Первый в Витебской области школьный «Музей хлеба», открытый на малой родине фольклориста Никифаровскага, начал принимать гостей

Зернявушка і сноп-дзедух у запас

КАБ прасачыць шлях ад зярнятка да духмянага каравая, яго розных варыяцый у гастранамічнай і духоўнай культуры продкаў, трэба ехаць у аграгарадок Вымна Віцебскага раёна — у мясцовы дзіцячы сад — сярэднюю школу. Менавіта там адкрылі ў верасні ўнікальны пакой. 

Настаўніца пачатковых класаў Любоў МАЧУЛЬСКАЯ вучыць дзяцей ляпіць фігуркі з салёнага цеста.

Дарэчы, дзіўная прырода, людзі і гісторыя, багатая легендамі і таямніцамі, у канцы XIX — пачатку XX стагодззяў натхнялі нашага вядомага фалькларыста Мікалая Нікіфароўскага. 

На мясцовым матэрыяле навукоўца выдаў сваю самую вядомую працу – зборнік “Нячысцікі”, прысвечаны міфалогіі землякоў. Адна з вуліц аграгарадка носіць імя Нікіфароўскага, а на месцы фундамента яго хаты сёння размешчана вядомая аграсядзіба. 

ДЫРЭКТАР установы Таццяна Цітова паведаміла пра гісторыю стварэння музея:

Саша ХАХЛОВА з хлебам у выглядзе падковы.
— Два гады таму мы зрабілі экспазіцыю “Ад зярнятка да каравая”. Некалі ў нас выкладалася трактарная справа, засталіся старыя механізмы ад сельгасмашын. Мы іх выкарысталі, каб дзеці наглядна маглі ўсвядоміць працу хлебаробаў. Выставу прэзентавалі на Дні сельсавета, які праходзіў у аграгарадку. Калі Вымна пераняла эстафету раённых “Дажынак”, вырашылі пашырыць экспазіцыю і стварыць музей. Выдзелілі пад яго асобнае памяшканне. Меркавалі, што гэта будзе добры падарунак аднавяскоўцам. Нашу ідэю падтрымаў аддзел адукацыі райвыканкама. Дом хлеба дапамагалі ствараць і калегі з іншых школ. Нам перадалі мноства снапоў і караваяў, іх макетаў, дзяліліся рэцэптамі, адметнымі ў той ці іншай мясцовасці. З сакрэтамі выпякання хлеба пазнаёміліся на мінулым тыдні вучні Суражскай школы, а таксама самі паспрабавалі рабіць адмысловыя фігуркі з цеста. Дырэктар “Вітрайбыта” зрабіў нам падарунак — электрычную хлебапечку. Машына будзе ўсталявана ў сялянскую печку, імітацыю якой зрабілі ў музейным пакойчыку. Такім чынам, будзе стварацца атмасфера сакральнага працэсу выпякання караваяў, як гэта рабілі продкі. Нашы краязнаўцы сабралі багаты этнаграфічны матэрыял, звязаны з хлебам. Кіруе гэтым працэсам настаўніца беларускай мовы і літаратуры Наталля Вінаградава. Падчас стварэння музея кансультантам быў знакаміты на Віцебшчыне пекар Кастусь Ларкоў, які зараз працуе ў Літве. Некалі ён даваў у нашай школе майстар-клас.

Наталля Вінаградава распавяла цікавыя факты пра абрадавыя караваі:

— Напрыклад, у нашай мясцовасці заўжды былі ў пашане караваі з кменам, якога ў наваколіцах і сёння шмат. У мясцовых сялян быў цікавы абрад першага купання дзяўчынкі-немаўляці. Заўжды ў тазік клалі хлебную скарынку і гаварылі: “Кладу хлеба скарынку, каб любіў хлопец дзяўчынку”. І сёння мы выконваем для гасцей такую абрадавую сцэнку. У нашых продкаў кожны каравай меў сваё прызначэнне. А часам і для адной падзеі іх прыгатаванне мела свае нюансы. Напрыклад, калі аддавалі замуж дзяўчыну-сірату, вясельны каравай пяклі не з пшанічнай, а з жытнёвай мукі.

Падыходзім да загадкавых лялек з мешкавіны. Іх клічуць Зернявушкі, Крупянічкі, Гарошкі. Абрадавыя цацкі служылі не толькі абярэгамі гаспадарам, але і выратоўвалі сялян у галодныя часы. Калі вясной насення не хапала, ім “дзялілася” лялька, унутр якой пасля збору ўраджаю засыпалі зерне і трымалі у хаце як абаронцаў ад бед і хвароб. Такую ролю выконваў і першы сноп новага ўраджаю — дзедух. Так сяляне выказвалі павагу да зямлі і продкаў.

zakharov@sb.by

Фота БЕЛТА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter