Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

На XXI Міжнароднай спецыялізаванай выставе “СМІ ў Беларусі” ў чарговы раз былі прадстаўлены выданні беларусаў замежжа

Землякі ў люстэрку СМІ

Сонцам, доўгачаканай цеплынёй ды бадзёрымі гукамі духавога аркестра сустракае гасцей знакаміты будынак- “рамонак”: Нацыянальны выставачны цэнтр “БЕЛЭКСПА”, што па мінскім праспекце Пераможцаў, 14. Свята! І прыемна, што як актывістам этнасуполак Беларусі, так і беларусам з замежжа ў падобным віры штогод ёсць дзе запыніцца, знайсці “сваё месца” ў людской плыні. Для супрацоўнікаў “ГР” — таксама традыцыя: сустракацца з супляменнікамі на адкрыцці выставы “СМІ ў Беларусі”, пры стэндзе Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў.

Гасцей і ўдзельнікаў выставы “СМІ ў Беларусі” віталі песнямі артысты
юры МАЗАЛЕўСКІ

Рухаемся “да нашых”, па ходзе віншуем калег са святам. І вось ужо трапляем у моцныя абдымкі Віктара Байкачова, за ім і Людміла Аннус далучаецца да размовы — гэта сябры з эстонскай Нарвы, актыўныя пазаштатныя аўтары “Голасу Радзімы”. А вось і суайчыннікі з Латвіі: Барыс і Валянціна Піскуновы, іхняя дачка Алёна Лазарава, Іна Олесава… Іх, актывістаў Саюза беларусаў Латвіі, пэўна ж, таксама ведаюць нашы чытачы. Газета СБЛ “Прамень”, як заўсёды, прадстаўлена салідна, а побач — і “Уздым”. Гэта маладое выданне. З ім і прыехала на Бацькаўшчыну радасная Людміла Сінякова, кіраўніца суполкі “Уздым” з Даўгаўпілса. З яе рук і атрымліваем каштоўны сувенір: адзін з нумароў газеты. А ў хуткім часе падыходзяць і Ніна Пээрна ды Кэтлін Пукк — беларускі з Таліна.

Па словах начальніка аддзела па справах нацыянальнасцяў апарата Упаўнаважанага па справах рэлiгiй i нацыянальнасцяў Аляксандра Сасновіча, на выставачным стэндзе прадставілі друкаваныя СМІ як суполкі беларусаў за мяжой (ужо згаданыя “Прамень” ды “Уздым”, беларускія спецвыпускі з расійскай газеты “Тюменская область сегодня”) так і нацыянальна-культурныя грамадскія аб’яднанні ў Беларусі. Апошніх — больш: на стэндзе бачым газеты “Авив” Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын ды “Українский Віснік” Беларускага грамадскага аб’яднання ўкраінцаў “Ватра”. Наведнікі з цікавасцю гарталі таксама інфабюлетэні суполак беларускіх карэйцаў, немцаў, грузін, казахаў. Дарэчы, друкаваныя выданні нацыянальна-культурных аб’яднанняў Беларусі, удакладняе Аляксандр Львовіч, цалкам прафінансаваны за кошт сродкаў, што выдзелены на гэтыя мэты Упаўнаважанаму з рэспубліканскага бюджэту.

Асноўнаю тэмай выставы “СМІ ў Беларусі” была інфармацыйная бяспека ў сучасным свеце. Яе ўдзельнікам, гасцям і арганізатарам накіраваў віншаванне Прэзідэнт Беларусі. Было прадстаўлена больш за сто розных СМІ, у тым ліку і з замежжа: Балгарыі, Грузіі, Расіі, Германіі, Турцыі, Літвы, Індыі. А ганаровым госцем сёлета быў Кітай, прычым для журналістаў з гэтай краіны ладзіўся і вялікі прэс-тур па Беларусі, пасля якога яны сустракаліся, гутарылі з Прэзідэнтам.

Журналісты “Голасу Радзімы” з беларусамі замежжа

І для карэспандэнтаў СМІ арганізацый суайчыннікаў з Латвіі, Украіны, Эстоніі, Расіі, што былі запрошаны паўдзельнічаць у працы выставы, прайшоў цікавы семінар-практыкум. Яго ладзілі апарат Упаўнаважанага сумесна з Мінскім аблвыканкамам на базе Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі. Перад супляменнікамі выступілі выкладчыкі інстытута, былі сустрэчы ў Міністэрстве замежных спраў, Мінскім аблвыканкаме, выезд у Маладзечна. Спадзяемся, удзельнікі яго яшчэ падзеляцца сваімі ўражаннямі.

На сёлетняй выставе адразу два супрацоўнікі рэдакцыі былі ўшанаваны ў ліку пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу сярод журналістаў і СМІ на лепшае асвятленне пытанняў міжнацыянальных i мiжканфесійных адносін, мiжкультурнага дыялогу ў Беларусі ды супрацоўніцтва з суайчыннiкамi за мяжой. І мы ў чарговы раз пераканаліся: а прыемна ж прыходзіць на свята, якое ты й сам рыхтаваў! І хоць ні стэнды супрацоўнікі газеты “Голас Радзімы” не афармлялі, ні асобную прэзентацыю выдання не рабілі, аднак высокія ўзнагароды атрымалі: Іван Ждановіч — дыплом ІІ ступені ў намiнацыi “Друкаваныя СМI ды iнфармацыйныя агенцтвы” ад Міністэрства інфармацыі, а Кацярына Мядзведская — дыплом Упаўнаважанага па справах рэлiгiй i нацыянальнасцяў. Дарэчы, два ўшанаваныя журналісты з аднаго выдання — рэдкая з’ява на падобным конкурсе, бо ў асноўным адзначаюцца творчыя калектывы. Так што ёсць чым нам ганарыцца!

Пасля таго, як пабылі ўжо ў Беларусі, прадстаўнікоў замежных суполак беларусаў 5 мая сустракаў Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка. Як заўсёды, цёплай, душэўнай была размова. Супляменнікі расказвалі пра свае справы, а Леанід Паўлавіч — пра тое, як у Беларусі адладжана работа з нацыянальна-культурнымі суполкамі, а таксама ў канфесійнай сферы. Даваў слушныя парады, выслухоўваў прапановы. Часам і спрачаўся, і тлумачыў, і пераконваў. Амаль двухгадзінная сустрэча прайшла ў пазітыўным ключы. Трохі штучнай, праўда, падалася мне спрэчка пра новую назву беларускай суполкі ў Эстоніі: “Спадкі”. Некаторыя настойвалі: маўляў, няма такога слова ў беларускай мове. Мне ж як журналісту няёмка было ўмешвацца ў спрэчку, хоць я з дзяцінства такое слоўца чуў у сваёй роднай вёсцы Яцкаўшчыне, што пад Клецкам. Потым і ў інтэрнэце знайшоў: спадкі — гэта размоўнае слова. Азначае: “Маёмасць, якая пасля смерці ўладальніка пераходзіць у карыстанне каго-небудзь”. Карацей, спадкі — гэта нешта канкрэтнае, што застаецца ў спадчыну. І калі ўжо ёсць да суполкі “Спадкі” такі вось інтарэс, то й нам варта будзе пра яе расказаць.

Голас Радзімы № 18 (3522), чацвер, 18 мая, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter