Землякі. Сябры. Партнёры!

Беларусы Валгаграда падтрымліваюць дзелавыя стасункі з прадпрыемствамі Беларусі і дапамагаюць айчынным вытворцам замацоўвацца на расійскім рынкуЗ Віктарам Зіновічам, старшынёй Валгаградскай гарадской грамадскай арганізацыі “Зямляцтва беларусаў”, мы гутарылі ў Маскве, на нядаўняй нарадзе ў беларускім пасольстве. Слухаючы яго, яшчэ раз пераконвалася: у кожнай суполкі беларусаў замежжа — свая спецыфіка ў рабоце, свой творчы почырк. Многае залежыць, вядома ж, ад складу характара, асабістых прыхільнасцяў канкрэтных людзей. Бывае, і найлепшы чужы досвед нічым не дапаможа, калі не кладзецца ён на душы актывістаў. Па ўсім бачна, беларусы Валгаграда ўмеюць ладзіць масавыя мерапрыемствы, не адмяжоўваюцца ад сацыяльна важных спраў рэгіёна і самі, як кажуць, робяць навіны. “Наша зямляцтва актыўна ўдзельнічае ва ўсіх гарадскіх і абласных культурных мерапрыемствах; дні горада, свята нацыянальнай кухні, агляды самадзейнасці — у гэтым мы заўсёды на вышыні! — расказваў Віктар Станіслававіч. — Сёлета ўпершыню шырока, на ўзроўні вобласці, адзначалі Дзень яднання народаў Расіі і Беларусі: наша зямляцтва было застрэльшчыкам яркага свята, якое, лічу, запомнілася і спадабалася ўсім яго ўдзельнікам і гасцям”.
Старшыня “Зямляцтва беларусаў” з Валгаграда Віктар Зіновіч (справа) пад час інтэрв’юБеларусы Валгаграда падтрымліваюць дзелавыя стасункі з прадпрыемствамі Беларусі і дапамагаюць айчынным вытворцам замацоўвацца на расійскім рынку
З Віктарам Зіновічам, старшынёй Валгаградскай гарадской грамадскай арганізацыі “Зямляцтва беларусаў”, мы гутарылі ў Маскве, на нядаўняй нарадзе ў беларускім пасольстве. Слухаючы яго, яшчэ раз пераконвалася: у кожнай суполкі беларусаў замежжа — свая спецыфіка ў рабоце, свой творчы почырк. Многае залежыць, вядома ж, ад складу характара, асабістых прыхільнасцяў канкрэтных людзей. Бывае, і найлепшы чужы досвед нічым не дапаможа, калі не кладзецца ён на душы актывістаў. Па ўсім бачна, беларусы Валгаграда ўмеюць ладзіць масавыя мерапрыемствы, не адмяжоўваюцца ад сацыяльна важных спраў рэгіёна і самі, як кажуць, робяць навіны. “Наша зямляцтва актыўна ўдзельнічае ва ўсіх гарадскіх і абласных культурных мерапрыемствах; дні горада, свята нацыянальнай кухні, агляды самадзейнасці — у гэтым мы заўсёды на вышыні! — расказваў Віктар Станіслававіч. — Сёлета ўпершыню шырока, на ўзроўні вобласці, адзначалі Дзень яднання народаў Расіі і Беларусі: наша зямляцтва было застрэльшчыкам яркага свята, якое, лічу, запомнілася і спадабалася ўсім яго ўдзельнікам і гасцям”.
Віктар Зіновіч амаль з маленства жыве ў Валгаградзе, аднак, прызнаецца, заўсёды адчуваў сябе беларусам: кожнае лета праводзіў у бабулі з дзядулем на Брэстчыне. І некалькі гадоў вучыўся там у школе. Ды і цяпер у кантакце з беларускімі сваякамі: супляменнікі перапісваюцца, ператэлефаноўваюцца, у госці адзін да другога па магчымасці ездзяць. Ці шмат беларусаў у вобласці? Паводле перапісу 2010 года — каля васьмі з паловай тысяч. Лічы, цэлы гарадок. Лічба, удакладняе, умоўная, бо асіміляцыя размывае этнасувязі, як бурная рака пясчаны бераг. І калі свядома не ўмацоўваць свае духоўна-культурныя, родавыя стасункі з Бацькаўшчынай, то бязродным сплывеш у “акіян чалавецтва”. Што ж, да пары да часу можна і не думаць, скуль твае карані. Але, упэўнены мой субяседнік, чалавек культурны шануе продкаў, ведае радавод. Дарэчы, заўважае, у Валгаградзе развіты водныя віды спорту, воднае пола ў прыватнасці, і ён звярнуў увагу, што ў камандах гуляе шмат беларусаў. Гены?
Ведаюць у Валгаградзе нашых суайчыннікаў і як верных сяброў. У канцы лістапада там ладзіцца вялікая канферэнцыя, прысвечаная 70-годдзю перамогі ў Сталінградскай бітве. Як вядома, важным яе складнікам была міжнацыянальная дружба савецкіх воінаў. І “Зямляцтва беларусаў” актыўна ўдзельнічае ў мерапрыемстве.
Цікавы кірунак прыкладання сіл для суайчыннікаў — гандлёва-эканамічнае супацоўніцтва. “Летась пад час маёй “беларускай пабыўкі” ў радні на Брэстчыне да мяне звярнуліся землякі: дапамажы выйсці з некаторымі беларускімі таварамі на валгаградскі рынак, — расказвае Віктар Станіслававіч. — Мы падключылі “Зямляцтва беларусаў”, грунтоўна папрацавалі, і вось першы вынік: у вобласці з’явілася сетка крам “Белвест” па продажы абутку. Між ты і многія іншыя беларускія брэнды, у тым ліку і не без дапамогі зямляцтва, даўно заваявалі наш рынак. І многія пакупнікі ўспрымаюць ужо як свае, родныя беларускія тавары, прывезеныя за тысячы кіламетраў: трыкатаж, касметыка, рыбныя вырабы і іншыя. А калі летась беларусы прывезлі на выставу-кірмаш навінкі, мы зразумелі: трэба яшчэ больш актыўна ўкараняць дылерскія сеткі! Бо ёсць што везці з Беларусі, ёсць і чым гандляваць. Цяпер працуем, каб дапамагчы беларускім вытворцам малочных вырабаў увайсці на наш рынак. Гэта, прызнацца, няпроста, канкурэнцыя вялікая, напрацаваныя сувязі. Але — дарогу здужае той, хто ідзе!”
Як прыклад таго, што беларуска-расійскае партнёрства актыўна развіваецца, Віктар Зіновіч згадаў аб прадпрыемстве “Поліпрофіль”. Галаўная яго фірма працуе ў Гомелі, а філіялы — у Валгаградзе, Растове, Керчы. І там не абышлося без зямляцкіх сувязяў, якія дапамагаюць эфектыўна разгортваць бізнес на міждзяржаўным узроўні. Так што інтэграцыя, падкрэсліў ён, для валгаградскіх беларусаў — не пустое, а напоўненае жывым сэнсам і канкрэтнымі справамі слова.

Ларыса Ракоўская
На здымку:
Старшыня “Зямляцтва беларусаў” з Валгаграда Віктар Зіновіч (справа) пад час інтэрв’ю
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter