Рэпартаж: як у Мiнску адкрывалi адноўленую нацыянальную кiнастудыю

Здымае i паказвае «Беларусьфiльм»

Гэтымі днямі з тэрыторыі «Беларусьфільма» сышлі апошнія будаўнікі. Гэта значыць, што васьмігадовая рэканструкцыя нацыянальнай кінастудыі завершана.    Учора па чыстых і акуратных павільёнах і абноўле-ных кабінетах прайшоў міністр культуры. Настрой у Юрыя Бондара быў добры: — Рэканструкцыя дазволіць нам значна нарасціць аб'ёмы фільмавытворчасці ўжо ў наступным годзе. Калі казаць пра нацыянальны пра-дукт, то аб'ём сродкаў, якія выдзяляе Міністэрства культуры, павялічыцца амаль на 80 працэнтаў.  Гэта дазволіць нам стварыць серыю карцін у ігравой, дакументальнай і мультыплікацыйнай формах. Другі напрамак — сумесная вытворчасць з вядучымі кінакампаніямі розных краін. Трэці — прадастаўленне вы-творчых плошчаў для іншых арганізацый. У сувязі з гэтым перад намі стаіць вельмі сур'ёзная задача па стварэнні зразумелых і празрыстых умоў для такіх кінавытворцаў.

Адкрыта новая старонка ў летапісе «Беларусьфільма»

Юрый Паўлавіч выдатна разумее, што сёння мы жывём ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі і выйграе той, хто прапануе больш выгадныя ўмовы: сучасную матэрыяльна-тэхнічную базу, комплекс паслуг па падрыхтоўцы здымак і гэтак далей. Усё гэта праз восем гадоў на кінастудыі з’явілася. Перад намі тры абноўленыя павільёны: спецыяльнае пакрыццё, сучасная гукаізаляцыя, ацяпленне. На іх вельмі вялікія надзеі. Тыя два, што некалькі гадоў таму былі пабудаваныя ў новым корпусе, наогул не пустуюць: іх даўно і на працяглы тэрмін «задрафтавалі» расійскія кіношнікі. У новых па-вільёнах чаргі з жадаючых пакуль няма. Але ўжо вядома, што першай адзін з іх «абновіць» Ані Лорак. Спявачка збіраецца здымаць тут свой новы кліп. Праца абяцае быць грандыёзнай, і для гэтага Ані спатрэбілася сучасная пляцоўка плошчай не менш за тысячу квадратных метраў. Нідзе, акрамя Мінска, у бліжэйшых краінах такіх не аказалася. На другі павільён паклаў вока расійскі рэжысёр Аляксей Мурадаў. Ён тут будзе здымаць фільм пра аварыю на ЧАЭС.

Але гэта ўсё размовы пра грошы. Нацыянальная ж кінастудыя ў першую чаргу павінна займацца вытворчасцю ўласнага кіно. У прын-цыпе, фільмы ў нас здымаюцца. Іншае пытанне, якой яны якасці. І міністр ведае адказ, як яе палепшыць:

— Тут павінна быць тры складальнікі: граматная праца са сцэнарыямі, ацэнка перспектыў пракату, старанны падбор пастановачнай і творчай групы. Гэтыя задачы і павінна вырашаць кіраўніцтва «Беларусьфільма».

Дырэктар кінастудыі Ігар Поршнеў гэта таксама добра разумее. Таму і дбае пра тое, каб вярнуць пад сваё крыло спецыялістаў, якія разбегліся за гады рэканструкцыі. Важны момант — прыцягненне таленавітай моладзі. Дарэчы, тут нават збіраюцца стварыць асобнае творчае аб’яднанне для яе. Першай ластаўкай тварэння моладзі можна назваць кінаальманах «Мы», які быў прадстаўлены на «Лістападзе». Ёй  яшчэ шмат чаму давядзецца вучыцца на практыцы, але галоўнае, што база для гэтага ў яе ёсць. Ёсць і людзі, якія ёй у гэтым дапамогуць.

Сёння «Беларусьфільм» ганарыцца сваёй сучаснай матэрыяльна-тэхнічнай базай

Гаворка пра мастацкага кіраў-ніка кінастудыі Вячаслава Нікіфарава. Вядомы рэжысёр пасля працяглай паўзы зняў на родным «Беларусьфільме» сямейны фільм «Тум-Пабі-Дум». Яго прэм’ера сабрала поўную залу кінатэатра «Масква». Як заўважыў Юрый Бондар, гэта недарагая карціна не насычана спецэфектамі, і яна не можа сёння цягацца з амерыканскімі блокбастарамі хоць бы таму, што несупастаўляльны аб’ём выдаткаў. Галоўнае — фільм прысвечаны вечным чалавечым каштоўнасцям, і гэта знаходзіць водгук у сэрцах нашых людзей. Менавіта такім шляхам кінастудыя і пойдзе ў будучым.

Фільм «Тум-Пабі-Дум» — першая ластаўка абноўленай кінастудыі.
Фота Яўгена КОЛЧАВА

Пакуль незразумела, ці будзем мы ганарыцца якасцю нашага кіно, але планы па колькасці ўражваюць. Зараз у вытворчасці ў рознай ступені гатоўнасці знаходзіцца восем ігравых фільмаў. На наступны год запланаваны запуск яшчэ васьмі. Плюс яшчэ дакументалістыка і анімацыя. Наогул сённяшнія магутнасці кінастудыі дазваляюць вырабляць пятнаццаць ігравых карцін. Ці здарыцца гэта ў бліжэйшыя гады, невядома. Але светлая будучыня «Беларусьфільма» многім бачыцца ў «залатой сярэдзіне» паміж заробленымі грашыма ад здачы ў арэнду павільёнаў і здымкамі якасных беларускіх фільмаў. У любым выпадку новая старонка ў летапісе «Беларусьфільма» адкрыта.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter