Цікава назіраць за ластаўкамі — птушкамі нашага маленства
Кожную вясну ў Беларусь вяртаюцца з выраю больш за дзвесце відаў пярнатых. І са мной па суседстве, у садзе-агародзе селіцца з дзесятак розных птушак. А найбольш цесна сябрую з ластаўкамі-касаткамі. Між іншым, хвосцікі іх сапраўды нагадваюць дзяўчацкія коскі. Сяброўства пачынаецца, як расцвітае цалебная трава чыстацел, ці ластаўкіна трава, якой і я карыстаюся. Яны прылятаюць і, трохі абвыкнуўшыся, бяруцца будаваць гняздо, адпачываючы са спевамі на правадах.
Сёлета падмурак для навяснога дома суседзі мае выбралі незвычайны: электраразетку на балцы ў гаражы. І я назіраў, як ляпілі яны гняздо — зусім не з гліны, як сцвярджаюць некаторыя, а з гразі бліжэйшай лужыны. Смешна, як качкі, перавальваючыся ля вады, і яшчэ напяваючы, набіралі ў дзюбы мокрай зямлі і прыклейвалі яе, рад за радам. Тыдзень — і дом гатовы. Ды сяліцца ў яго птушкі не спяшаліся, дзён на сем ці больш недзе адляталі. Можа, думаю, на поўдзень ад чаромхавых халадоў: тады ж насякомых, іх асноўнай ежы, становіцца мала. Пацяплела — вярнуліся, і, згуляўшы вяселле на провадзе, самачка штодзень адкладвала яйка: белае, невялічкае, з кірпацінкамі. Арнітолагі сцвярджаюць, што калі будзе да трох яек, за лета выйдзе яшчэ і другі вывадак.
Суседнічаем мы гадоў восем. Спачатку не мог зразумець, чаму яны такія смелыя, пырхаюць побач, прысаджваюцца на правады, на вялікія цвікі ў сцяне і весела шчабечуць. А раніцай неяк адчыніў жалезныя вароты — бачу на падлозе нерухомую птушку. Пэўна, падумаў, закрыў з машынай, і яна акалела ў гаражы з голаду і холаду. Але дзіва: падняў, падыхаў на яе, сагрэў у далонях — ажыла, пырхнула і паляцела! Вучоныя сказалі б, што была ў анабіёзе. Тады вырашыў: вароты гаража трымаць адкрытымі. Давялося ўсё лета прачынацца на світанні, і засынаць з цемнатой. Затое, возячыся ля сваёй “Акі”, міжволі быў сведкам гнездавога жыцця ластавак. Нават зрабіў невялічкія адкрыцці. Скажам, заўважыў: ніякай “птушынай слінай” мае ластаўкі гразь не склейваюць, я браў такую ж, зрабіў у гаражы “эксперыментальнае гняздо” — яно, высахшы, стала такім жа моцным. Другое адкрыццё зафіксаваў на фота: ластаўка перадае птушаняці вялікую асу. А вучоныя ж сцвярджаюць, што ядавітых насякомых няма ў іх рацыёне... А які цуд “ліўневае купанне ластавак”! Не аднойчы назіраў, як у вялікую навальніцу, з грамамі-маланкамі, яны, як мне падаецца, з ахвотай “ныраюць” у струмені вады і надоўга дзесьці прападаюць. Загадка...
Гэтым летам у маіх ластавак вывелася пяцёра птушанят. Толькі дзён дваццаць дае ім прырода, каб аперыліся, узмацнелі ды пакінулі гняздо. Пачынаюць падрастаць — там становіцца цесна, яны высоўваюцца на самы край, топчуцца па ім, крылцамі махаюць. Гняздо і разбураецца. Спрабаваў яго ўмацоўваць глінай, граззю, нават клеем, а найлепш падышоў пластылін. На пачатку малых бацькі кормяць дробнымі насякомымі, потым і буйнымі, нават паўжывымі, спрабуючы запіхнуць корм жаўтароціку чым глыбей у горла. Як падрастуць — падклікаюць да сябе, трымаючы якога жучка ў дзюбе. Малым страшна пакінуць гняздо, пусціцца ў пагоню за дарослымі. Урэшце галодны злётак няўпэўнена становіцца на крыло — і толькі тады атрымлівае частунак, прычым на ляту! Потым, асвоіўшы майстэрства палёту, цэлымі днямі маладзенькія ластаўкі баліруюць у небе. І доўга, да самых халадоў, мае крылатыя суседзі лятаюць над сядзібай, спяваюць, чысцяць пёркі. А калі яны знікаюць? Недзе пасля адлёту жураўлёў, прыкладна 28 жніўня: выходзіш на вуліцу — і нечага так не хапае...
Аляксандр Сабадаш,
вёска Абчак Мінскага раёна
Кожную вясну ў Беларусь вяртаюцца з выраю больш за дзвесце відаў пярнатых. І са мной па суседстве, у садзе-агародзе селіцца з дзесятак розных птушак. А найбольш цесна сябрую з ластаўкамі-касаткамі. Між іншым, хвосцікі іх сапраўды нагадваюць дзяўчацкія коскі. Сяброўства пачынаецца, як расцвітае цалебная трава чыстацел, ці ластаўкіна трава, якой і я карыстаюся. Яны прылятаюць і, трохі абвыкнуўшыся, бяруцца будаваць гняздо, адпачываючы са спевамі на правадах.
Сёлета падмурак для навяснога дома суседзі мае выбралі незвычайны: электраразетку на балцы ў гаражы. І я назіраў, як ляпілі яны гняздо — зусім не з гліны, як сцвярджаюць некаторыя, а з гразі бліжэйшай лужыны. Смешна, як качкі, перавальваючыся ля вады, і яшчэ напяваючы, набіралі ў дзюбы мокрай зямлі і прыклейвалі яе, рад за радам. Тыдзень — і дом гатовы. Ды сяліцца ў яго птушкі не спяшаліся, дзён на сем ці больш недзе адляталі. Можа, думаю, на поўдзень ад чаромхавых халадоў: тады ж насякомых, іх асноўнай ежы, становіцца мала. Пацяплела — вярнуліся, і, згуляўшы вяселле на провадзе, самачка штодзень адкладвала яйка: белае, невялічкае, з кірпацінкамі. Арнітолагі сцвярджаюць, што калі будзе да трох яек, за лета выйдзе яшчэ і другі вывадак.Суседнічаем мы гадоў восем. Спачатку не мог зразумець, чаму яны такія смелыя, пырхаюць побач, прысаджваюцца на правады, на вялікія цвікі ў сцяне і весела шчабечуць. А раніцай неяк адчыніў жалезныя вароты — бачу на падлозе нерухомую птушку. Пэўна, падумаў, закрыў з машынай, і яна акалела ў гаражы з голаду і холаду. Але дзіва: падняў, падыхаў на яе, сагрэў у далонях — ажыла, пырхнула і паляцела! Вучоныя сказалі б, што была ў анабіёзе. Тады вырашыў: вароты гаража трымаць адкрытымі. Давялося ўсё лета прачынацца на світанні, і засынаць з цемнатой. Затое, возячыся ля сваёй “Акі”, міжволі быў сведкам гнездавога жыцця ластавак. Нават зрабіў невялічкія адкрыцці. Скажам, заўважыў: ніякай “птушынай слінай” мае ластаўкі гразь не склейваюць, я браў такую ж, зрабіў у гаражы “эксперыментальнае гняздо” — яно, высахшы, стала такім жа моцным. Другое адкрыццё зафіксаваў на фота: ластаўка перадае птушаняці вялікую асу. А вучоныя ж сцвярджаюць, што ядавітых насякомых няма ў іх рацыёне... А які цуд “ліўневае купанне ластавак”! Не аднойчы назіраў, як у вялікую навальніцу, з грамамі-маланкамі, яны, як мне падаецца, з ахвотай “ныраюць” у струмені вады і надоўга дзесьці прападаюць. Загадка...