Вандроўкі з Уладзімірам Субатам. Зембінскія таямніцы сівой мінуўшчыны

Зембін: адораны багатай спадчынай і прыродным хараством

ПАЛАЦАМІ, хрысціянскімі храмамі, іншымі архітэктурнымі шэдэўрамі аздоблены былыя ўладанні еўрапейскіх магнатаў Радзівілаў. Адзін з такіх куточкаў – мястэчка Зембін, пабудаванае на старым Віленскім тракце. 

Як значны маёнтак яно ўпершыню пісьмова ўзгадваецца ў 1526 годзе ў дакументах Вялікага Княства Літоўскага. Акрамя роду Радзівілаў, у розныя перыяды тут гаспадарылі Кішкі, Саковічы, Патоцкія, Война-Ясянецкія, Храптовічы, Ліхадзіеўскія, Хэлхоўскія.



Гістарычныя падзеі, што адбываліся на беларускай зямлі, ніколі не міналі паселішча, якое ў Сярэднявечча хутка развівалася і займела статус мястэчка. Былі і часы заняпаду. У шведскую вайну ў Зембіне размясцілася і доўга стаяла маскоўскае войска на чале з Меншыкавым, што прывяло тутэйшых да жабрацтва. Паселішча зноў становіцца вёскай. Тагачасны гаспадар Храптовіч дамогся вярнуць яму статус мястэчка і дазволіў сяліцца як хрысціянам, так і прадстаўнікам іншых веравызнанняў. Масава ўладкоўваліся яўрэйскія сем’і. Актыўна развіваўся гандаль. На месцы былой драўлянай царквы паўстала сінагога. Упрыгожылі мястэчка новыя каталіцкі і праваслаўны храмы. У 1640 годзе быў заснаваны манастыр ордэна дамініканцаў. Манахі варылі піва, медавуху і прадавалі, а за атрыманыя сродкі набывалі кнігі для бібліятэкі і школы. У 1790 годзе касцёл згарэў, і на яго месцы змуравалі велічны храм, які стаў архітэктурным помнікам пераходнага перыяду ад барока да класіцызму. 

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай Зембін адышоў да Расійскай імперыі. 

У вайну 1812 года пасля трагічнай пераправы праз Бярэзіну тут начаваў Напалеон.

Знішчальны след вайны мінулага стагоддзя. У ліпені 1941 года нямецка-фашысцкія захопнікі расстралялі амаль тысячу мясцовых яўрэяў. Мемарыялам увекавечана памяць ваенных ахвяр. 

У 1924 годзе Зембін стаў раённым цэнтрам і быў ім тры гады. Дзейнічалі прадпрыемствы па перапрацоўцы сельгаспрадукцыі, драўніны. У пасляваенны час працавалі цагельня, гатар, калгас, які рэфармаваны ў ААТ “Зембінскае”. Адным з першых у Барысаўскім раёне Зембін атрымаў статус аграгарадка.

Старшыня сельвыканкама Людміла ГАРАДНІЧУК. 

НЕ так проста са сталіцы дабірацца ў акружаны барамі, багаты на архітэктурную спадчыну Зембін, які абвівае блакітным вянком плыні хуткацечная Гайна. За сучасным будынкам Цэнтра культуры і адпачынку, у якім размешчана карцінная галерэя з экспазіцыяй палоцен, падораных слыннай зямлячкай Надзеяй Лежэ, паміж густых шатаў векавых дрэў упіраецца ў неба счарнелы крыж і пад ім буслянка. Франтальны бок манументальнага помніка мінуў- шчыны аздоблены скульптурай Дзевы Марыі.

Праз ажыўленую вуліцу, якая за ваколіцай пераходзіць у аўтатрасу, ззяюць пазалотай купалы адноўленай Свята-Міхайлаўскай царквы. Паміж хрысціянскімі храмамі – шырокая плошча, на якой усталяваны мемарыял з імёнамі франтавікоў і партызан, што аддалі свае жыцці ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі акупантамі. Багаты на ўнікальныя экспанаты музей народнай славы, якім больш за два дзесяцігоддзі кіруе Галіна Ігнатовіч. Ён стаў філіялам Барысаўскага аб’яднанага музея.

Ветэран вайны і працы Надзея САХОНЧЫК.

Пасля заканчэння сталічнага тэхналагічнага інстытута Галіна Іванаўна размеркавалася ў Талін. Сэрца прагла дамоў. З маленькай дачушкай на руках вярнулася. Купіла ў Зембіне дом, адрамантавала яго, абнавіла садок і лічыць сябе самай шчаслівай. Шмат душы і сэрца ўносіць у музейную справу апантаная Галіна Ігнатовіч. 

Старшыня сельвыканкама Людміла Гараднічук, з якою вандравалі па Зембіне, параіла сустрэцца з былой партызанкай Надзеяй Сахончык. Дома дзевяностапяцігадовую пенсіянерку не засталі. Надзея Сілкаўна папраўляла здароўе ў мясцовай бальніцы, якая размешчана на ўскрайку аграгарадка ля сасновага бору. Заснавана яна на пачатку мінулага стагоддзя. Паўвека таму паўстаў новы двухпавярховы корпус, які пастаянна рамантуецца. Разлічана на 50 тэрапеўтычных ложкаў. Ёсць і сацыяльнае аддзяленне на 30 месцаў для адзінокіх пенсіянераў. Медсястра Людміла Дземянцей правяла нас да Надзеі Сілкаўны. Пачаліся ўспаміны пра перажытае. У гады нямецка-фашысцкай акупацыі ў Зембіне стаяў гітлераўскі гарнізон. Народныя мсціўцы не давалі спакою ворагам і здраднікам, што служылі акупацыйнаму рэжыму. 

Кіраўнік спраў сельвыканкама Іна МУГАКА.

Бабулька ўзгадвала, як камандаванне партызанскага атрада адправіла яе, маладзенькую камсамолку, расправіцца са здраднікам Пятром Горлачам, які служыў бургамістрам у яе вёсцы Каршавіца. Самадурству вар’ята не было меры. Надзею праінфармавалі, што яго жонка – партызанская сувязная. Непрыкметна дзяўчына дабралася да родных мясцін. Перад сваёй хатай, якая па суседстве з бургамістравай, нечакана сустрэлася з Горлачам. Ён здзіўлена спыніўся, а потым схапіў яе і пацягнуў у сваю хату. Намерваўся здаць у камендатуру. Сын, з якім яна з маленства зналася, і жонка Сцепаніда сталі прасіць, каб не здаваў катам суседку. Сэрца Надзеі разрывалася ад напружання. Захмялелы бургамістр махнуў рукою і заваліўся спаць у суседнім пакоі. Тым часам Сцепаніда рашуча выправадзіла сына, каб не бачыў расправы. Надзея выхапіла з-пад вопраткі пісталет, двойчы стрэліла ў соннага Горлача. Гаспадыня хуценька вывела партызанку за агарод, і дзяўчына стралою ірванула ў бліжэйшы лясок. Паведаміла камандаванню атрада пра выкананне задання. 

ПЕРАЖЫЛА Надзея Сілкаўна і вядомую блакаду народных мсціўцаў ля возера Палік, у час якой страціла бацькоў і трох братоў. Партызанскія фарміраванні базіраваліся вакол возера з першых месяцаў нямецка-фашысцкай акупацыі. Тут былі стаянкі партызанскіх брыгад “Дзядзькі Колі”, “Стары”, імя Кірава, імя Панамарэнкі. Дзейнічаў у лясным гушчары барысаўскі падпольны міжраённы камітэт Кампартыі Беларусі. Байцы часта нападалі на гітлераўскі гарнізон у Зембіне. Для абароны акупанты выкарыстоўвалі царкоўную званіцу і прылеглую да храма мясцовасць. Паўразбураны снарадамі, кулямі царкоўны будынак у пасляваенныя гады выкарыстоўвалі пад захоўванне збожжа. Аднаўляць яго пачаў святар Анатоль Лашкевіч. У сутарэннях і на царкоўным падворку знаходзілі і абясшкоджвалі снарады, бачылі рэшткі расстраляных фашыстамі людзей. Іх па-хрысціянску адпелі і перазахавалі на могілках. Давесці да канца рэстаўрацыйныя работы святар не паспеў. Яго справу падхапіў іерэй Андрэй Капульцэвіч.

Пенсіянер Юрый МАЙТАК са сваімі гадаванцамі.

СТАРЭЙШЫЯ жыхары памятаюць, як ля паўразбуранай царквы ў сярэдзіне мінулага стагоддзя здымаўся кінафільм “Пераклічка”. Па вулачках Зембіна крочылі зоркі савецкага кіно Таццяна Дароніна, Яўген Сцяблоў, Мікіта Міхалкоў. Па задумцы рэжысёра танк, экіпажам якога кіраваў малады Міхалкоў, на хуткасці павінен быў прабіць алтарную сцяну і выбіць схаваных у храме фашыстаў. Прагучаў загад “Матор!” — і магутная машына рынула на таўшчэнную ў паўтара метра сцяну і, як тэнісны шарык, адляцела назад. Некалькі дубляў зрабілі, але сцяна не паддавалася. Вырашылі ўзарваць алтарную сцяну і змураваць бутафорную. Эфектныя кадры атрымаліся, а храм надоўга застаўся разбураным. Чатыры гады таму Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел і епіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі Веніямін асвяцілі рэканструяваную царкву ў гонар святога Архангела Міхаіла. 

Прыслужвае ў ёй пенсіянерка Вера Рогач, унук якой Ілья закончыў сярэднюю школу і рыхтуецца паступаць у духоўную семінарыю. Сёлета пяцёра выпускнікоў у Зембіне. Сярод іх і залатая медалістка Дар’я Курыленка. Дырэктара сярэдняй школы Наталлю Бурачэўскую, з якою сустрэліся на яе падворку, радуе, што ў першы клас прыйдзе 18 хлопчыкаў і дзяўчынак. Вучацца ў школе дзеці з 18 суседніх вёсак сельсавета. Акрамя школьных дысцыплін, выхаванцы займаюцца ў розных гуртках па інтарэсах. Створаны музей этнаграфікі, дзейнічаюць спартыўныя секцыі. Педагогі Старабарысаўскай школы мастацтваў займаюцца з юнымі музыкамі.

Пенсіянерка Аліна ТУРБІНА з унукам Аляксеем.

Механізатарамі і жывёлаводамі, спецыялістамі лясной гаспадаркі, педагогамі і медыкамі сталі выхаванцы. Выпускнік Аляксандр Скурат пасля заканчэння сталічнага ўніверсітэта вярнуўся дамоў і працуе інжынерам-механікам у ААТ “Зембінскі”. Дачка перадавой жывёлаводкі Таццяны Лазоўскай Наталля ў аграрным каледжы атрымала спецыяльнасць бухгалтара і працу сумяшчае з завочнай вучобай у вышэйшай навучальнай установе. Фермерствам заняліся браты Міхаіл і Аляксандр Фамічы. Гадуюць свіней, вырошчваюць збожжавыя, гародніну, клуб- ніцы. 

Сучасны сад марыць пасадзіць за вёскай Чмялі выпускнік аграфака Беларускай дзяржсельгасакадэміі Павел Турбін. Са сталіцы ён вярнуўся з жонкаю Ганнай, дачушкай Алісай і сынам Аляксеем. Працаваў у навукова-даследчым інстытуце пладаводства і садоўніцтва. Вырашыў заняцца практычнай дзейнасцю. Чакае выдзялення зямельнага ўчастка.

На падворку нас сустрэла яго маці Аліна Францаўна. На руках трымала гадавалага ўнука Алёшку. І пасля выхаду на пенсію працуе ўрачом участковай бальніцы. Цяпер яе клопат – унукі і хатняя гаспадарка. 

Шматдзетная маці Людміла САЎЧЫК з дачкой Лізай, сынамі Артурам і Дзмітрыем. 

Летась справіла наваселле ў двухпавярховым катэджы насупраць касцёла шматдзетная сям’я Людмілы і Аляксандра Саўчыкаў. Родным для іх стаў Зембін. Людміла Міхайлаўна прыехала настаўнічаць з Гомельшчыны. А радзіма Аляксандра Яўгенавіча – Гродзеншчына. У іх новым прасторным доме знайшлося месца для інваліда Андрэя Мікалінскага, з якім гаспадар сябруе з дзяцінства. У Саўчыкаў вялікі агарод, малады садок. Працай выхоўваюць дачку Лізу, сыноў Артура і Дзмітрыя. Людміле Міхайлаўне дапамагае ўпраўляцца па гаспадарцы свякроў Ніна Арсеньеўна. 

АБУЛАДЖВАЮЦЦА ў Зембіне не толькі тутэйшыя. Мелодыя званоў Свята-Міхайлаўскага храма так зачаравала мінчанку Таццяну Козліну, што яна пакінула сталіцу і сваімі рукамі стварае прыгажосць на падворку, які прыдбала насупраць царквы. 

Захапленне былога інжынера-электроніка Юрыя Майтака – козы. Некалькі гадоў таму лёс вярнуў яго да мясцін дзяцінства. Купіў хатку побач з бацькоўскім падворкам, куды таксама вярнулася з горада сястра Вольга. Пятнаццаць козачак у Юрыя Рыгоравіча. Сам даглядае іх, пасвіць, доіць, вырабляе сыр і прадае па мізэрнай цане. Большасць гадаванцаў – высокапародзістыя. Маладняк прадае іншым аматарам. На пытанне, як удаецца пракарміць такі гурт зімою, ён акінуў позіркам шырокую нізіну з густой травою. Сам нарыхтоўвае сена, а калі яго не стае, купляе ў гаспадарцы.

Педагогі муж і жонка Віктар і Наталля БУРАЧЭЎСКІЯ.

Невядомым магнітам прыцягнуў Зембін і старшыню сельвыканкама Людмілу Гараднічук. Пасля заканчэння аграфака Беларускай дзяржсельгасакадэміі з мужам Аляксандрам Міхайлавічам вярнулася да бацькоў у родны Докшыцкі раён. Муж угаворваў пераехаць да яго бацькоў у вядомую Камароўку, якая славіцца землякамі двойчы Героем Савецкага Саюза лётчыкам-касманаўтам Пятром Клімуком і Героем Беларусі Пятром Пракаповічам. Каб нікому не было крыўдна, выбар спынілі на Зембіне. 

Восьмы год Людміла Якаўлеўна ўзначальвае сельвыканкам. Да людзей прывыкла. Дочкі тут выраслі, замуж выйшлі, чацвёра ўнукаў падрастае.

Дырэктар Музея баявой славы Галіна ІГНАТОВІЧ.

Кіраўнік спраў Іна Мугака таксама працавала аграномам у гаспадарцы. Разам з мужам Аляксандрам Мікалаевічам, акрамя сваіх двух дзяцей, выхоўваюць прыёмнага сына Ілью. Дачка Яніна пасля Навапольскага дзяржагракаледжа вярнулася ў Зембін. Сын Арцём працуе галоўным энергетыкам у ААТ “Зембінскі” і завочна атрымлівае вышэйшую адукацыю. 

На тэрыторыі сельсавета яшчэ адна гаспадарка – ААТ “Касакавіцкі”. Большасць тутэйшых працуе на зямлі, у лясніцтве, бальніцы, школе. Прадпрымальнікі Аляксандр Румянцаў і Фёдар Гузняк выкупілі карпусы цагельні і наладжваюць там вытворчасць піламатэрыялаў і сеткі-рабіцы. Новыя працоўныя месцы стварае прыватны гандаль.

Выпускнік сярэдняй школы Ілья РОГАЧ.

Пад захад сонца развітваўся з ціхім Зембінам, які адораны багатай спадчынай і прыродным хараством. Тут самае месца развіваць турызм, а на палях і фермах атрымліваць экалагічна чыстую сельгаспрадукцыю, попыт на якую заўсёды ёсць. 

Барысаўскі раён

Фота аўтара.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter