Аматары народных прысмакаў і ўнікальнага фотапалявання збіраюцца ў Міёры

Жураўліны кліч

Аматары прыроды разгубіліся: у Мазыры — фінал Рэспубліканскага экалагічнага форуму, а ў Міёрах — свята “Жураўлі і журавіны”. Куды паехаць? Але ж куды б вы ў рэшце рэшт ні накіраваліся, паўсюль будзе цікава. Дарэчы, “балотнае” свята супадае з мерапрыемствамі ў гонар 500-годдзя першага пісьмовага ўпамінання Міёраў.




Дырэктара дзяржаўнай прыродаахоўнай установы “Ельня” Івана Барка я застала ў полі: разам са спецыялістамі ён займаўся пошукамі месцаў збору прыгожых шэрых птушак. Падчас восеньскай міграцыі на балота прылятае больш за чатыры тысячы журавоў. Удзень яны харчуюцца на навакольных сельгаспалях, а пад вечар вяртаюцца на Ельню. У гэты час іх і змогуць падпільнаваць шматлікія аматары назіранняў за птушкамі. Ад месца правядзення святочных мерапрыемстваў на балота будуць курсіраваць аўтобусы. Каля пяцісот шэрых прыгажуноў ужо завітала на Ельню, таму надзея ўбачыць іх ёсць. А падлічыць дакладную колькасць журавоў на адным з самых буйных верхавых балот Еўропы арнітолагі плануюць напрыканцы верасня.



Экалагічнае свята на Міёршчыне немагчыма ўявіць без традыцыйнага конкурсу падворкаў, якія прапануюць гасцям смачныя стравы. Вядома, галоўным пачастункам стануць журавіны, якіх шмат у гэтых мясцінах.

У нядзелю ў міёрскай зоне адпачынку  “Паўвостраў” госці фестывалю ўбачаць дзіцячую цыркавую праграму, конкурс прыгажосці “Міёрская Журавінка”, рыцарскі турнір і фаер-шоу. Чакаецца і выступленне ансамбля “Харошкі”, гуртоў “Беларусы” і “J-морс”. Грамадскае аб’яднанне “Ахова птушак Бацькаўшчыны” падрыхтавала фотавыставу, прысвечаную балоту Ельня. Кірмаш вырабаў народных рамеснікаў, атракцыёны, экалагічныя гульні і многія іншыя задумкі абяцаюць зрабіць свята каларытным дапаўненнем Рэспубліканскага экалагічнага форуму.


yasko@sb.by

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter