Верующие спасли Будславскую икону, а пожарные отвоевали у огня древний костел - сейчас идет его восстановление

Здзейснiць цуд для святынi

На мiнулым тыднi ўся Беларусь сачыла за падзеямi ў невялiкай вёсцы Будслаў на Мiншчыне. Дым над дахам касцёла мясцовыя жыхары заўважылi ранiцай 11 мая. Неадкладна выклiкалi пажарных. На лiквiдацыю агню спецыялiстам спатрэбiлася каля чатырох гадзiн. Ад даху засталiся чорныя бэлькi. Але галоўную каштоўнасць святынi — цудадзейны абраз Мацi Божай Будслаўскай — уратавалi. Ён знаходзiцца ў бяспечным месцы i неўзабаве зноў будзе даступны для ўшанавання. Карэспандэнт «Народнай газеты» даведалася, чаму цудатворны абраз Мацi Божай Будслаўскай стаў самай ушанаванай каталiцкай святыняй Беларусi, як iдзе аднаўленне касцёла i дзе пасля пажару моляцца вернiкi.

Фота Аляксандра Кушнера

Выпрабаванне агнём

Сельскiя падворкi ўшчыльную падступаюць да велiчнага барочнага касцёла Узнясення Найсвяцейшай Панны Марыi. Нават здалёк вiдаць дзве белыя вежы, укаранаваныя крыжамi, што ўзносяцца да нябёсаў. Але сонечным майскiм днём над святыняй з’явiлiся чорныя клубы дыму. Мясцовая жыхарка Марыя Яблонская жыве праз дарогу ад храма. Той жудасны дзень яна i сёння ўзгадвае са слязамi на вачах:

— Ранiцай я пачула дзiўны гук, што даносiўся з вышынi касцёла, але тады падалося, што гэты грукат iдзе ад галубоў. Неўзабаве заўважыла над дахам выпарэнне, але дакладна зразумела, што касцёл гарыць, калi ў небе з’явiлiся чорныя завiткi дыму.

Неадкладна распавяла пра бяду ксяндзу. Пробашч будслаўскай парафii Дзмiтрый Дубовiк дзейнiчаў рашуча:

— У 7:47 выклiкаў пажарных. Адчынiў касцёл, i мы з вернiкамi хутка пачалi ратаваць каштоўнасцi. У першую чаргу вынеслi абраз Мацi Божай Будслаўскай, найсвяцейшы сакрамэнт. Каля гадзiны мы ратавалi рэчы. Пасля працаваць стала небяспечна. Некаторыя людзi, што дапамагалi выносiць лiтургiчныя прыналежнасцi, абразы, кнiгi, ужо ледзь трымалiся на нагах, бо дыму вакол было поўна.

Каля 10-й гадзiны дах над цэнтральнай навай будслаўскага касцёла быў цалкам знiшчаны агнём i абрынуўся.

Жыхар вёскi Будслаў Яўген Апанасевiч апынуўся на месцы трагедыi праз 15 хвiлiн. Ён быў сярод першых ратавальнiкаў касцёльнага скарбу:

— Ведаеце, панiкi вакол не было. Нават у экстрэмальных умовах людзi былi вельмi скаардынаваныя. Працавалi, колькi дазваляў час, калi святыня пачала напаўняцца едкiм дымам, унутр папрасiлi не ўваходзiць жанчын i падлеткаў. Мужчыны яшчэ заставалiся дапамагаць пажарным. Лакалiзаваць агонь атрымалася за пару гадзiн, аднак  усе працы завяршылiся апоўначы.

Шлях веры

Цудатворны абраз Мацi Божай Будслаўскай — самая ўшанаваная каталiцкая святыня Беларусi. Вернiкi з розных краiн прыходзяць да яго, каб памалiцца i, схiлiўшы каленi, прынесцi Панне Марыi свае просьбы, расказаць пра свае клопаты.

ФотА БЕЛТА

Абраз змешчаны ў сярэбранай раме, ён напiсаны алеем у стылi позняга iтальянскага рэнесансу. У цэнтры палатна — Мацi Божая трымае Дзiцятка Езуса. Яго правая рука благаслаўляе вернiкаў, а левай Дзiцятка падае Мацi гранат — сiмвал вечнага жыцця i хрысцiянства. Абраз зараз захоўваецца ў асобным пакойчыку парафiяльнага цэнтра. Там жа знайшлi часовы прыстанак унiкальны алтар XVII стагоддзя, упрыгожаны шматлiкiмi скульптурамi, абразы, кнiгi, маленькi арган i iншае ўбранне.

Цудадзейныя змены, якiя адбывалiся пасля малiтвы перад абразом, пачаў апiсваць настаяцель Элеўтэрый Зеляевiч у сваёй кнiзе «Задыяк на зямлi». Першы цуд зафiксаваны ў 1617 годзе: да 5-гадовага хлопчыка Язафата Тышкевiча, якi пазней стаў вядомым айцом кармелiтам, вярнуўся зрок. Сёння мясцовыя жыхары ўзгадваюць шмат неверагодных гiсторый аздараўлення, якiя адбылiся пасля малiтвы ля абраза. Божая ласка пазбаўляе ад бяздзетнасцi, душэўных хвароб, праблем з алкаголем…

Папскiя кароны

Важная падзея адбылася ў Будславе 2 лiпеня 1998 года: абраз-легенду каранавалi. Гэта стала афiцыйным пацвярджэннем з боку Ватыкана, што абраз з’яўляецца цудатворным. Напрыканцы мiнулага стагоддзя аднавiлiся пiлiгрымкi да святога месца. Будслаўскi фэст стаў сапраўдным святам веры i адраджэння беларускага касцёла. Шлях вернiкаў пад сонцам i дажджом не блiзкi: напрыклад, з Брэста да Будслава пiлiгрымы iдуць 16 дзён. Пераадолеўшы дзясяткi пешых кiламетраў, апошнiя крокi да цуда­творнай iконы iмкнуцца прайсцi на каленях, выказваючы тым самым Мацi Божай асаблiвую пашану. Тры гады назад адметны фэст унеслi ў Спiс культурнай спадчыны ­ЮНЕСКА. Толькi адзiн раз, у мiнулым пандэмiйным годзе, агульнабеларускi фэст давялося адмянiць па зразумелых прычынах.

Велiч вiленскага барока

Багатую гiсторыю мае i сам храм, якi ўключаны ў Дзяржаўны спiс гiсторыка-культурных каштоўнасцей Беларусi. Лiчыцца, што пасяленне Будслаў узнiкла ў першай палове XVI стагоддзя: гэтыя землi былi дараваныя ў 1504 го­дзе вялiкiм князем ВКЛ Аляксандрам Ягелончыкам манахам-бернардзiнцам. Яны для сваiх набажэнстваў пабудавалi тут невялiкую драўляную каплiцу. Iснуе легенда, што адзiн з манахаў ноччу ўбачыў над каплiцай ззянне, а ў iм — выяву Мацi Божай. Менавiта на месцы абвяшчэння ў 1633 годзе ў Будславе быў закладзены храм. Свой сучасны выгляд ён набыў пасля перабудовы ў 1767—1783 гадах.

Будслаўскi касцёл — выдатны ўзор вiленскага барока. Над уваходам у храм размяшчаецца ўнiкальны арган XVIII стагоддзя. У дзень пажару каля iнструмента, якi немагчыма было вынесцi, дзяжурылi ратавальнiкi, закрываючы яго ад небяспекi. Спецыялiсты супакоiлi: арган не пацярпеў ад высокай тэмпературы, вуголле, што падала на яго, было хутка патушана, крытычнага залiцця вадой важных механiзмаў таксама не выявiлi.

Зараз аб тым, што здарылася ў Будслаўскiм касцёле, нагадвае трывожная агароджа i абгарэлыя скляпеннi. Унутры хоць i было дымна, але ўнiкальныя роспiсы полымя не кранула. Захавалася i яшчэ адна славутасць касцёла — чорны разны алтар з пазалочанымi фiгурамi святых Старога Запавету, праект якога, мяркуецца, стварыў iтальянец Джаванi Гiслэнi.

Будслаўская святыня будзе жыць! Пажарныя Мядзельскага, Вiлейскага, Докшыцкага, Астравецкага раёнаў, Мiнска, Мiнскай вобласцi зладжанымi дзеяннямi ўратавалi гiсторыка-культурную каштоўнасць. Пробашч парафii ў Будславе плануе ў блiжэйшы час пачаць перамовы з праекцiроўшчыкамi, якiя падкажуць часовае рашэнне па закрыццi даху.

ДАСЬЕ «НГ»

Галоўная каштоўнасць храма — цудатворны абраз Божай Мацi Будслаўскай. Яе лiчаць заступнiцай i апякункай Беларусi. Звестак пра аўтара iконы, на жаль, не захавалася. Вядома толькi, што абраз быў падараваны ў 1598 го­дзе Папам Рымскiм Клiментам VIII тагачаснаму мiнскаму ваяводзе Яну Пацу. Прыняўшы каталiцкую веру, ён здзейснiў паломнiцтва на Святую зямлю. Падарунак доўгi час знаходзiўся ў асабiстай каплiцы ваяводы, а пасля яго смерцi быў перададзены ў Будслаўскi касцёл. З самага пачатку абраз атрымаў пашану ў людзей. Звесткi пра цуды, якiмi ён адорваў веруючых, хутка разляцелiся далёка па краiне i за яе межы.

НЕЗГАСАЛЬНАЯ ДАПАМОГА

Калi атрымаецца вярнуць касцёлу былую велiч, загадваць не бяруцца. Складаная праца можа заняць не адзiн год. Прычыны ўзгарання пакуль невядомыя. Iх дапаможа выявiць пажарна-тэхнiчная экспертыза, Следчы камiтэт распачаў крымiнальную справу. Прэзiдэнт ужо даручыў распавесцi яму пра вынiкi экспертызы i дапамогу, якая будзе неабходная для аднаўлення.

На бяду таксама адгукнулiся тысячы неабыякавых беларусаў. У Telegram з’явiлася суполка з iнфармацыяй аб неабходнай дапамозе пашкоджанаму касцёлу. Там паведамляецца пра самыя важныя на дадзены момант рэчы: напрыклад, для дэмантажу даху i рэшткаў перакрыццяў шукалi альпiнiстаў i спецыялiстаў з допускам працы на вышынi, каб спускаць унiз бэлькi i рэшткi металiчнага даху. Дарэчы, дах ужо ачысцiлi, прыбралi тэрыторыю вакол храма ад попелу, вуглёў i тэхнiчнага смецця. Кожны можа далучыцца i да матэрыяльнай дапамогi праз ахвяраванне.

hilkok@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter