Журавіны ў алтайскім садзе

Працавіты чалавек Мікалай Крысковіч — ураджэнец АсіповіччыныЧытаю навіны ў інтэрнэце. З дзелавой хронікі кідаецца ў вочы меркаванне аднаго з інвестараў, які хоча размясціць свой бізнес у Беларусі. На пытанне, чаму менавіта тут, шчыра адказвае: маўляў, тут людзі не развучыліся старанна працаваць. Што ж, ваш выбар правільны, спадар інвестар! Мне згадалася, як нядаўна жанчына, ураджэнка Расіі, дзялілася цікавымі ўспамінамі. Паехалі яны з маладым мужам, вяскоўцам з Лідскага раёна, да яе бацькоў у Расію. Адпачыць, пазнаёміцца, бліноў цешчыных паспрабаваць. А той, пабачыўшы паўзакінуты яе агарод, узяўся і за пару дзён увесь яго акуратна пералапаціў звычайнай рыдлёўкай. Паглядзець на “беларускае дзіва”, смяялася расказчыца, суседзі прыходзілі. А цешча, даведаўшыся, што зяць “не выпендрываецца”, а на самой справе гэткі працавіты, рукамі разводзіла: “Хіба ж цяпер вайна?.. Навошта сябе так не шкадаваць?”Не выпадкова пішу такія нататкі цяпер, калі на фінішы жніво, гароднінай і садавінай запоўнены прылаўкі рынкаў і магазінаў, радуюцца ўраджаю вяскоўцы і старанныя дачнікі. І ўжо рыхтуецца ўся Беларусь, як і землякі ў замежжы, адзначаць “Дажынкі”. Менавіта цяпер будзе да месца расказаць пра Мікалая Крысковіча з Барнаула.
Мікалай Крысковіч і яго вінаградПрацавіты чалавек Мікалай Крысковіч — ураджэнец Асіповіччыны
Чытаю навіны ў інтэрнэце. З дзелавой хронікі кідаецца ў вочы меркаванне аднаго з інвестараў, які хоча размясціць свой бізнес у Беларусі. На пытанне, чаму менавіта тут, шчыра адказвае: маўляў, тут людзі не развучыліся старанна працаваць. Што ж, ваш выбар правільны, спадар інвестар! Мне згадалася, як нядаўна жанчына, ураджэнка Расіі, дзялілася цікавымі ўспамінамі. Паехалі яны з маладым мужам, вяскоўцам з Лідскага раёна, да яе бацькоў у Расію. Адпачыць, пазнаёміцца, бліноў цешчыных паспрабаваць. А той, пабачыўшы паўзакінуты яе агарод, узяўся і за пару дзён увесь яго акуратна пералапаціў звычайнай рыдлёўкай. Паглядзець на “беларускае дзіва”, смяялася расказчыца, суседзі прыходзілі. А цешча, даведаўшыся, што зяць “не выпендрываецца”, а на самой справе гэткі працавіты, рукамі разводзіла: “Хіба ж цяпер вайна?.. Навошта сябе так не шкадаваць?”
Не выпадкова пішу такія нататкі цяпер, калі на фінішы жніво, гароднінай і садавінай запоўнены прылаўкі рынкаў і магазінаў, радуюцца ўраджаю вяскоўцы і старанныя дачнікі. І ўжо рыхтуецца ўся Беларусь, як і землякі ў замежжы, адзначаць “Дажынкі”. Менавіта цяпер будзе да месца расказаць пра Мікалая Крысковіча з Барнаула. Помніцца, заглянуў ён у рэдакцыю пахмурным лістападаўскім днём. Быў у Маскве на канферэнцыі суайчыннікаў, потым адведаў сястру ў Мінску, пабываў на магілах родных у Асіповіцкім раёне. Мікалай Крысковіч з 2004 года, з часу ўтварэння ўзначальвае Беларускую нацыянальна-культурную аўтаномію Барнаула. Прызнацца, пра асаблівы досвед суполкі Мікалай Пятровіч і не расказваў, хоць спраў у яе нямала, пакінуў хіба газеты: пачытайце. Мяне ж зацікавіла ў ім іншае. Аказваецца, ён, радыёінжынер, які доўгі час працаваў на абарончых вытворчасцях, а потым больш за 25 гадоў прыахвочваў школьнікаў да працы, — майстар на ўсе рукі. Пабудаваў, як гаворыцца, ад падмурка да даху моцныя, прасторныя дамы сыну і дачцэ. У яго пад Барнаулам на лецішчы ёсць сад, у якім нават вінаград выспявае, ну і шмат чаго іншага.
Як мне падаецца, умельства і працавітасць Мікалая Крысковіча самі па сабе, калі нават не браць да ўвагі яго грамадскія клопаты, вялікая каштоўнасць. Бо чалавек, як казалі раней, працаю слаўны. Прызнацца, так неяк павялося, што суайчыннікі нашы “засвечваюць” сваё існаванне ў замежжы пераважна на святах ці фэстах. Тыя дзеі навідавоку, а паўсядзённая праца — не ўсім бачна. Што ж, прыгожа глядзяцца святочныя строі, выступленні на сцэне, і такія фотаздымкі, як вядома, ілюструюць большасць нашых аповедаў пра землякоў.
Аднак мы ж разумеем, што і святы ладзіць — вялікая праца. З яе, працы, усё пачынаецца, за працавітасць беларусаў у свеце цэняць і паважаюць.
Заглянуў днямі ў інтэрнэт, знайшоў фотаальбомы Мікалая Крысковіча, старонку яго з дэвізам: “Не імкніся пражыць два жыцці. Імкніся дастойна пражыць хоць адно”. Вось працаўнік зняўся на сваіх 12-ці сотках з культыватарам. Тут прыгожае вераснёўскае фота: гаспадар з гронкамі вінаграду. Нехта ў сетцы пакідае, праўда, каментар: маўляў, выраз твару “непарадны”. Крысковіч без крыўд заўважае: “Мяне здымала ўнучка, і мне ўсё роўна было, як я атрымаюся на здымку. Мне ж прыемна мець вынікі сваёй працы: вінаграду пяць лоз, арэхаў пяць кустоў, слівы, грушы, яблыкі, вішні… Што захочу, тое і выгадую”. Пераслухаўшы запіс нашай размовы з алтайскім садоўнікам, які ганарыцца беларускімі радаводнымі каранямі, я ўдакладняю: маразы пад Барнаулам бываюць ажно пад сорак градусаў…
А ўраджаі ў яго штогод на зайдрасць іншым. Вінаграду Крысковіч збірае па 15-16 вёдзер, розных сартоў, бывае і да двух вёдзер фундука. Капрызны, цеплалюбівы сорт вінаграда Рызамат, “вялікі, як сліва”, вельмі ў нямногіх садоўнікаў суровага Алтая выспявае, у тым ліку і ў нашага земляка. Ён нават кусцікі журавін разам з мохам прывёз з Асіповіччыны, спрабаваў вырошчваць! Вымерзлі, на жаль, але цяпер, прызнаўся Мікалай Пятровіч, ён ужо ведае “правільны ход” і збіраецца паўтарыць эксперымент. “Вядома ж, я частую многіх і вінаградам, і яблыкамі летнімі ды асеннімі, і грушамі, землякам таксама з тых пладоў шмат перападае, — заўважае садавод і кіраўнік беларускай суполкі Барнаула ў адной асобе. — Я ганаруся, што мне ўдалося фактычна стварыць куточак зямлі беларускай на Алтаі”. А цікава было б, падумалася мне, землякам (талакою!) на базе гэтага — ці іншага — дачнага ўчастка стварыць “Беларускае лецішча” — як свой загарадны аграрна-культурна-этнаграфічны цэнтр. Каб і самім там збірацца, і сяброў, і родзічаў у госці запрашаць. Як прыклад для іншых, на славу Беларусі. Можа, варта паспрабаваць? Не толькі ж танцамі ды песнямі можна пра сябе і сваю Бацькаўшчыну свету расказваць.
З камп’ютарам Мікалай Крысковіч таксама сябруе…Ён нарадзіўся ў перадваенным 39-м, перажыў вайну, акупацыю, асірацеў: бацька, паваяваўшы і ў партызанах, і на фронце, загінуў, вызваляючы Польшчу — пад Кракавам. Пасля школы Крысковіч працаваў на будоўлях Мінска, потым, у 58-м, аднакласніца паклікала на Алтай, ён і паехаў. “Чалавек шукае, дзе лепш?” — спрабую даведацца, чаго ж зямляк падаўся ў далёкі край. “Мне нідзе не кепска, мне ўсюды добра, бо я — працавіты чалавек”, — здзіўляе нечаканым адказам Мікалай Пятровіч. З далейшай размовы, аднак, стала зразумелым: шкадуе ён, што не атрымалася пасля службы ў Омску вярнуцца на Бацькаўшчыну, па якой тужыць дагэтуль. Там, на Алтаі, расце ягоны сад, квітнее жывая галінка роду, там яго аднадумцы і сябры. Беларус прызнаўся, што раней іншым людзям дапамагаў закладваць сады, асвойваць дзялянкі пад агароды, а самому за рознымі клопатамі часу працаваць на сваім участку не хапала. Цяпер мае і “свой кут”, і час для любімай справы: працы на зямлі. “Мой сад — гэта я. Без мяне прападзе там усё, бо працаваць на зямлі цяпер далёка не ўсе ахвочыя…” — гэта з апошніх шчымлівых прызнанняў Крысковіча ў інтэрнэце.
Эх, ну хто ж такіх працавітых беларусаў яшчэ зразумее, як не мы самі? І кожны з чытачоў “Голасу Радзімы”, пэўна, добра і сам усвядоміў, чаму ў глыбінях душы садавода-беларуса з Алтая разам з тугой па Радзіме ўсё ж цепліцца надзея — вярнуцца…

Іван Ждановіч
На здымках:
Мікалай Крысковіч і яго вінаград
З камп’ютарам Мікалай Крысковіч таксама сябруе
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter