Здраўнiца з вiдам на возера

У Шчучынскiм раёне нямала маляўнiчых мясцiн, асаблiва за вёскай Бершты, дзе раскiнуўся вялiзны абшар лесу

У Шчучынскiм раёне нямала маляўнiчых мясцiн, асаблiва за вёскай Бершты, дзе раскiнуўся вялiзны абшар лесу. Яго падперазала цудоўнае блакiтнае возера. Менавiта таму ПУП “Гаспрамгандаль” мясцовага райспажыўтаварыства вырашыла адкрыць комплекс гасцiнiч-ных паслуг i тым самым прыцягнуць адпачывальнiкаў не толькi са свайго раёна, вобласцi i рэспублiкi, але i з блiзкага i далёкага замежжа. А тут  яшчэ з’явiўся i шанец. Вызвалiлася двухпавярховае памяшканне былой бальнiцы. Яго райвыканкам аддаў бязвыплатна ПУП “Гаспрамгандаль”.

З таго часу прайшоў год. Што ўжо ўдалося зрабiць i якiя планы на будучыню? На гэтае пытанне адказвае Юрый Вярцiнскi, дырэктар ПУП “Гаспрамгандаль” Шчучынскага райспажыўтаварыства:

— За 4—5 месяцаў мы разлiчваем зрабiць праектна-каштарысную дакументацыю па рэстаўрацыi комплексу. У наступным годзе знойдзем падрадчыка i прыступiм да работы. Плануецца ўвесцi ў строй лазню, бар-кафэ. Можна будзе згуляць у бiльярд, тэнiс.

У перспектыве купiм лыжы, канькi. У зiмовы час можна будзе заняцца i гэтымi вiдамi спорту.

Каля возера ёсць вялiкая пляцоўка. З яе можа атрымацца прыгожы пляж. Праўда, цяпер яна загрувашчана. Яе трэба ачысцiць i прывесцi ў парадак. Думаецца, што тут нам дапаможа iнспекцыя прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяроддзя. А мы зробiм i шэзлонгi.

Не застанецца ў баку ад праблем i прафкам райспажыўтаварыства. Вось што гаворыць яго старшыня Мiкалай Бузюк:

— Нашы людзi часам за работай забываюцца пра адпачынак i зда-роўе. I калi нам прапанавалi стварыць на базе былой бальнiцы зону адпачынку, то гэтую iдэю мы адразу падхапiлi. У нас жа працуюць больш за тысячу чалавек. Вось i трэба iх аздараўляць, каб як мага радзей траплялi ў бальнiцы.

Вядома, не ўсё яшчэ атрымлiваецца. Не хапае i сродкаў. Аднак стараемся, каб гэты маляўнiчы куточак стаў жаданым i прыцягальным для нашых работнiкаў i гасцей.

Улiчваючы, што Бершты з’яўляюцца пагранiчнай зонай, цяпер прыток людзей стрымлiваецца прапускной сiстэмай. Але з 2009 года пропускi стануць непатрэбныя. Дастаткова будзе толькi пасведчання асобы.

Думаю, што ў нас з’явiцца магчымасць выдзелiць для лепшых сваiх працаўнiкоў бясплатныя пуцёўкi. Яны гэтага заслугоўваюць.

Лiчу, што на сённяшнi дзень галоўнай задачай з’яўляецца аздараўленне дзяцей. Цяпер такую магчымасць iм дае толькi аграпрамысловы комплекс, якi мае свой лагер “Касмадром”. Калi ж правядзём рэканструкцыю комплексу, то i ў нас дзецi змогуць добра адпачываць i загартоўвацца.

Хаця комплекс яшчэ не набыў належнага камфорту i зручнасцей, людзi ўжо едуць сюды са Шчучынскага i iншых раёнаў. Аб тым, колькi было адпачывальнiкаў i цi спадабалiся iм Бершты, расказвае камендант комплексу Жанна Стасевiч:

— Сапраўды, месца тут маляўнiчае. Купiць сабе сядзiбу няпроста. Нават звычайны драўляны дом каштуе каля 30 мiльёнаў рублёў.

Цяпер у нас налiчваецца пяць пакояў. У кожным з iх ёсць печка для абагрэву ў зiмовы час. Устаноўлены 16 ложкаў. Для паслуг адпачывальнiкаў    тэлевiзары, халадзiльнiкi, сталы, крэслы, шафы. Падлога заслана дарожкамi i дыванамi.

У блiжэйшай будучынi плануецца мець сем пакояў. Восьмы абсталюем пад люкс. Будуць гульнявы пакой, зала для банкету, кухня.

Нядаўна ў нас адзначалi дзень нараджэння. Жыхару абласнога цэнтра споўнiлася 45 гадоў.

Быў упрыгожаны пакой. На сценах размясцiлi розныя плакаты, мiшуру. Атрымалася сапраўднае свята.

Наведвалi нас праграмiсты з “Белаграпрамбанка”. Яны прыехалi са сваёй музыкай, палаткай. Была заказана лазня. Начавалi ў доме, у палатцы. Усiм было добра.

Адпачывальнiкi купаюцца, ловяць рыбу, збiраюць грыбы. Кожны выбiрае сабе занятак па густу.

У Гродзенскiм раёне ёсць цудоўныя мясцiны, якiя называюцца “Азёры”. Там сапраўды шмат азёр. Ёсць дзе адпачыць. Але адтуль людзi прыехалi ў Бершты. Яны растлумачылi гэта тым, што хочуць нейкай  навiзны, новых адчуванняў, разнастайнасцi жыцця.

Да нас прыязджалi сустракаць Новы год мiнчане. Яны прабылi чатыры днi i засталiся задаволенымi.

Адпачывалi ў Берштах i лiтоўцы. Яны паабяцалi прыехаць яшчэ.

Канешне, нявырашаных пытанняў яшчэ шмат, але ж, як кажуць, не адразу Масква будавалася. Думаецца, што ўсё тут атрымаецца. I гэты маляўнiчы куточак парадуе многiх.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter