Журналісцкая трылогія пра сучаснікаў

Галоўны рэдактар выдання “Гаспадыня. Сямейны часопіс” Зіновій Прыгодзіч на аснове гутарак з вядомымі людзьмі культуры і мастацтва Беларусі стварыў трыццаць унікальных жыццёва-творчых партрэтаў. Яны друкаваліся ў СМІ ды выйшлі трыма асобнымі кнігамі.

Фота: Іван Ждановіч
Часам супляменнікі з замежжа цікавяцца: што пачытаць пра сучаснае жыццё Беларусі, яе вядомых людзей? Раім звяртаць увагу найперш на тое, што робяць прафесіяналы. Сярод іх і Зіновій Кірылавіч. Дарэчы, нашы чытачы ўжо чыталі пра яго — як аўтара слоў песні “Дзве крыніцы”, якую спяваюць беларусы з фальклорнага гурта “Вясёлка” ў Казахстане (“Марыйка, дзве крыніцы і Астана” (7.03.2013). Расказвалі мы і пра моцнае яго сяброўства з пісьменнікам Янкам Сіпаковым (“Дар ад вялікай душы, 18.02.2016). Рыхтуючы апошні тэкст, мы гаварылі й пра творчасць самога Зіновія Кірылавіча: як празаіка, паэта, журналіста. Мне ўспомнілася, як радаваўся Янка Сіпакоў (мы тады разам працавалі ў рэдакцыі часопіса “Беларусь”), трымаючы ў руках рукапіс сябра: “Цудоўныя вершы! Тонкія пачуцці, каханне, а напісаў — намеснік Міністра, Зіновій Прыгодзіч. (На той час ён працаваў першым намеснікам старшыні Дзяржкамітэта па друку. — Аўт.). Буду рыхтаваць!”. Падборка вершаў з лёгкай рукі сябра ў хуткім часе й пабачыла свет.

А журналіст узяўся пісаць пра сучаснікаў. Пяць гадоў таму ў Нацыянальнай бібліятэцы прэзентавалася выданне “Постаці: З цэлым народам гутарку весці” (“Мастацтва шчырага дыялога”, ГР, 12.04.2012). На вечарыну прыйшлі тады “як чытачы, так і тыя, пра каго Зіновій Кірылавіч напісаў”. Выступоўцы казалі: “Аўтару ўласціва, акрамя пісьменніцкага таленту, яшчэ і вялікая адказнасць, сардэчнасць, тактоўнасць”. У ролі вядучага быў сам аўтар: член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Беларускага саюза журналістаў, кандыдат філасофскіх навук, дацэнт.

Перада мною — усе тры кнігі: больш за 300 старонак кожная! Першая выйшла ў 2011-м, у другім томе “Постацяў” (2014) — падзагаловак: “Сэрца мільёнаў падслухаць біцця...”, у трэцім (2016) адпаведна: “Гэткай шукаю цэлы век чэсці...” Такі “камертон” задае і быццёвую (не побытавую) вышыню тэкстам, і скіроўвае ўвагу да ёмкіх радкоў купалаўскіх. Памятаеце: “З цэлым народам гутарку весці,/ Сэрца мільёнаў падслухаць біцця —/ Гэткай шукаю цэлы век чэсці,/ Гэта адно мне падпорай жыцця”... Радкі са знакамітага, “школьнага” верша “З кутка жаданняў”. Журналіст Алесь Карлюкевіч яшчэ ў прадмове да першай кнігі паглядзеў на яе як “варты ўвагі студэнтаў Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржуніверсітэта самы сур’ёзны падручнік”, бо гэта кніга “высокавартаснай мастацкай публіцыстыкі”, да таго ж “пра тых, каго мы называем Творцамі, Падзвіжнікамі нацыянальнай культуры”.

Як, аднак, ствараліся кнігі? З чаго пачыналіся? Пра тое — наша гутарка з аўтарам.

Зіновій Прыгодзіч (справа) з Дзмітрыем Астаньковічам, кампазітарам з Астаны
Фота: Іван Ждановіч

— Зіновій Кірылавіч, пісаць гісторыю сучаснасці нялёгка й таму, што, як кажуць, за дрэвамі лесу не відно: не ўсё адстаялася-ўляглося настолькі, каб яго асэнсоўваць. Вы ж — адшукалі ход, і праз гутаркі з вядомымі людзьмі, сумесныя з імі развагі даяце жывую карціну нашага сучаснага быцця. А як з’явілася сама задума, і з чаго праект пачынаўся?

— Аднойчы ў сваім архіве я знайшоў магнітафонны запіс выступлення ў Вышэйшай партшколе, дзе я тады працаваў, Васіля Быкава. Я арганізаваў тое выступленне — гэта быў, здаецца, 1988 год, а пад час сустрэчы зрабіў запіс. І забыў пра яго. Памятаю, калі дамаўляліся, Васіль Уладзіміравіч дзівіўся: у партшколе? Вы што, мяне ж не прымуць... А я: вы дарма турбуецеся, у нас вельмі харошыя слухачы. А й сапраўды, у нас было двухгадзічнае аддзяленне, думаючыя займаліся людзі. Я іх, вядома, падрыхтаваў трошкі да ўспрымання ў цэлым літаратуры, па-за ўрокамі расказваў многа чаго. Былі цікавыя пытанні. Таму і казаў Быкаву: вы не пашкадуеце. Так што ўрэшце мы з Нілам Гілевічам разам яго ўгаварылі. Бо паколькі я ў ЦК кампартыі Беларусі курыраваў літаратуру, то з Нілам Сымонавічам часта сустракаліся: як з кіраўніком Саюза пісьменнікаў.

— Якім вы помніце Васіля Быкава ў той час?

— Спачатку быў такі насуплены, нават змрачнаваты... Потым, як пайшло пытанне за пытаннем, то з’явілася зацікаўленасць. Людзі хораша на ягоныя развагі рэагавалі. Нават часам апладзіравалі. Ён тады як бы адтаяў. І гаворка доўжылася амаль тры гадзіны! Зайшлі мы потым з ім да рэктара Пахомава на чай-каву, і Быкаў там прызнаўся: для мяне гэта нечаканасць, поўная нечаканасць. Я думаў, казаў, што партработнікі ўвогуле не прызнаюць Быкава, а тут — такая харошая размова. Тады я адразу кажу: Васіль Уладзіміравіч, а давайце мы на аснове гэтага вашага выступлення зробім інтэрв’ю для газеты “Советская Белоруссия”. Ён кажа: ну давайце, паспрабуйце. І я па гарачых слядах зрабіў, але ж увайшло ў публікацыю не ўсё, можа трэцяя частка. Інтэрв’ю было надрукавана. І вось, праз гады ўжо, знайшоў поўны запіс. Паслухаў, думаю: чаго ж трымаць у архіве? Трэба абнародаваць. Зрабіў тэкст паводле поўнага запісу. Гэта быў 2006 год. Паказаў Мятліцкаму (Мікола Мятліцкі быў тады галоўным рэдактарам часопіса “Полымя”. — Аўт.) Ён кажа: будзем друкаваць. Тады я зрабіў яшчэ ўступ: растлумачыў, што да чаго. І была вялікая публікацыя ў “Полымі”.

— Мяркуючы па ўсім, яна мела станоўчы розгалас?

— Так, я пачуў нямала добрых слоў. Потым і Мятліцкі кажа: ты ж можаш прадоўжыць. Павядзем рубрыку “Постаці”, бо ў нас жа столькі цікавых людзей, з якімі б ты мог пагутарыць. Я пагадзіўся, бо і мне тое цікава. Так і пачалася гадоў 10 таму вялікая праца, на тры кніжкі. Завяршыла праект гутарка з Мікалаем Пінігіным, мастацкім кіраўніком Купалаўскага тэатра. А ўвогуле ў кожнай кніжцы прадстаўлена па 10 постацяў. Мне падаецца, у цэлым я ахапіў усе сферы беларускай культуры, падаў найбольш значныя постаці: харэограф Валянціна Гаявая, дырыжор Міхаіл Фінберг, скульптар Іван Міско, архітэктар Леанід Левін, спявачка Наталля Гайда, актрыса Марыя Захарэвіч, акцёр Генадзь Аўсяннікаў, мастак Леанід Шчамялёў, кампазітар Ігар Лучанок, оперная спявачка Аксана Волкава... Праца значная. І радасна мне, што шмат кніг пайшло ў бібліятэкі: некаму ж і спатрэбяцца. Першая пабачыла свет у Рэдакцыйна-выдавецкай установе “Літаратура і Мастацтва”, другая — у Выдавецкім доме “Звязда”, трэцяя — у выдавецтве “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”.

— Што самае складанае было, на ваш погляд, у такой маштабнай працы?

— Перад кожнай гутаркай была вельмі вялікая падрыхтоўчая работа. Бо гэта ж усё вядомыя людзі, да якіх нельга ісці, як кажуць, з чыстым блакнотам. Мне смехам Мікалай Яроменка расказваў: звоніць журналістка, калі ён быў дырэктарам Купалаўскага тэатра. Пытае: ці магу я ў вас узяць інтэрв’ю? “Калі ласка, прыходзьце!” А далей чуе: “Скажите, пожалуйста, а где находится ваш театр?”. Ён і сказаў ёй “да пабачэння”. Бо калі ты ні разу не была ў тэатры — пра што ж ты ў мяне будзеш пытаць? Дык вось, рыхтуючыся да кожнай сустрэчы, я даставаў усё з інтэрнэта. Хадзіў у бібліятэку, перачытваў як мага больш з таго, што пра чалавека ўжо было сказана, напісана — усё, што магчыма было дастаць. А гэта займала нямала часу, бывала і па месяцу. Пасля вывучаў матэрыялы. Фармуляваў свае пытанні: каб яны былі цікавыя для суразмоўцы, каб не было банальнасцяў і агульных месцаў накшталт планаў на будучыню. Такіх не было, бо “калі хочаш пасмяшыць Бога, то раскажы яму пра свае планы”. І трэба ж было іх лагічна выбудаваць. Толькі тады дамаўляўся пра сустрэчу...

     
— Ведаю з уласнага досведу: і гэта не заўсёды проста...

— ...Вось таму я не да ўсіх напрамую звяртаўся. Аднаму, скажам, не рызыкнуў званіць: бо чуў, што ён — чалавек эмацыйны, імпульсіўны. Другому разоў пяць званіў — і не дамовіўся, і кінуў, не напісаў. А з “эмацыйным” скарыстаў свайго сябра, і яны адразу й дамовіліся на 9 раніцы. Прыходжу, кажа: у нас гадзіна. А ў мяне 50 пытанняў. І ён мяне так гнаў! За паўтары гадзіны — усе прагналі. У мяне нават спіна была мокрая. А як праслухаў запіс, быў цалкам задаволены: субяседнік адказваў канкрэтна і тое што трэба. Лягчэй было працаваць. А бывае ж — асацыяцыі, адгалінаванні. Я ніколі не перапыняю чалавека: баюся збіць з настрою. Хоць гэта пасля ўскладняе працу, і цяжэй выпісваць матэрыял. З адным чалавекам гаварылі 8 гадзін, і практычна без перапынкаў. Хоць з ім даўно знаёмыя, і добрыя ў нас адносіны, але — заняты. З пятага разу дамовіліся... на 2 студзеня, і з 9 раніцы да 6 вечара толькі пару разоў чаю папілі. 8 гадзін запісу...

— Ужо сам па сабе такі запіс — каштоўнасць для гісторыі. Не шкада бывае падкарочваць?

— Бывай й шкада, бо амаль у кожнага — і 5, і 6 гадзін запісу. Потым у мяне так званая расшыфроўка займае некалькі дзён. Далей прыводжу тэкст у парадак: пішу, даводжу. Іду да чалавека, каб ён пачытаў. І таксама няпросты працэс! Бо многія правілі, а не заўсёды, як мне падаецца, па справе. Вядзем перамовы, збліжаем пазіцыі, шукаем кампрамісы... А было, што аддаў чалавек тэкст жонцы, потым звоніць: прыходзь. Сам вочы адводзіць, кажа: не звяртай увагі, тут жонка пакрэсліла, панапісвала. Што можна ўзяць — вазьмі, астатняе — глядзі сам... А я як глянуў на рукапіс, то аж кепска мне стала...

— Можа гэта той выпадак: мы кіруем светам, а намі жанчыны?..

— Ой, там усё было перакручана, загублена... Што жывое — усё выкінута. Вось і такая была праца. Жанр яе вызначыў бы не проста гутаркі, а творчыя, нават жыццёвыя партрэты ў форме гутаркі. Бо мы ж гаворым і пра дзяцінства, і пра бацькоў, і пра дзяцей, і пра творчасць. Кранаем жыццёвыя прынцыпы, праблемы асабовыя і грамадскія. Гэта ўнікальны матэрыял, які застанецца для гісторыі. Да таго ж я стараўся капнуць глыбей ды тое, што яшчэ невядома, раскрыць, раскруціць...

— Ці заўсёды ўдаецца вам знайсці хвалю даверу?

— А гэта яшчэ адна з цяжкасцяў... Большасці з суразмоўцаў я раней не ведаў. Для размовы ж, сапраўды, патрэбная пэўная ступень даверу. Без гэтага ніякая гутарка не будзе шчырай. Бывала, на першай сустрэчы яна не ішла: казённая, фармальная. Толькі на другі, трэці раз з’яўляецца давер. Тады ідзе сапраўдная гаворка. Я не абмяжоўваю: хай сабе чалавек раскажа ўсё што хоча. А пасля, перачытваючы, вырашыць, што падправіць альбо зняць. Бывала, харошая размова была, і хораша мне пісалася, з драматычнымі нейкімі завязкамі ды развязкамі — усё што трэба для жанра. А пасля ў чалавека — задні ход: ай, давай не будзем гэтага чапаць, яшчэ пакрыўдзіцца... І гэта вось апусцім. А ўрэшце — знікае ўсё, чаму я так радаваўся.

— Помніцца, і я з вядомым вучоным-фізікам прагаварыў пару гадзін, тэкст цікавы напісаў — а ён, як вы кажаце, даў задні ход. І па гэты час тэкст не выйшаў. Скажыце, які розгалас у грамадстве мае ваша праца?

— Першая кніжка мая была адзначана пісьменніцкай прэміяй “Залаты купідон” — гэта ў Глыбокім (2012), другая — прэміяй Мінскага аблвыканкама ў галіне літаратуры (2015). Калі выйшла пяць публікацый у “Полымі”, то я прадставіў матэрыялы у наш Саюз журналістаў — і атрымаў прэмію “Залатое пяро”. Так што я такі ўжо залаты (усміхаецца), на няўвагу грамадскасці не магу паскардзіцца. Дарэчы, і на радыёстанцыі “Беларусь” я вёў гутаркі: рабіў з доўгіх кароткія, паўгадзіны кожная. Нешта пераказваў: з кім сустракаўся, што даведаўся. Гутарак 15-16 зрабіў.

— Дзякуй за вашу працу, Зіновій Кірылавіч! Спадзяюся, з часам вашыя кнігі можна будзе і ў інтэрнэце спампаваць — тады яны стануць больш даступнымі і для беларусаў замежжа. І на заканчэнне. Ведаю, што вы родам з Брэстчыны, з вёскі Лышча Пінскага раёна, як і вядомая выкладчыца беларускай мовы Валянціна Раманцэвіч. А пра вёску родную збіраецеся напісаць?

— Вы згадалі Валянціну Карлаўну — а яна ж не толькі зямлячка, але й сваячка мая! І вядомы навуковец, доктар навук, прафесар, загадчык кафедры гісторыі беларускай мовы філфака БДУ Мікалай Прыгодзіч — з адной вёскі, і таксама сваяк. Дык вось, я і сапраўды мару ўзяцца за нарыс пра родную вёску. Там столькі цікавых людзей, і шмат у мяне ўжо сабрана.

Голас Радзімы № 17 (3521), пятніца, 5 мая, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter