Почему белоруски осваивали мужские профессии сто лет назад, и как это происходит в наши дни

Жаночая гэта справа

Дамы даўно ходзяць у штанах, удзельнічаюць у выбарах і пераканалі кавалераў, што менавіта тыя павінны займацца хатнімі справамі. Аднак дзяўчаты за рулём велікагрузаў ці з кувалдай у руках усё яшчэ выклікаюць то ўсмешку, то вялікую цікавасць. Дык як да гэтага ставіцца?

Ад камбайнерак-стаханавак да снайпераў 

«І што жанчыны будуць рабіць у лесе? Прападуць, як мухі, — несліся наўздагон адыходзячаму абозу наказы скептыкаў.

У 1930-х Ірына Шчадэнка была лепшай жняёй у Лёзненскім раёне, пасля першай з жанчын навакольных вёсак стала кіраваць сенакасілкай, нарэшце, аднойчы і за лесавывазку на конях узялася. Справа нежаночая, таму мужыкі наўздагон Ірыне і пасмейваліся. Але яна не бянтэжылася і не саромелася прызнаваць цяжкасці: «То бервяно спаўзе з саней, ­таму што яго няправільна прывяжаш, а часам і воз перавернецца», — расказвала Шчадэнка карэспандэнту «Советской Белоруссии».

Калі садзішся гартаць беларускія газеты і часопісы 20—30-х гадоў, дзіву даешся ўздыму працоўнага раўнапраўя ў нашай краіне. Менавіта тады жанчыны смела засвойвалі прафесіі трактарыста і лётчыка, сталяра і фрэзероўшчыка, лесаруба і токара. 

Вядома, на гэта былі прычыны. І развіццё фемінізму, дарэчы, тады стаяла далёка не на першым месцы. 

Пры заводах, фабрыках і калгасах у той час пачалі масава адкрывацца яслі, дзіцячыя садкі і так званыя малочныя кухні. Гэта фактычна стала зялёным святлом для матуль, у якіх раней проста не было магчымасці працаваць. 

Яшчэ адным штуршком насустрач засваенню новых прафесій жанчынамі стаў кадравы голад. Падчас індустрыялізацыі новыя прадпрыемствы множыліся, як грыбы пасля дажджу, існуючыя пашыраліся, рабочых не хапала. 

«На Стрэлічаўскім ­спіртзаво­дзе (Хойніцкі раён) стала мала качагараў і машыністаў. […]  Вядома, што на гэтых работах былі занятыя выключна мужчыны. Дзяўчыны Паліна Евянок і Васіліса Варабей выказалі згоду — першая стаць качагарам, другая — машыністам», — пісала «Советская Белоруссия».


У адным з нумароў газеты знаходзім сямейны партрэт Кандрацьевых з Асіповічаў. Іх ідылія не ў тым, што жонка клапатліва налівае гарачы суп мужу пасля цяжкага працоўнага дня. А ў тым, што ён, маладзенькі токар паравознага дэпо, які перавыконвае працоўную норму ў пяць разоў, навучае рабоце на такарным станку сваю жонку. 

Асобная тэма — жаночая праца на вёсцы. Як толькі ў калгасах пачала з’яўляцца першая тэхніка — трактары, камбайны і грузавікі, самымі прэстыжнымі прафесіямі адразу сталі трактарысты, камбайнеры і шафёры. Адпаведна і зар­плата ў іх была значна большай, чым у астатніх. Сярод ахвотнікаў «запрэгчы» жалезнага каня сустракалася нямала і жанчын. На навучальных курсах пад іх выдзяляліся спецыяльныя квоты: трактарыстак рыхтавалі тысячамі. Таму і сярод партрэтаў лепшых хлебаробаў краіны ў той час можна было ўбачыць не толькі загарэлыя мужчынскія твары. Напрыклад, напрыканцы 1930-х часопіс «Работніца і сялянка» пісаў пра маладую камбайнерку са Шклоўшчыны Ганну Гелахаву, якая на «паўднёвым камбайне «Сталінец» убрала 310 гектараў». І гэтым самым абышла па выкананні плана ўсіх калег-мужчын. 

Нярэдка жанчыны займалі працоўныя месцы сваіх мужоў, якіх забіралі на службу. Напрыклад, пра такія сітуацыі на двух прадпрыемствах Мазыра карэспандэнты «СБ» восенню 1939-га паведамлялі: «Дзеравянка Анюта раней працавала ў малярным цэху, а цяпер яна пераведзена на сталярную працу, дзе замяніла работніка, які пайшоў у армію. […] Валя Леонская, стругальшчыца механічнага цэха, нядаўна пераведзена на фрэзерны станок». 

Між іншым, замяніць мужчын беларускі былі гатовыя не толькі на працы. У 1938-м на старонках «Работніцы і сялянкі» пра свае поспехі расказвала мінчанка Сальнікава. Яна яшчэ ў ­1935-м атрымала званне пілота на курсах Асаавіяхама, а пасля прыступіла да вывучэння снайперскай справы: «Кожны дзень я хадзіла ў цір. Пасля на­стойлівай трэніроўкі я здала норму на варашылаўскага стралка першай ступені». Самае цікавае не тое, што жанчына засвоіла такія незвычайныя для дам навыкі, а тое, што яе асноўная прафесія — работніца прылаўка!


Чым кіраваліся жанчыны, выбіраючы для сябе незвычайныя прафесіі? Рамантычнымі памкненнямі? Наўрад ці. Многія з самага пачатку разумелі, што чакае іх наперадзе. Напрыклад, перш чым стаць машыністам паравоза ці памочнікам машыніста, большасць дзяўчат паспявалі папрацаваць стрэлачнікамі, дзяжурнымі на станцыях. То бок прадстаўленне аб працы на чыгунцы мелі. 

Першым машыністам паравоза ў спадніцы стала былы слесар Марыя Гальдштэйн. Пачынаючы з 1931 года, жанчына вадзіла цяжкавагавыя цягнікі па міжнародных маршрутах, а яе памочнікам быў… муж Леанід. 

Раўнапраўю спрыяе тэхніка

Пытанні роўнасці праў жанчын і мужчын пры выбары прафесіі заў­сёды былі досыць актуальнымі. Сёння ў Беларусі існуе Спіс цяжкіх работ і работ са шкоднымі і (або) небяспечнымі ўмовамі працы, на якіх забараняецца прыцягванне да працы жанчын. Акрамя таго, ёсць нормы Міністэрства аховы здароўя, якія абмяжоўваюць жаночую працу ў сувязі з пэўнымі фактарамі.


— Так званы забаронны спіс прафесій — гэта не сучасная вынаходка. Ён узнік яшчэ ў савецкія часы. Пасля Вялікай Айчыннай вайны паўстала пытанне вывесці са шкодных умоў працы жанчын дзетароднага ўзросту. На фронце і ў акупацыі загінулі дзясяткі мільёнаў чалавек, рызыкаваць здароўем будучых пакаленняў было недапушчальна, — расказвае начальнік упраўлення аховы і дзяржаўнай экспертызы ўмоў працы Міністэрства працы і сацы­яльнай абароны Іван Карчэўскі

Першапачаткова ў спіс трапі­ла некалькі соцень прафесій, але з цягам часу пунктаў у ім становіцца ўсё менш. Толькі за перыяд існавання незалежнай Беларусі адбылося тры перагляды — у 1994, 2000 і 2014 гадах. 

— Гэта звязана з развіццём тэхнікі і тэхналогій, якія значна палегчылі і зрабілі камфортнымі многія вытворчыя працэсы. Яркі прыклад — вальшчык лесу. Раней прафесія лічылася небяспечнай і цяжкай, паколькі прадугледжвала шмат ручной працы. Цяпер з’явіліся сучасныя машыны, якія ў аўтаматычным рэжыме ажыц­цяўляюць валку дрэў. Зараз вальшчыкі працуюць не рукамі, а галавой. Мы ўжо разглядаем пытанне аб навучанні жанчын па гэтай спецыяльнасці, паколькі зацікаўленасць ёсць, — тлумачыць Іван Карчэўскі. — Дарэчы, апошнія змены ў спісе ініцыіравалі супрацоўнікі «Беларуськалія». Ёсць такая прафесія — падземны ствалавы, якая да 2014 года была пад забаронай для жанчын. Абавязкі ствалавога падобныя да абавязкаў ліфцёра, аднак выконвае ён іх у шахце. Па ­сутнасці, нічога складанага не робіць і нават у забоях ніколі не бывае. Можа гэтым займацца жанчына? Безумоўна. 

Эксперт зазначае: сёння назіраец­ца другая хваля цікавасці жанчын да мужчынскіх прафесій. Не так даў­но ў нас з’явіліся жанчыны — пілоты грамадзянскай авіяцыі і жанчыны — вадзіцелі міжнародных маршрутаў. 

— Прагрэс не стаіць на месцы. Гэта раней дальнабойшчыкі сваімі сіламі мянялі вялізныя колы ў машынах на абочыне дарогі. Цяпер для гэтага дастаткова выклікаць выязную брыгаду рамонтнікаў, — падкрэслівае Іван Карчэўскі. — Хочам мы таго ці не, але ў недалёкім будучым патрэба ў такім спісе адпадзе зусім. Увесь развіты свет рухаецца да максімальнай аўтаматызацыі працэсаў і звядзення да мінімуму ручной працы, шкодныя вытворчасці становяцца экалагічнымі. 

Суразмоўца зазначае, што і сёння забаронны спіс можна лічыць умоўным. Паколькі і зараз некаторыя жанчыны працуюць па прафесіях, якія туды ўключаны: 

— Калі наймальнік стварае добрыя ўмовы працы, забяспечвае камфорт і бяспеку, то калі ласка — можа наймаць жанчыну. Галоўнае, каб гэта не супярэчыла Працоўнаму кодэксу. Тыя ж дзяўчаты-дальнабой­шчыкі працуюць толькі на сучасных машынах. За руль старой фуры з моцнай вібрацыяй і шумам яе ніхто не пасадзіць. 

У ТЭМУ

Сёння для жанчын у Расіі забарона распаўсюджваецца амаль на паўтысячы прафесій, сярод якіх — трактарыст сельскай гаспадаркі, цясляр, кіроўца-дальнабойшчык. Аднак з 1 студзеня 2021 года гэты спіс зменшыцца да ста пунктаў, і расійскія жанчыны ўжо пачалі рыхтавацца да перамен: у Краснадары дзяўчат вучаць пілатаваць самалёты-знішчальнікі, а ў Маскве — кіраваць электрацягнікамі ў метрапалітэне.

МЕРКАВАННЕ

Аксана Кірылюк, каваль: 

— Аднойчы лёс выпадкова закінуў мяне на кузню і з першых імгненняў было зразумела: гэта маё. Ужо на наступны дзень у мяне быў добры падручнік савецкіх часоў для прафесійнага каваля і іншыя кнігі па мастацкай коўцы, якія ўдалося знайсці ў продажы. 

Пакуль вучылася, блізкія і сябры лічылі, што гэта стане хобі, забаўкай выхаднога дня. Мне здаецца, ніхто нават не дапускаў думкі, што я займуся гэтым сур'ёзна. Усё ж такі занадта кардынальная перамена сфер дзейнасці – з эканаміста ў кавалі. Не буду таіць: у самым пачатку у мяне і самой быў лёгкі супраціў накшталт «Навошта табе гэта трэба?», «Хіба гэта праца для дзяўчыны?» і «Ці варта было вучыцца ў інстытуце?» Але хутка адпусціла – вынікі радавалі і пераўзыходзілі ўсе чаканні. З чаго я раблю выснову: родных больш  хвалявала тое, што я магу не даць рады фізічна цяжкай працы і страчу шмат часу, згубіўшы іншыя магчымасці.

Першапачаткова ў мяне не было ніякіх уяўленняў аб кавальскай справе. У тым ліку рамантычных думак, навеяных старымі кінафільмамі. Таму ў першыя гады я проста атрымлівала велізарную радасць ад працы. З часам яна трансфармавалася ў пастаяннае адчуванне ўнутранага захаплення, якое з гадамі не толькі не слабее, але і робіцца большым. Быць кавалём значыць не ведаць межаў ў творчасці , твой унутраны акіян нічым не сціснуты. Мне здаецца, для любога чалавека поўная самарэалізацыя вельмі важная і поўнае бескампраміснае задавальненне ад дзейнасці з'яўляецца яе галоўным складнікам.

kurak@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter