Зерне ў... яму. Сянажную

Сёння ў закрытым акцыянерным таварыстве “Ліпаўцы” Віцебскага раёна такая запарка, што мясцовыя рупліўцы часам блытаюць заход сонца з яго ўсходам. Адпачыць можна і потым. А вось да верасня ні радавыя хлебаробы, ні дырэктар аграпрадпрыемства Фізулі Гасанаў не даюць сабе аніякіх водпускаў і выхадных.
І калі ў любога з вяскоўцаў летні дзень год корміць, то ў ЗАТ “Ліпаўцы” такая формула дзейнічае ўдвайне. Бо ў гаспадарцы самая высокая шчыльнасць буйной рагатай жывёлы ў раёне. Плошчы пад кармавымі культурамі, зерневымі і зернебабовымі ўражваюць сапраўды “цалінным” размахам. Толькі зерневы клін займае 2200 гектараў. Паводле разлiкаў, чакаецца збор звыш пяці тысяч тон хлеба пры сярэдняй ураджайнасці 30 цэнтнераў з гектара. Кожны ў сельгаскааператыве зацікаўлены сабраць добры ўраджай да апошняга каласка. А цяпер аб самым цікавым. Вырашчанае збожжа не абмалочваецца ў полі па звычайнай тэхналогіі. Большасць яго трапіць у восем вялізных сянажных вежаў у... сплюшчаным выглядзе. Перш чым пайсці на ўкараненне тэхналагічнай навінкі, дырэктар асабіста дэталёва вывучыў перадавы вопыт шэрага еўрапейскіх краін. І толькі калі ў гаспадарцы пераканаліся ў эфектыўнасці замежнага ноу-хау, рашуча перавялі яго на віцебскія шыроты. Цяпер канвеер плюшчэння збожжа дзейнічае, як гадзіннікавы механізм. Выхад кармавых адзінак на 10 працэнтаў перавышае паказчыкі традыцыйных спосабаў нарыхтоўкі. На ход работ не ўплывае надвор’е: фураж закладваецца на сілас пры самых неспрыяльных пагодлі- вых умовах. Эканамічная выгада яшчэ і ў тым, что знікае неабходнасць у сушцы зерня, а значыць, не трэба лішніх расходаў на электраэнергію, газ, іншыя энерганосьбіты. Змяншаецца колькасць ручной працы. Для прыкладу, на загрузцы плюшчанага зерня ў вежу заняты ўсяго трое рабочых. Цяпер на палях ЗАТ “Ліпаўцы” скошваюць збажыну дзесятак уборачных агрэгатаў. Зразумела, што зерне, якое дайшло да поўнай спеласці, няма сэнсу плюшчыць. Яно абмалочваецца прамым камбайнаваннем. Але канвеер плюшчэння працягвае дзейнічаць, бо большасць сянажных вежаў яшчэ не запоўнена. А самы каштоўны корм для буйной рагатай жывёлы атрымліваецца пры пропуску зерневай масы праз вальцавы млын, які набыты гаспадаркай у Фінляндыі. Якраз грубае сплюшчанае зерне з’яўляецца ідэальным для страўніка жвачнай жывёлы. Па тэхналогіі праз два-тры тыдні такая “плюшчаная салата” ўжо гатова да спажывання. Яна поўнасцю засвойваецца жывёлай, акупліваецца дадатковымі тонамі малака і мяса. Ды і сухіх канцэнтраваных кармоў не трэба купляць у той колькасці, як раней.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter