Жнiвень каравай рыхтуе...

Спяшаюся да свайго знаёмага поля. На працягу года, пачынаючы з ранняй вясны, я сустракаюся з ім даволі часта, каб убачыць цуда-дзейную сілу нашай зямлі-карміцелькі. Поле ўвесь час мяняецца, набывае новыя рысы, бо на ім віруе жыццё

Спяшаюся да свайго знаёмага поля. На працягу года, пачынаючы з ранняй вясны, я сустракаюся з ім даволі часта, каб убачыць цуда-дзейную сілу нашай зямлі-карміцелькі. Поле ўвесь час мяняецца, набывае новыя рысы, бо на ім віруе жыццё. 

Больш за ўсё люблю поле ў жніўні. Багаты гэты месяц. Ведаю, што здаўна на Русі яго называюць і густаедам, і хлебасолам, а дзе сабярыхай-прыпасіхай. Але ж, безумоўна, самае трапнае імя далі яму ў нас, на Беларусі: жнівень – значыць жніво. Гэта найбольш адказны клопат месяца. Трэба сабраць на полі ўраджай, звезці яго ў засекі. Ды яшчэ сакавітую атаву скасіць кароўкам. А тут падаспела пара і азіміну сеяць. Спяшаецца жнівень, ён у неба сонца просіць – бо на полі працы досыць... 

Тут, куды я прыйшоў, радуе вока вялізны клін спелага жыта. Старшыня мясцовай гаспадаркі ўчора мне сказаў, што сёння пасля абеду сюды прыгоніць камбайны. Значыць, пад вечар жыта не стане. І я зараз адчуваю радасць і асалоду, гледзячы на шчодрае жытнёвае поле. Цяжкія, налітыя каласы схіліліся долу. Калі злёгку падзьме ветрык, то па полі прабягаюць мяккія хвалі. Поўдзень, сёння яшчэ добра грэе сонца, яно заліло ўсё поле лагодным цяплом і бляскам. Пануе ўрачыстая цішыня, быццам сама прырода дбайна беражэ гэты куточак зямлі, дзе так вольна паспела жыта... 

Бачу: па сцяжынцы ўздоўж поля ідзе жанчына з дзяўчынкай, якой гадкоў шэсць. Тая добра загарэлая, відаць, усё лета правяла пад сонцам, на чыстым, здаровым паветры. Дзяўчынка бяжыць наперадзе жанчыны, спыняецца і радасна крычыць: 

— Мамачка, глядзі, якія прыгожыя кветкі! 

Яна ўбачыла васількі. Кветкі разбегліся ўздоўж сцяжынкі, быццам тут упалі і рассыпаліся кропелькі бла-кітнага неба. 

— Мамачка, — пытае дзяўчынка, – а гэтыя кветачкі можна рваць? 

— Можна, — адказвае жанчына. 

— Дык давай зробім букецік. І павязём яго дамоў у Мінск. 

— Добра. Ты рві кветачкі на букецік, а я таксама нарву і спляту табе вяночак. 

Жанчына спрытнымі рукамі выбірае васількі. У дзяўчынкі гэта атрымліваецца не так лёгка. 

Хутка ў руках жанчыны з’яўляецца прыгожы, вясёлы вяночак. 

— Зараз прымерым, — гаворыць яна і кладзе вяночак дачушцы на галоўку. – Во, якраз. 

Дзяўчынка аж свеціцца ад радасці і працягвае маці свае сарваныя васількі. 

— Ну да майго вяночка твой букецік, — кажа маці і замілавана глядзіць на дачку. 

— Мама, а гэтыя кветачкі вельмі добрыя? – пытаецца дзяўчынка. 

Ну што ёй адказаць? Маці, безумоўна, ведае, што васількі – пустазелле. Так і растлумачыць дачцэ? Значыць, адразу парушыць у яе душы трапяткое пачуццё радасці, якое нарадзілася ад сустрэчы з гэтым блакітным хараством. 

— Яны прыгожыя, — далікатна гаворыць жанчына. Веру, калі дачушка падрасце, маці скажа ёй праўду пра васількі. Зараз жа, думаю, яна зрабіла правільна... 

Да поля падыходзяць аж чатыры камбайны. Яны адразу ж, вельмі акуратна і клапатліва, пачынаюць касіць жыта. Ззаду застаецца роўнае, чыстае ржышча. Відаць, што за штурваламі машын вопытныя і дбайныя камбайнеры. Да камбайна пад’язджае грузавік, у яго кузаў льецца тугі залаты паток зерня... 

Напрасткі па свежым іржышчы – ну зусім як у далёкім дзяцінстве! – крочу да камбайнаў. Якраз пад’язджае старшыня гаспадаркі. Невялічкі перапынак. 

— Ну, хлопцы, які сёлета хлеб на гэтым полі? – пытаецца старшыня, узяўшы поўную жменю буйных зярнятак. 

— Урадзіла жыцейка, — адказвае пажылы камбайнер. – Нездарма ж зноў сюды буслы прыляцелі. 

Сапраўды, па свежым іржышчы крочаць два цыбатыя буслы, раз-пораз ускідваючы свае доўгія дзюбы. Так захоплены работай, што не звяртаюць на людзей ніякай увагі. 

— Дык буслы ж на шчасце тады, калі побач з вясковай хатай сваё гняздо ладзяць, — кажу я. – А пры чым тут поле? 

— Я на гэтым полі працую ўжо гадоў за дваццаць, – адказвае той самы камбайнер. – І заўсёды, калі косім жыта, буслы тут як тут. І кожны год бяром з поля такі ж багаты ўраджай, як і цяпер. Вось і думаю, што не толькі яны ў хаты прыносяць шчасце, але і на поле... 

Ніхто не пярэчыць супраць такога добрага паверу. 

А ў маім сэрцы нараджаюцца вершаваныя радкі: 

Я ўлюбёны ў поле, 

Шчыра прызнаюся, 

Дзе душа і доля 

Роднай Беларусі. 

Колькі тут пражыта — 

Мы не забываем... 

Тут нам родзіць жыта 

З добрым караваем. 

І прыходзяць святы 

Нашы і ад Бога, 

Калі стол багаты, 

Калі песень многа. 

Жытнёвае поле ў жніўні мне напамінае вялізны каравай, які рыхтуе шчодры месяц. Бо як толькі возьмуць камбайны цяжкія каласы, выгляне ржышча, пасыплецца ў кузавы машын залатое зерне – над полем запануе духмяны хлебны водар... 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter